Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуманітарны канвой з Расеі будзе праходзіць ва Ўкраіну партыямі ў суправаджэньні Чырвонага Крыжа


Гуманітарны груз у белых Камазах з Расеі мае паступаць у міжнародны пункт пропуску «Ізварына-Данецк» партыямі па 30 транспартных сродкаў і рухацца далей толькі ў суправаджэньні афіцыйных прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа.

Пра гэта паведамляе на сваёй старонцы ў Фэйсбук кіраўнік падатковай службы Ўкраіны Анатоль Макаранка. Макаранка таксама сьцвярджае, што канвой будзе дапушчаны на тэрыторыю Ўкраіны толькі пасьля праходжаньня ўсіх этапаў памежна-мытнага кантролю. «Мы чакаем заўтра афіцыйных прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа для правядзеньня неабходных мытных працэдур», — гаворыцца ў паведамленьні Анатоля Макаранкі.

Экспэрты АБСЭ зьдзейсьняць агляд зьмесьціва расейскага гуманітарнага канвою «магчыма, у панядзелак ці ў аўторак».

Пра гэта ў камэнтары інфармагенцтву AFP у нядзелю, 17 жніўня, паведаміў прадстаўнік АБСЭ Поль Рыкар.

Афіцыйны ўпаўнаважаны Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа па кантактах з Расеяй Паскаль Кюта заявіў, што «агулам» агледзеў расейскі канвой, але дэталёвая інспэкцыя яшчэ не пачалася.

Міністар сацыяльныя палітыкі Ўкраіны Людзьміла Дзянісава 16 жніўня падпісала ўказ пра прызнаньне канвою гуманітарнай дапамогай. Пра гэта паведаміў дэпартамэнт інфармацыі і камунікацый з грамадзкасьцью сакратарыяту ўраду Ўкраіны. 16 з 300 расейскіх грузавікоў, якія спыніліся ў Каменск-Шахцінску Расейскай Фэдэрацыі, 17 жніўня рушылі да прапускнога пункта «Данецк» на мяжы з Украінай. Як выявілі журналісты заходніх СМІ, машыны з гуманітарнай дапамогай ідуць напалову парожнімі.

XS
SM
MD
LG