Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонь: Мэмарыял да 100-годзьдзя «невядомай вайны»


Ад верасьня 1915 году па люты 1918-га лінія расейска-германскага фронту праходзіла праз Смаргонь. Горад стаў месцам крывавых змаганьняў, падчас якіх ад сьмяротных раненьняў і ў выніку газавых атакаў загінулі з абодвух бакоў дзясяткі тысяч салдат і афіцэраў. 810-дзённае пазыцыйнае супрацьстаяньне германскіх і расейскіх войскаў у Смаргоні, якое за мяжой увайшло ва ўсе гістарычныя даведнікі, у самой Беларусі дагэтуль застаецца белай плямай.

Да 100-гадовага юбілею ад пачатку Першай усясьветнай вайны за сродкі так званай саюзнай дзяржавы было вырашана ўзьвесьці тут мэмарыял у памяць удзельнікаў ды ахвяраў тагачасных падзеяў. Як пераканаўся наш карэспандэнт Ігар Карней, прынамсі за месяц да заплянаваных урачыстасьцяў парк Перамогі сам збольшага нагадвае руіны.

1 жніўня ў Смаргоні павінен прайсьці «міжнародны мітынг-рэквіем», удзел у якім возьмуць перадусім прадстаўнікі парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі і Расеі ды іншых саюзных структураў — працы на закладаньне парку Перамогі прафінансаваныя якраз зь бюджэту так званай саюзнай дзяржавы. Менавіта ўрачыстае адкрыцьцё мэмарыялу памяці герояў і ахвяраў Першай усясьветнай стане кульмінацыяй імпрэзы, а сіламі ваенна-гістарычных клюбаў наладзяць рэканструкцыю бою за горад.

Аднак за месяц да акрэсьленай даты 12 гектараў мэмарыяльнага комплексу далёкія ад добраўпарадкаваньня. Паўкілямэтровую цэнтральную алею будаўнікі толькі пачалі выкладваць пліткай. Адносна завершанымі выглядаюць тры бронзавыя скульптуры — 12-мэтровы «Крылаты геній салдацкай славы», а таксама спадарожныя яму «Салдаты Першай усясьветнай» і «Ўцекачы». А трэба яшчэ адліць і ўсталяваць мапы сьвету і ваенных падзеяў, камень з тэкстам звароту да нашчадкаў, узьвесьці капліцу. Апроч таго, на заходняй ускраіне Смаргоні ў кірунку мястэчка Солы мяркуецца разьмясьціць працяг мэмарыялу — помнік «Праклён вайне» ў выглядзе бронзавага салдата, які ўтыкае штык у зямлю і прасьцірае рукі да неба. Менавіта ў гэтым месцы 4 сьнежня 1917 году падпісалі замірэньне, якое спыніла баявыя дзеяньні на расейска-нямецкім фронце.

Дасьледчык, аўтар шэрагу кніг, прысьвечаных смаргонскаму эпізоду Першай усясьветнай вайны, Уладзімер Лігута расказвае, што 810 дзён «пекла» сталі, безь перабольшаньня, паваротнымі ў той вайне:

Уладзімер Лігута

Уладзімер Лігута

«Калі мы гаворым пра нешта адметнае, дык гэтае самае-самае пачынаецца літаральна адразу. Нягледзячы на тое, што пачалося агульнае адступленьне расейцаў, горад утрымалі. Таму што калі фронт яшчэ шавеліцца дзесьці да сярэдзіны кастрычніка 1915-га, а немцы на асобных участках падціскаюць, падціскаюць, то склалася цікавая сытуацыя (не забываемся, што ўсяго 120 кілямэтраў да Менску і 30 — да Маладэчна, дзе стаялі штабы расейскага камандаваньня). Адыходзіць ад Вільні гвардзейскі корпус расейскай арміі. Гэта ў 1916-м іх стане два, а тады ён быў адзіны, гэта былі самыя элітныя армейскія часьці. 1-я, 2-я, 3-я гвардзейскія дывізіі, самі за сябе гавораць ужо назвы палкоў — Праабражэнскі, Сямёнаўскі, Ізмайлаўскі і г.д. У саму Смаргонь зайшла 3-я гвардзейская дывізія, якая на той час была ня толькі самая баяздольная, але і самая, скажам так, удачлівая ў баях. Гэта 4 палкі: Валынскі, Літоўскі, Кексгольмскі і Петраградзкі (у 1914-м нямецкая назва Санкт-Пецярбург з прычыны антыгерманскіх настрояў стала непрымальнай). Сталі акурат там, дзе цяпер мы з вамі. І калі 25 верасьня з раніцы немцы падышлі да Смаргоні, расейцы ўжо акапаліся на заходніх ускраінах. І вось фронт, практычна як гвардзейцы тут сталі, так ён і не мяняўся».

Як удакладняе суразмоўца, гаварыць пра гарадзкія баі ў Смаргоні ў цяперашнім разуменьні можна досыць умоўна — горад быў цалкам разбураны празь некалькі дзён пасьля пачатку збройнага супрацьстаяньня. Таму ў шэрагу дакумэнтаў ваенны пляцдарм сучасьнікі намагаюцца прывязаць да больш зразумелага арыенціру:

Літаральна ў першым жа баі, калі біліся гвардзейцы, немцы горад зьнесьлі

«Разумееце, як яшчэ са Смаргоньню атрымалася? Часам у некаторых дасьледаваньнях назва Смаргонь не гучыць увогуле. Як, дапусьцім, сказана? У раёне Маладэчна. Ці — на заходнім фронце. То бок не пра сам горад, з чаго і бывае пэўная блытаніна. Чаму так? Таму што гораду як такога ўжо не было. Літаральна ў першым жа баі, калі біліся гвардзейцы, немцы горад зьнесьлі. Гарматы б’юць на 5–7 кілямэтраў, уяўляеце? Яны паставілі гарматы і зьмялі яго цалкам, ён увесь згарэў практычна за першыя 2–3 дні. Быў зьнішчаны велічны касьцёл — калі ехаць з боку Залесься, ён стаяў на цяперашняй вуліцы Леніна ў мікрараёне „Ўсходні“. Той касьцёл потым так і не аднавілі, хоць ён стаяў развалены да 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Ужо за савецкім часам яго разабралі. А гэта быў навюткі касьцёл, па-мойму, 1913 году пабудовы. Той, што зараз касьцёл у цэнтры, быў царквой — памятаеце ўсе гэтыя замены-падмены? Дык вось немцы білі перш за ўсё па касьцёле: па-першае, ён быў самы высокі, панаваў над горадам, па-другое, там расейцы — добра ці дрэнна — разьмясьцілі камандны пункт. Немцы ўвалілі сюды цяжкай артылерыяй і адразу забілі трох генэралаў і пяць афіцэраў. Прозьвішчы генэралаў вядомыя: адзін — камандзір палка, адзін — намесьнік камандзіра дывізіі, адзін — камандзір сапёрнага гвардзейскага батальёну».

За некалькі гадоў працы ў архівах Уладзімер Лігута сыстэматызаваў самыя розныя зьвесткі — ад ваенных мапаў да сьведчаньняў удзельнікаў змаганьняў — стварыўшы карціну Смаргоні 100-гадовай даўніны. На схемах — суцэльнае павуціньне, якім ахутаны ўвесь горад і ягоныя навакольлі:

