Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якім парадзе будзе Лукашэнка — у Маскве ці ў Менску?


Лукашэнка на парадзе ў Менску, 3.07.2009

Лукашэнка на парадзе ў Менску, 3.07.2009

У прэзыдэнцкай прэсавай службе пакуль не пацьвярджаюць удзел кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў парадзе 9 траўня ў Маскве.

«Мы яшчэ не пацьвярджаем дакладна інфармацыю, бо плянуецца, што травень будзе насычаным месяцам. І ў дадзены момант графік яшчэ фармуецца. Прапанова і запрашэньне нам паступіла. Але дакладна і афіцыйна пацьвердзіць гэтую інфармацыю я не магу», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар беларускага прэзыдэнта Натальля Эйсмант.

Калі Лукашэнка паедзе ў Маскву, то парад у Менску 9 траўня адбудзецца безь яго? На гэтае пытаньне Натальля Эйсмант адказала так:

«Натуральна, мы ўлічваем усе гэтыя фактары. І менавіта такім чынам фармуем графік прэзыдэнта, каб усе гэтыя фактары, у тым ліку той, які вы назвалі, улічыць. Таму ўжо бліжэйшым часам мы зможам пра ўсё афіцыйна паведаміць, калі будзе прынятае рашэньне канчатковае па ўсіх гэтых пытаньнях».

Раней расейскія СМІ паведамілі, што Лукашэнка пагадзіўся адзначыць 70-годзьдзе перамогі ў Маскве. Пра папярэднюю згоду заявіў памочнік расейскага прэзыдэнта Юры Ўшакоў, перадае ТАСС.

Газэта «Аргументы и факты» ўжо называе Лукашэнку першым у сьпісе тых, хто прыедзе на парад у Маскву, спасылаючыся на крыніцу, якая займаецца арганізацыяй візытаў замежных лідэраў у Расею на 9 траўня.

Тым часам шэраг кіраўнікоў краін ужо адмовіліся ад удзелу ў парадзе 9 траўня ў Маскве. Сярод іх канцлер ФРГ Ангела Мэркель, прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран, прэзыдэнт ЗША Барак Абама, кіраўнік Рады ЭЗ Дональд Туск.

«Запрашэньне я атрымаў. Не паеду. Прысутнасьць на вайсковым парадзе побач зь цяперашнімі агрэсарамі і чалавекам, які ўжывае зброю супраць цывільнага насельніцтва ва ўсходняй Украіне, была б для мяне — мякка кажучы — занадта двухсэнсоўная», — заявіў журналістам Дональд Туск.

У Менску таксама рыхтуецца парад на 9 траўня. Гэта пацьвердзілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе Міністэрства абароны. Таксама там сказалі, што расейскія вайскоўцы возьмуць удзел у парадзе ў Менску, а беларускія — у Маскве.

У 2010 годзе Аляксандар Лукашэнка ня браў удзелу ў парадзе 9 траўня ў Маскве з нагоды 65-й гадавіны Перамогі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG