Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыкевіч: Нейкія зьмены ў ФПБ надзвычай малаімаверныя


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Што азначае раптоўная адстаўка са сваёй пасады кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка? Ці могуць у выніку кадравых перастановак адбыцца нейкія зьмены ў ролі і задачах гэтай структуры? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.

— Адстаўка Леаніда Козіка была абстаўлена пэўнымі таямнічымі акалічнасьцямі, і нават цяпер ФПБ не дае ніякіх падрабязнасьцяў. Якія падводныя плыні могуць крыцца за гэтай адстаўкай? Што магло выклікаць сыход Козіка з гэтай пасады?

— «Камяні» могуць быць якія заўгодна. Як ні дзіўна, ФПБ у нас амаль як КДБ па ступені непразрыстасьці. Нібыта грамадзкая арганізацыя, нібыта ўсё больш-менш павінна быць зразумела. Але калі журналісты пачалі тэлефанаваць у Фэдэрацыю, ім ніхто не адказваў, у лепшым выпадку абвяргалі. Празь дзень пацьвярджаецца, што Козік пайшоў у адстаўку.

Здавалася б, у чым праблема? Кіраўнік буйной грамадзкай арганізацыі спакойна сыходзіць — ну дык паведаміце ўсім, што за таямнічасьць? Але ж не, ствараецца нейкі загадкавы арэол, якія нараджае падставы для самых розных вэрсіяў. Мне асабіста ня хочацца займацца ніякімі інсынуацыямі, у тым ліку таму, што з Козікам мяне зьвязвае маё звальненьне з рэдакцыі газэты «Беларускі час». Аднак выглядае ўсё гэта дзіўна і, на мой погляд, ня вельмі прыстойна.

— Ці могуць пасьля кадравых зьменаў адбыцца пэўныя зьмены і ў функцыях і ролі ФПБ? Можа, улады захочуць больш актыўных дзеяньняў ад ФПБ напярэдадні выбараў?

— Я думаю, нейкія зьмены надзвычай малаімаверныя. Бо ўлады тыя мэханізмы, якія добра працуюць, лічыць за лепшае не чапаць. І сапраўды, навошта ім рабіць ФПБ больш актыўным? Раптам нехта ня так зразумее — і сапраўды пачнуць бараніць правы працоўных?

Таму проста адзін функцыянэр будзе заменены на іншага. Тэарэтычна той можа стаць больш актыўным у інфармацыйным полі. Але сутнасна ў дзейнасьці Фэдэрацыі мала што можа зьмяніцца.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG