Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны: ад 10 да 20 тысяч зьняволеных могуць заключыць кантракт на службу ў войску


Міністар юстыцыі Ўкраіны Дзяніс Малюська. Архіўнае фота
Міністар юстыцыі Ўкраіны Дзяніс Малюська. Архіўнае фота

Ва Ўкраіне патлумачылі розьніцу ў прызыве асуджаных у войска з аналягічнымі падыходамі ў расейскіх ПВК.

Міністар юстыцыі Ўкраіны Дзяніс Малюська заявіў, што на службу ва ўкраінскім войску могуць прэтэндаваць ад 10 да 20 тысяч зьняволеных і асуджаных грамадзян Украіны.

«Так, дзесяць-дваццаць тысяч. Дакладна ня больш. Але, зноў жа, пытаньне ў падыходах. Я называю лічбы абсалютна не пралічаныя, таму што залежна ад кожнага сцэнару колькасьць будзе рознай», — сказаў Дзяніс Малюська ў інтэрвію выданьню ВВС Україна.

Украінскі міністар мяркуе, што прызыў зьняволеных і асуджаных у войска хоць і выклікае пэўныя паралелі з схемай фармаваньня асабовага складу расейскіх прыватных кампаній, мае зусім іншы падыход.

«Безумоўна, паралель існуе. Ня варта падманваць сябе, але ўсё ж вядзецца пра розьніцу ў падыходах. У іх гэта была прымусовая мабілізацыя, у іх усіх прымусілі ісьці, у іх нікога не рыхтавалі, без падрыхтоўкі гэта было большай часткай проста «мяса», — дадаў Дзяніс Малюська.

Паводле яго, украінскія зьняволеныя і асуджаныя будуць заключаць кантракт на службу ва Ўзброеных сілах Украіны.

«Кантракт — гэта згода, гэта юрыдычныя мэханізмы, ня проста завэрбавалі, выпусьцілі, потым ня ведаюць, што зрабіць. Гэта ацэнка рызык кожнага суб’екта, які выходзіць. Карацей кажучы, гэта як браць, ня ведаю, вялікі футбол недзе на нейкім чэмпіянаце пад эгідай UEFA і нешта вулічнае, дзе, калі каманда, якая прайграе, незадаволеная — яна пачынае кідацца каменьнем. Ну то бок аналёгіі ёсьць. І тое, і тое — тыпу футбол, але правілы гульні трохі іншыя», — падкрэсьліў міністар юстыцыі Ўкраіны.

8 траўня Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла закон пра мабілізацыю асуджаных.

Закон прадугледжвае магчымасьць выкарыстоўваць ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ў часе мабілізацыі асуджаных асобаў, апроч тых, якія адбываюць пакараньне за злачынствы супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны, за асабліва цяжкія карупцыйныя злачынствы, за сэксуальныя крымінальныя правапарушэньні, за тэрарызм і за ДТП з сьмяротнымі наступствамі пад уплывам наркотыкаў ці алькаголю.

Адначасова закон вызначыў крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад праходжаньня вайсковай службы паводле кантракту пасьля ўмоўна-датэрміновага вызваленьня з мэтай мабілізацыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG