Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бабруйск: Звальненьні сяброў Свабоднага прафсаюзу з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў працягваюцца


Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў

Двое сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага з Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў атрымалі паведамленьні, што зь імі ня будуць падаўжаць працоўныя адносіны.

Мікалай Жыбуль адпрацаваў на заводзе амаль трыццаць гадоў. Нараканьняў на працу, як ён кажа, не было. Да пэнсіі яму крыху больш за два гады. Тэрмін дзеяньня працоўнага кантракту сканчаецца празь месяц. Паведамленьне, што працоўныя адносіны працягваць адміністрацыя не зьбіраецца, Мікалай ужо атрымаў.

«Нас усіх звальняюць, — зазначае ён, — за тое, што мы ў заводзкай суполцы Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

Адміністрацыя заводу фармальна мае права звольніць любога без тлумачэньня прычынаў па сканчэньні тэрміну дзеяньня працоўнага кантракту. Гэта іхнае права — заключыць кантракт ці не. Калі б гады два таму я выйшаў са Свабоднага прафсаюзу, то, можа, і застаўся б на заводзе. Цяпер жа гэтае пытаньне дужа коўзкае, але думаю, што мяне б не пакінулі на прадпрыемстве. Я напісаў ліст на імя дырэктара прадпрыемства, што хацеў бы працаваць на заводзе. Цяпер чакаю адказу. Вось куды мне цяпер падзецца? Каму я патрэбны перад пэнсіяй?»

Паводле Мікалая Жыбуля, калектыў спагадае яму, але адкрыта заступацца за яго ня будзе:

Калі нехта наважыцца нешта сказаць насуперак, то яму скажуць: „У цябе ж таксама кантракт сканчаецца“

«Грамадзтва ў нас запалоханае. Усе баяцца. Яны ў любы момант могуць апынуцца ў той жа сытуацыі, што і я. Калі нехта наважыцца нешта сказаць насуперак, то яму скажуць: „У цябе ж таксама кантракт сканчаецца“, таму нічога зрабіць яны ня могуць», — выказваецца Мікалай Жыбуль.

Атрымаў паведамленьне пра хуткае звальненьне і Алег Шаўчэнка. Яму да пэнсіі чатыры гады. На заводзе адпрацаваў 15 гадоў. Ён называе тую ж прычыну звальненьня, што і ягоны калега Мікалай Жыбуль, — сяброўства ў Свабодным прафсаюзе Беларускім.

«Калі ёсьць арганізацыя на заводзе, якая не дае моцна прыціснуць працоўных, куды зьвяртаюцца па дапамогу нават сябры іншага, дзяржаўнага прафсаюзу, — дык зразумела, што такі прафсаюз ня можа нікога з кіраўніцтва прадпрыемства задавальняць. Нас не дае наш Свабодны прафсаюз крыўдзіць. Калі трэба, то судзіцца за нас. Суды выйграюцца. Людзі ведаюць, куды зьвярнуцца па параду. Адміністрацыя ж тлумачыць наша звальненьне тым, што ў іх ідзе аптымізацыя кадраў, таму кантракт сканчаецца — мы свабодныя», — даводзіць Алег Шаўчэнка.

Што да іншай працы пасьля разьліку на заводзе, Алег Шаўчэнка перакананы, што яе знойдзе. «З такім заробкам, як на заводзе, працу я знайду, — кажа ён. — Мо і не такую добрую, але бяз працы не застануся. На гэты конт я асабліва не перажываю».

Звальняюць найлепшых спэцыялістаў на шкоду вытворчасьці толькі за тое, што яны сябры Свабоднага прафсаюзу

Старшыня заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў заяўляе, што неўзабаве сябры прафсаюзу зьвернуцца з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Кавалькова, на прадпрыемстве чыніцца беззаконьне і кіраўнік дзяржавы павінен пра гэта ведаць.

«Звальняюць найлепшых спэцыялістаў на шкоду вытворчасьці толькі за тое, што яны сябры Свабоднага прафсаюзу. Ці павінна так адбывацца, пагатоў у год прэзыдэнцкіх выбараў?»

Міхаіл Кавалькоў настойвае, што адміністрацыя заводу парушае Закон аб прафсаюзах, нормы беларускай Канстытуцыі і працоўнага заканадаўства. Кіраўніцтва прадпрыемства, заяўляе Кавалькоў, не выконвае і пастановаў судоў і пракуратуры.

Сёлета пры канцы верасьня з заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольнілі прафсаюзьнікаў Аляксандра Варанкіна і Аляксандра Грамыку. Яны ўдзельнічалі ў сакавіку ў галадоўцы пратэсту супраць дыскрымінацыі на прадпрыемстве працаўнікоў паводле прафсаюзнай прыналежнасьці. Абодва адпрацавалі больш за дзесяць гадоў і лічыся высокакваліфікаванымі наладчыкамі.

XS
SM
MD
LG