Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пампэзны мэмарыял не пасьпявае да 100-годзьдзя Першай усясьветнай вайны


Парк перамогі з «высоткай» будучай капліцы

Парк перамогі з «высоткай» будучай капліцы

Праз 10 дзён, на 100-годзьдзе пачатку Першай усясьветнай вайны, міжнародная супольнасьць будзе ўшаноўваць памяць ахвяраў адной з самых крывавых ваенных кампаніяў у найноўшай гісторыі. На 1 жніўня заплянаваныя памятныя мерапрыемствы і ў Смаргоні — адзіным месцы на тагачаснай ваеннай мапе, дзе пазыцыйнае супрацьстаяньне расейскіх і кайзэраўскіх войскаў доўжылася больш за 800 дзён. Але выглядае, што прымаць гасьцей давядзецца ў літаральным сэнсе на будаўнічай пляцоўцы: праект будучага Парку перамогі настолькі глябальны, што ў адведзеныя тэрміны аніяк ня ўкласьціся.

Нягледзячы на дзяржаўны статус будоўлі, працы на аб’екце далёкія ад завяршэньня. Тры асноўныя скульптуры — «Крылаты геній салдацкай славы», «Салдаты Першай усясьветнай» і «Ўцекачы» — хоць ужо і ўмацаваныя на пастамэнтах, але тэрыторыя навокал не ўпарадкаваная, паўсюль голы бэтон і будаўнічы друз. З капліцы, якая паступова вырастае на шляху да скульптурнай групы, толькі што зьнялі апалубку, а пад камень з мапай ваенных дзеяньняў і зваротам да нашчадкаў падмурак толькі закладаецца.

Працяг пампэзнага мэмарыялу заплянаваны на заходняй ускраіне Смаргоні ў кірунку мястэчка Солы. Гэта помнік «Праклён вайне» — бронзавы салдат, які, стоячы на бруствэры, утыкае штык у зямлю і прасьцірае рукі да неба. Менавіта ў Солах 4 сьнежня 1917 году падпісалі замірэньне, якое спыніла баявыя дзеяньні на расейска-нямецкім фронце. Тут будаўнічыя працы і не пачыналіся.

Трыадзіная скульптурная кампазыцыя

Трыадзіная скульптурная кампазыцыя

Адметнасьць смаргонскага Парку перамогі найперш у тым, што асноўныя сродкі на яго ўзьвядзеньне выдзеленыя зь бюджэту так званай саюзнай дзяржавы, унёсак абласной і раённай казны мінімальны. Адсюль і ідэалягічны ўхіл мэмарыялу: расейскія салдаты, уратаваныя імі мясцовыя жыхары, праваслаўная капліца, Георгіеўскі крыж. І канстатацыя «перамогі», якой фактычна не было — па выніках замірэньня Расея нікому нічога не дыктавала, а, як і іншыя, мусіла прыняць высунутыя ёй умовы. Пра гэта — гарадзенскі гісторык, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук:

Алесь Смалянчук

Алесь Смалянчук

«Расейская імпэрыя тую вайну, па сутнасьці, прайграла. Фактычна ўсе імпэрыі Першую ўсясьветную прайгралі. То бок ніякай перамогі не было, і складваецца такое адчуваньне, што як быццам падцягваецца адна вайна пад іншую, робіцца нейкая агульная перамога над ворагам з Эўропы. Прынамсі, такое ўражаньне застаецца. Таму вельмі дзіўная назва. Бо, яшчэ раз паўтаруся, выглядае, што перамогу ў апошняй вайне пераносяць на зусім іншую ўсясьветную вайну і спрабуюць ідэалягічна падцягнуць адно пад другое. Безумоўна, трэба ўжо даўно ўшанаваць памяць усіх загінулых. Дарэчы, нямецкая вайсковая адміністрацыя, бадай, рабіла гэта адразу, калі ўжо пасьля баёў 1914–15 гадоў на адных могілках хавалі і салдатаў нямецкай арміі, і расейскай, ставячы агульны помнік. Гэта шмат дзе было: і ў нас у Барунах, і ў Вільні стаіць агульны помнік, дзе напісана: «Расейскім і нямецкім героям, якія загінулі ў вайне». Ставілі немцы. А калі цяпер ставяцца такія помнікі, то ўражаньне, што вайна яшчэ працягваецца. Гэтыя людзі ўсё ваююць, вайна для іх ня скончылася, калі толькі «сваім» і толькі «за перамогу».

