Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуманітарны канвой спыніўся на расейска-украінскай мяжы


Украінская мытня ня можа пачаць афармленьне, бо памежнікі не атрымалі неабходнай дакумэнтацыі.

Пра гэта паведамляе ВВС са спасылкай на сьпікера інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэя Лысенку.

«Чатыры грузавікі знаходзяцца ў транзытнай зоне пункта пропуску „Данецк“. Праверка грузу ўкраінскімі памежнікамі і мытнікамі можа пачацца не раней чацьвярга, бо імі да гэтага часу не атрымана адпаведнай дакумэнтацыі», — сказаў Лысенка.

Адзін з расейскіх памежнікаў пры гэтым паведаміў, што машыны праходзяць мытныя фармальнасьці з боку Растоўскай вобласьці.

Журналіст New York Times Эндру Рот паведаміў у «Твітэры», што першыя грузавікі ўжо прайшлі расейскую мяжу.

Як адзначае рэпарцёр польскага тэлеканала TVN24 Войцех Баяноўскі, ня менш за 16 Камазаў на КПП атрымалі блаславеньне расейскіх сьвятароў.

«Украінскі бок неадкладна пачне адпаведную працу, як толькі атрымае канчатковае пацьверджаньне ад Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа пра гатоўнасьць даставіць груз да месца прызначэньня», — адзначана ў заяве МЗС Украіны.

Усяго праз КПП «Данецк» плянуюць прайсьці 270 грузавікоў.

Афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа Галіна Бальзамава сказала, што дагляд грузавікоў ня робіцца, паколькі бакі ўсё яшчэ абмяркоўваюць дэталі праходжаньня калёны з грузам празь мяжу.

Ва ўкраінскім МЗС лічаць, што сэпаратысты і Расея павінны гарантаваць Чырвонаму Крыжу бясьпеку пэрсаналу і грузу.

XS
SM
MD
LG