Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўводзіць свой гуманітарны канвой без дазволу ўладаў Украіны


МЗС Расеі заяўляе, што канвой гуманітарнай дапамогі пачынае рухацца ў бок украінскага гораду Луганску пасьля тыдня чаканьня на мяжы для афармленьня на ўезд ва Ўкраіну.

Па рашэньні расейскага боку калёна з гуманітарнай дапамогай для жыхароў усходу Ўкраіны пачынае рух у бок Луганска. Усе зачэпкі для адцягваньня дастаўкі дапамогі з боку Кіева — вычарпаныя, заявіла Міністэрства замежных спраў Расеі.

«Вылучэньне ўсё новых штучных патрабаваньняў і адгаворак ужо стала зьдзеклівым», — гаворыцца ў заяве, разьмешчанай на сайце МЗС Расеі.

У Маскве перасьцерагаюць ад якіх-небудзь спробаў сарваць гуманітарную місію, якая рыхтавалася даўно ва ўзаемадзеяньні з украінскім бокам і Міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа (МКЧК).

Раней сёньня паступалі паведамленьні, што калёна ня можа пайсьці ад расейска-ўкраінскай мяжы ў Луганскую вобласьць. Прадстаўнікі МКЧК патрабуюць гарантыяў бясьпекі для сваіх супрацоўнікаў ад усіх бакоў, якія былі задзейнічаныя ў канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.

Украіна ўжо выказала занепакоенасьць, што канвой можа быць выкарыстаны для забесьпячэньня паўстанцаў зброяй. Расея перасьцерагае ад любых спробаў «падрыву гуманітарнай місіі.» AP паведамляе, што першыя грузавікі ўвайшлі ва Ўкраіну разам прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа.

Агенцтва Ройтэрс паведаміла, што мяжу перасеклі ўжо каля 70 грузавікоў, і што іх суправаджае невялікая колькасьць прарасейскіх ваяўнікоў.

Паводле дасягнутай раней дамоўленасьці паміж Украінай, Расеяй і МКЧК машыны з гуманітарным грузам павінны былі ехаць да Луганску без прыпынкаў. Учора грузавікі пачалі перасякаць расейска-ўкраінскую мяжу.

Калёна з 280 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай для жыхароў Данбаса адправілася на Ўкраіну з падмаскоўнага Нара-Фамінска 12 жніўня. Праз два дні гуманітарны канвой дасягнуў мяжы.

XS
SM
MD
LG