Нямецкі крыж невядомаму расейцу ў Барунах

Нямецкі крыж невядомаму расейцу ў Барунах

Экспэрты зазначаюць, што смаргонская зямля літаральна ўтыканая помнікамі тых часоў, якія даўно варта было ператварыць у музэйныя экспанаты. Гэта перадусім тычыцца шматлікіх нямецкіх умацаваньняў, бальшыня якіх у добрым стане датрывала да нашага часу і цяпер, праз 100 гадоў, магла б стаць сымбалем рэальнага замірэньня. Але насуперак гэтаму ўзводзіцца маштабны ідэалягічны комплекс, каб надалей дзяліць чалавецтва на «нашых» і «нянашых».

100-гадовыя нямецкія ўмацаваньні вакол Смаргоні

100-гадовыя нямецкія ўмацаваньні вакол Смаргоні

Адстаўны вайсковец, дасьледчык ваенных падзеяў Ільля Копыл перакананы, што на тэрыторыі Смаргоншчыны, дзе больш як два гады адбывалася крывавае супрацьстаяньне, лягічна было б паставіць агульны помнік усім «пакутнікам». Прычым маючы на ўвазе ня толькі ахвяраў зь ліку салдатаў і афіцэраў, але і мірных жыхароў, якіх сотнямі тысяч выпраўлялі ў расейскі тыл, а іншыя гінулі ад абстрэлаў, голаду і нястачы:

Ільля Копыл

Ільля Копыл

«Сапраўды, які можа быць Парк перамогі, калі перамогі ніякай і не было? Гэта па-першае. Па-другое, Беларусь тады не была дзяржавай, яна ня ўдзельнічала ў вайне. Іншая рэч, што беларуская тэрыторыя выкарыстоўвалася як адным, так і другім бокам, гэта была пляцоўка для вядзеньня баявых дзеяньняў. Але Беларусь у вайне ня ўдзельнічала, бо не была дзяржавай. Беларусы — так — ад вайны пакутавалі. Вось пакутнікам Першай усясьветнай вайны помнік паставіць можна. То бок — помнік беларусам, бо шмат беларусаў у той вайне загінула. Але ніяк ня Парк перамогі. Прынамсі, я лічу так: калі будаваць помнік, то не расейскім салдатам, а ўсім бакам, якія на гэтай тэрыторыі ваявалі. Іх трэба нарэшце прымірыць і паставіць агульны помнік. Бо на самой справе атрымліваецца так, што адны — ворагі, а другія — героі. Гэта, безумоўна, прыкра, бо столькі часу быць у нейкай маральнай вайне — гэта недарэчнасьць».

Смаргонь да 1917 году ляжала ў руінах (з архіву)

Смаргонь да 1917 году ляжала ў руінах (з архіву)

Дзеля справядлівасьці, ускосныя праявы замірэньня ў будучым комплексе ўсё ж заплянаваныя — пры ўмове, што фінансаваньня хопіць на ўсе задумы. Аўтарскі калектыў на чале зь беларускім скульптарам Анатолем Арцімовічам уяўляе кампазыцыю мэмарыяльнага комплексу як трыпціх. Дамінантай стане трыадзіная скульптурная кампазыцыя, яе стылістычна падмацуюць дзевяць памятных знакаў, а ў іншым канцы гораду асобна паўстане бронзавы помнік. Аснову мэмарыяльнай зоны складзе карта баявых дзеяньняў, адлітая з бронзы. Па баках — дзьве скрыні зь зямлёй зь месцаў пахаваньня салдатаў варожых арміяў. Побач — дзьве гранітныя сьцяны памяці: на адной больш за 800 прозьвішчаў расейскіх вайскоўцаў, на другой — надпіс па-нямецку, які паведамляе, што ў смаргонскай зямлі пахаваныя тысячы нямецкіх салдатаў і афіцэраў, якія загінулі ў баях 1915–1917 гадоў. Працягам стане капліца са звонам і Георгіеўскім крыжам.

Земляныя працы — з адкрытай датай

Земляныя працы — з адкрытай датай

XS
SM
MD
LG