«Гэта што? Гэта траншэі. Пра што сьведчыць? Пра тое, што такі быў інтэнсіўны абстрэл, што нельга расслабляцца ні ўдзень, ні ўначы. Пісьменьнік Валянцін Катаеў, які ваяваў тут артылерыстам, напіша — галавы ў літаральным сэнсе не падняць, усё прастрэльваецца. Апроч таго, вісяць нямецкія дырыжаблі, лятаюць самалёты (у расейцаў, дарэчы, тое ж самае). У горадзе адны разваліны, траншэі, акопы, — канстатуе Катаеў. На мапах бачна, што ўвесь горад перарыты, паўсюль толькі хады зносін. Вось ідуць ніткі калючага дроту, адна нітачка азначае, што ў кожнай калоў дзесьці 5–6. На асобных участках бачна, што ідзе па чатыры шэрагі калючага дроту — там, дзе ротны апорны пункт. Гэтаксама траншэі і ўздоўж чыгункі, і ўздоўж аўтамабільнай дарогі. Шмат хто піша, што траншэі — як вуліцы: тры мэтры па нізе, пяць па версе, тры ў глыбіню, замаскаваныя зьверху лапнікам, галінамі, бярвеньнем. Вось па іх і перасоўваліся — ежу насілі, данясеньні. А вось вёска Белая — тут былі лязарэты, як гаворыцца, бліжнія рэзэрвы. Чаму тут? Бо да цэнтру — 5 кілямэтраў, яшчэ кілямэтар да нямецкай артылерыі. Немцы за 5–7 км простымі гарматамі не дабіваюць. Гэта ўжо пайшла другая лінія абароны».

Як падаюць гістарычныя дакумэнты, падчас абстрэлаў і хімічных атакаў 16-тысячная Смаргонь была цалкам зьнішчаная, пасьля вайны ў горад вярнулася ня болей за паўтары сотні жыхароў. Абсалютную бальшыню разам з насельнікамі суседніх вёсак прымусова эвакуавалі ў глыб Расеі, шмат хто там застаўся назаўсёды. Паводле Ўладзімера Лігуты, як і ў любую вайну, не ўдалося пазьбегнуць ахвяраў і сярод мірнага насельніцтва:

Вёскам, якія былі крыху далей, скажам шчыра, пашанцавала. А якія ўздоўж дарог — вынішчаліся

«Сытуацыя па ўцекачах такая. Мясцовых пачалі турбаваць, як толькі сюды прарвалася нямецкая кавалерыя. Дарэчы, насельніцтва не заўсёды нават разумела, што адбываецца. Паспрабуйце ўявіць: ля дарогі ваша вёска, раптам заскоквае казацкі разьезд і крычыць: усе мужыкі, бабы — тэрмінова на ўсход! Шок, народ не разумее: так, вайна, але ж нібыта збоку. Тым часам казакі да трох ня лічаць і пачынаюць паліць вёску, ужо з таго канца падпальваюць хаты. Потым, калі ўжо ў Расею выяжджалі, многія казалі: так, памятаем вайну — чортавы казакі вёску спалілі. А яны ж выконвалі загад! У расейцаў як было прынята? Тактыка, як у 1812 годзе — ворагу пакінуць выпаленую зямлю, асабліва пры дарогах. Вёскам, якія былі крыху далей, скажам шчыра, пашанцавала. А якія ўздоўж дарог — вынішчаліся. Маёмасьць па магчымасьці стараліся вывезьці, людзей намагаліся адсунуць далей на ўсход. У Смаргоні была такая ж гісторыя. Але настолькі імкліва рухаліся немцы, што на эвакуацыю гораду заставаліся ўсяго тры гадзіны. Гаспадары зь ліку багацейшых пасьпелі сабраць золата і хутка зьехалі на конях, на цягніках у бок Маладэчна. Але якаясьці частка людзей засталася і трапіла ў пекла першых баёў. Таму што калі гвардзейцы хавалі сваіх, згадвалі і пра 150 мірных жыхароў. Самі салдаты адзначалі, што былі жыхары: дзеці, жанчыны, з торбамі, з козамі бегалі пад гэтым агнём, а снарады не выбіраюць, сякуць усіх. Але ўжо пасьля першых баёў тут, вядома, не засталося нікога, людзі былі ўсе выведзеныя».

Акурат праз месяц міжнародная грамадзкасьць будзе згадваць пра ўрокі 100-гадовай даўніны: 1 жніўня 1914 году сілавое высьвятленьне адносінаў распачалі тры эўрапейскія імпэрыі, якія ўцягнулі ў сваю арбіту мільёны людзей па ўсім сьвеце. Пракаціліся трагічныя падзеі і па тэрыторыі цяперашняй Беларусі, пакінуўшы пасьля сябе дзясяткі тысяч загінулых, сотні тысяч уцекачоў, зруйнаваныя гарады і вёскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG