Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнены актывіст: Іншыя наймальнікі, спадзяюся, ня будуць глядзець, у якім я прафсаюзе, а будуць глядзець на мае рукі


Двое сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага звольненыя з бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Наладчыкі Аляксандар Варанкін і Аляксандар Грамыка заяўляюць, што адміністрацыя прадпрыемства не працягнула зь імі кантрактаў. Абодва адпрацавалі на заводзе больш за дзесяць гадоў і лічыліся высокакваліфікаванымі спэцыялістамі.

Аляксандар Варанкін аддаў заводу больш за шаснаццаць гадоў. Прэтэнзіяў да працы, сьцьвярджае, не было. Сёлета ён браў удзел у трохдзённай галадоўцы пратэсту супраць дыскрымінацыі працаўнікоў заводу паводле прафсаюзнай прыналежнасьці.

Як сьцьвярджае актывіст, апошнія пяць гадоў на заводзе ідзе барацьба зь сябрамі Свабоднага прафсаюзу, і ён стаў чарговай яе ахвярай. Аляксандар Варанкін заяўляе:

«Гэта адзіная арганізацыя на заводзе, якая змагаецца за правы працоўных — за павышэньне заработнай платы, напрыклад. Нявыплаты прэміяў у нас былі. Мы зьвярталіся ў суд. Выйгралі справу, і тады яшчэ большы ціск пачаўся на нас».

«Калі расфармаваць гэты прафсаюз, — даводзіць актывіст, — то людзей будуць звальняць наагул без усялякіх прычын. Прафсаюз павінен існаваць і быць незалежнай арганізацыяй. Я спадзяюся, што людзі ў яго будуць уступаць і змагацца за свае правы».

Аляксандар Варанкін ужо забраў працоўную кніжку і шукае новае месца працы. Не сумняваецца, што знойдзе.

«Іншыя наймальнікі, я спадзяюся, разумныя і ня будуць глядзець, у якім я прафсаюзе, а будуць глядзець на мае рукі. Калі я спэцыяліст добры, то яны мяне возьмуць», — лічыць прафсаюзны актывіст.

Аляксандру Грамыку 52 гады. Заводу ён аддаў больш за трынаццаць гадоў. Кажа, што яго ўжо запрашаюць працаваць на іншыя прадпрыемствы гораду. Пра прычыны свайго звальненьня кажа:

«Гэта ўціск Свабоднага прафсаюзу. Мы праводзілі галадоўку пратэсту, таму і звальняюць. А яшчэ дамагаліся падвышэньня заробку. Паўтаруся — гэта ўціск Свабоднага прафсаюзу»

Атрымаць камэнтар у кіраўніцтва заводу не ўдалося. Дырэктар прадпрыемства адмовіўся гутарыць праз тэлефон пра звальненьне Варанкіна і Грамыкі.

Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

Як сьцьвярджае старшыня заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў, супраць звальненьня Варанкіна і Грамыкі выступіла кіраўніцтва цэху, у якім яны працавалі. Аднак адміністрацыя прадпрыемства вырашыла іначай. На думку прафсаюзнага лідэра, такое рашэньне шкодзіць вытворчым патрэбам:

«Тут жа насамрэч ідзе звальненьне найлепшых спэцыялістаў заводу. Адназначна выконваецца распараджэньне дырэктара: „Звольніць усіх сяброў Свабоднага прафсаюзу, нягледзячы на іхныя заслугі, кваліфікацыі, сямейнае становішча“. Гэта самае сапраўднае самадурства», — заяўляе Міхаіл Кавалькоў.

Паводле Кавалькова, колькасьць сяброў заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага за тры апошнія гады зьменшылася больш як напалову. Бальшыня перайшла ў афіцыйны прафсаюз. Фармальная прычына, каб звольніць тых, хто застаўся ў незалежным прафсаюзе, — непадаўжэньне працоўнага кантракту. Паводле беларускага заканадаўства наймальнік не абавязаны нават называць прычыну звальненьня.

Міхаіл Кавалькоў настойвае, што адміністрацыя бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў парушае Закон аб прафсаюзах, нормы беларускай Канстытуцыі і працоўнага заканадаўства. Кіраўніцтва заводу, заяўляе Кавалькоў, не выконвае і пастановы судоў і пракуратуры.

Колькасьць прафсаюзьнікаў, звольненых з бабруйскага прадпрыемства за гэты год, набліжаецца да дзесяці.

XS
SM
MD
LG