Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камазы расейскага гуманітарнага канвою запоўненыя на чвэрць


Расейскі канвой з гуманітарнай дапамогай для жыхароў Данбаса спыніўся ў Растоўскай вобласьці, за 25 кілямэтрах ад мяжы з Украінай.

Міжнародны Чырвоны Крыж кажа, што ўсталяваў кантакт з канвоем на тэрыторыі Расеі і спрабуе атрымаць поўную інфармацыю пра зьмест грузу амаль трох сотняў грузавых аўтамабіляў, якія вось ужо некалькі дзён рухаюцца ў бок Украіны.

Украіна гатовая ўпусьціць калёну расейскіх грузавікоў, але толькі пад эгідай Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа. Кіеў, Харкаў і Днепрапятроўск між тым выслалі ўкраінскія калёны з гуманітарнай дапамогай для жыхароў Данбаса, якія пакутуюць ад баявых дзеяньняў.

Расейскі канвой цяпер у Каменск-Шахцінскім Растоўскай вобласьці. Да бліжэйшага памежнага пункта Ізварын, — а ён пад кантролем сэпаратыстаў, — каля 25-30 кілямэтраў. Гэта значыць, што маршрут расейцы выбралі такі: Ізварын, Краснадон, Маладагвардзейск, Луганск. Уся тэрыторыя з украінскага боку пад кантролем сэпаратыстаў.

Прадстаўнікі Чырвонага Крыжа ўсталявалі першасны кантакт з расейскім «гуманітарным канвоем».

«Мы яшчэ чакаем больш дакладнай інфармацыі пра зьмест гэтых грузавікоў. Без такога дэталёвага дакумэнта мы проста ня можам дзейнічаць», — заявіў каардынатар па сувязях з грамадзкасьцю Чырвонага Крыжа ва Ўкраіне Андрэ Лоерш.

Ня выключана, што расейскі канвой, які выйшаў з Падмаскоўя ў аўторак, можа застацца ў Каменск-Шахцінскім аж да 17 жніўня.

Між тым у сьвеце нарастае занепакоенасьць адсутнасьцю поўнай інфармацыі пра зьмест канвою зь 280 Камазаў, пафарбаваных у белы колер.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнта ЗША Мэры Харф заявіла:

«Мы ня ведаем, што ў гэтых грузавіках і, вядома, у нас ёсьць пэўная занепакоенасьць. Але хачу адзначыць, што нішто ня можа адбывацца без дазволу ўкраінскага ўрада і за ім апошняе слова адносна ўмоў дастаўкі гэтага грузу. Таму любая дапамога з Расеі павінна быць размытненая і павінна перайсьці пад кантроль Чырвонага Крыжа пасьля ўезду ва Ўкраіну».

Бэжавыя шорты і няпоўныя кантэйнеры

У Twitter зьявіліся фатаграфіі, зробленыя заходнімі журналістамі ў Растоўскай вобласьці. Кіроўцы гэтых грузавікоў апранутыя ў бэжавыя футболкі, шорты і кепкі — нібы ўніформа! Некаторыя выданьні пішуць са спасылкай на кіроўцаў расейскага канвою, што ім абяцалі добра заплаціць, але суму яны не называюць.

Таксама зьявіліся фота адчыненага кантэйнэра аднаго з расейскіх Камазаў. Белымі мяшкамі з нібыта грэчкай, спальнымі мяшкамі і абсталяваньнем ён запоўнены на чвэрць. Магчыма, Расея хацела ўразіць колькасьцю грузавікоў. Грузу ў кожнай аўтамашыне ня так ужо і шмат, але агульная колькасьць аўтамабіляў ўражвае — амаль тры сотні.

Ясна ўжо, што канвой у выпадку ўваходжаньня ва Ўкраіну, заедзе на тэрыторыю, якая не кантралюецца ўкраінскімі войскамі. Участак мяжы пад кантролем сэпаратыстаў — каля 80 кілямэтраў.

«У выпадку, калі будуць прынятыя рашэньні завозіць гуманітарную дапамогу праз ўчастак мяжы, якую часова кантралююць тэрарысты, груз ўсё роўна павінен быць агледжаны ўкраінскімі памежнікамі і перададзены прадстаўнікам Чырвонага Крыжа. Але ўсю адказнасьць за бясьпеку гэтага грузу будзе несьці Расея, якая кантралюе ўзброеных ёю ж наймітаў», — заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка.

Украіна шле на Данбас свае грузавікі з дапамогай

У чацьвер на Данбас ў раён Старабельска адправіліся ўкраінскія грузавікі з гуманітарнай місіяй: 19 грузавікоў з Кіева, 26 з Харкава і 21 з — Днепрапятроўска. Машыны вязуць крупы, муку, хлеб, лекі, пітную ваду, прадметы асабістай гігіены і туалетную паперу. Агульная вага ўкраінскага гуманітарнага грузу складае 800 тон.

Пра зьмест расейскага канвою вядома, што ў ім нібыта 700 тон вады і 30 тон солі.

Міністар інфраструктуры Ўкраіны Максім Бурбак зьдзівіўся вялікім аб’ёмам вады:

«З тэрыторыі іншай дзяржавы ўвозяць ваду і соль ва Ўкраіну ... Дык можа ім сказаць, што Ўкраіна — не пустыня, тут вада ня трэба».

Спыніць нельга ўпусціць

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Валерый Чалы заявіў, што Кіеў павінен дзейнічаць вельмі асьцярожна, маючы справу з расейскім канвоем. Ён зьвярнуў увагу, што само паняцьце «канвой» — ваеннага характару. Расея як раз кажа пра канвой, а Ўкраіна сваю дапамогу называе гуманітарнай місіяй.

«Скажу шчыра, вельмі многія краіны цяпер раяць нам знайсьці спосаб, каб не падставіцца ў гэтай сытуацыі. Яны лічаць, што гэта — пастка. І калі Ўкраіна закрые ўезд любой дапамогі, то тады з гэтай пасткі пачнецца поўнамаштабны канфлікт. Тады гэтая дапамога — ці што там будзе — увойдзе зусім па-іншаму: так званымі міратворцамі і ўзброеным канвоем», — сказаў Чалы «5 каналу».

МЗС Расеі ў чацьвер увечары выступіў з заявай, у якой патрабуе спыніць баявыя дзеяньні на Данбасе, для «забесьпячэньня бясьпекі» дастаўкі гуманітарнай дапамогі.

"МЗС Расеі настойліва заклікае бакі тэрмінова забясьпечыць увядзеньне рэжыму спыненьня агню«,— гаворыцца ў заяве МЗС Расеі.

Таксама МЗС Расеі паведаміў пра размову міністра Сяргея Лаўрова з кіраўніком ўкраінскага зьнешнепалітычнага ведамства Паўлам Клімкіным, падчас якой «абмяркоўваліся практычныя аспэкты больш хуткай рэалізацыі ініцыятывы па аказаньні гуманітарнай дапамогі ... Канстатавана, што асаблівае значэньне цяпер набывае задача надзейнага забесьпячэньня бясьпекі будучай гуманітарнай акцыі».

У сваю чаргу Клімкін ў сваім Twitter, распавёў пра «сыгнал Лаўрову».

«Сігнал Лаўрову такі: РФ нясе адказнасьць за тое, што тэрарысты ня будуць арганізоўваць правакацыі супраць украінскіх і замежных, у тым ліку расейскіх, грузаў», — напісаў міністр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG