Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бяда, ад якой пайшлі ўсе іншыя беды


Расейская кавалерыя падчас Першай сусьветнай

Расейская кавалерыя падчас Першай сусьветнай

Чалавека, які пастанавіў дазнацца нечага талковага пра прычыны выбуху Першай сусьветнай вайны і пачаў гартаць кніжкі сур’ёзных гісторыкаў, ня можа ня ўразіць адна неверагодная акалічнасьць — падзеі, якія разгарнуліся летам 1914 году і давялі сьвет да жахлівага па сваіх зьнішчальных маштабах канфлікту, былі для ўсіх абсалютная нечаканымі і маланкавымі.

28 чэрвеня 1914 году, калі ў Сараеве сэрбскі студэнт з Босьніі Гаўрыла Прынцып выстраліў з рэвальвэру ў аўстрыйскага насьледніка трону Франца Фэрдынанда ды забіў яго і ягоную жонку, нікому і прысьніцца не магло, што ўсяго празь месяц зь лішкам мільёны салдатаў апынуцца па розныя бакі франтоў, і Эўропа, а разам зь ёю і вялікая частка астатняга сьвету, на больш чым чатыры гады акунуцца ў крывавы вір.

У 1914 годзе ў вайну ўступілі 8 дзяржаваў; пад канец вайны ў ёй бралі ўдзел 38 з 59 незалежных на той час краінаў. Канфлікт, які пачаўся пад канец ліпеня і на пачатку жніўня 1914 году, мабілізаваў пад зброяй 65 мільёнаў чалавек і каштаваў жыцьці 20 мільёнаў вайскоўцаў і цывільнага насельніцтва; 21 мільён чалавек былі ў гэтай вайне параненыя і пакалечаныя. У выніку вайны разваліліся тры імпэрыі — расейская, аўстра-вугорская і асманская — ды прыкметна зьмянілася мапа Эўропы.

Ніколі раней у сусьветнай гісторыі салдаты ня гінулі ў такім масавым парадку, як у Першай сусьветнай вайне. Гісторыкі ацэньваюць, што на заходнім фронце ў гэтак званай Вэрдэнскай апэрацыі ў першай палове 1916 году загінулі больш за 700 тысяч салдатаў, а ў бітве на Соме ў другой палове таго самага году — больш за мільён. У адным з найбольш крывавых эпізодаў вайны на ўсходнім фронце — у гэтак званай Баранавіцкай апэрацыі ў чэрвені 1916 году — усяго за пяць дзён загінулі каля 100 тысяч салдатаў.



У Першай сусьветнай вайне ўпершыню была выкарыстаная зброя масавага зьнішчэньня — атрутна-ўдушлівыя газы: хлёр, фасген, гарчычны газ (іпрыт).

У Першай сусьветнай вайне таксама ўпершыню ў шырокім маштабе выкарысталі віды зброі, якія, мадыфікаваныя і ўдасканаленыя, набылі выключна важнае значэньне ў пазьнейшых узброеных канфліктах — баявыя самалёты, танкі і падводныя лодкі.

Амэрыканскі гісторык нямецка-габрэйскага паходжаньня Фрыц Штэрн назваў Першую сусьветную вайну «першай бядой дваццатага стагодзьдзя — бядой, ад якой пайшлі ўсе іншыя беды».

Назва «Першая сусьветная вайна» прынялася ў агульнай сьвядомасьці толькі пасьля выбуху Другой сусьветнай вайны ў 1939 годзе. Раней узброены канфлікт 1914-1918 гадоў у заходняй публіцыстыцы і гістарычнай літаратуры называлі «Вялікай вайной» (анг.: the Great War; франц.: La Grande guerre) або «Сусьветнай вайной» (ням.: der Weltkrieg). У царскай Расеі гэтую вайну назвалі «Другой айчыннай», а ў міжваенны савецкі пэрыяд ужываўся тэрмін «імпэрыялістычная вайна».



У адрозьненьне ад Другой сусьветнай вайны, у адносінах да якой усе паказваюць на гітлераўскую Нямеччыну як на галоўнага віноўніка, вызначыць віну за выбух Першай сусьветнай аказалася для гісторыкаў значна цяжэйшым заданьнем. Праўда, у гэтак званым Вэрсальскім трактаце, які фармальна закончыў Першую сусьветную вайну і быў падпісаны Нямеччынай з аднаго боку і саюзьнікамі Антанты з другога 28 чэрвеня 1919 году, віна за выбух вайны адназначна ўскладалася на Нямеччыну. Але сёньня гісторыкі, хоць і не зьнімаюць зь Нямеччыны асноўнай часткі віны, глядзяць на гэтае пытаньне менш адназначна. Брытанскі гісторык Крыстафэр Кларк, які ў 2012 годзе апублікаваў сусьветна прызнаны досьлед пад загалоўкам «Люнатыкі: Як Эўропа ў 1914 уступіла ў вайну» (The Sleepwalkers: How Europe Went to War in 1914), адзначыў наступнае:


«Выбух вайны ў 1914 годзе — гэта не драматычны сюжэт Агаты Крысьці, пад канец якога над трупам у аранжарэі мы бачым віноўніка зь пісталетам, з дула якога ўсё яшчэ ідзе дым. У гэтай гісторыі няма ніякага дымлівага пісталета; тут лепш будзе сказаць, што ў руках кожнага зь важнейшых дзейных пэрсанажаў знаходзіўся такі пісталет. З такога гледзішча выбух вайны бачыцца як трагедыя, а не як злачынства. Гэта ня значыць, што, прызнаўшы гэта, мы павінны паменшыць агрэсіўнасьць і імпэрыялістычную параною кіроўных аўстрыйскіх і нямецкіх палітыкаў. Але ня толькі немцы былі імпэрыялістамі, і ня толькі іх ахапіла параноя. Крызыс, які давёў да вайны ў 1914 годзе, быў плёнам агульнай палітычнай культуры таго часу».



Другая акалічнасьць, якая ня можа ня ўражваць у сувязі з пачаткам вайны 1914 году — агульны энтузіязм людзей у гарадах дзяржаваў, якія ўступілі ў стан вайны. У сьведчаньнях таго часу выразна адзначаецца велізарны напал патрыятызму, грамадзкай узбуджанасьці і аптымізму ў масавых спантанных мітынгах, якія адбываліся таго лета ў Пецярбургу (перайменаваным неўзабаве ў Петраград), Маскве, Бэрліне, Мюнхэне, Вене, Парыжы і Лёндане пасьля таго, як абвясьцілі вайну і мабілізацыю. Энтузіязм адносна вайны назіраўся ня толькі сярод простага народу, але і сярод інтэлектуальнай эліты.



«Мабыць, упершыню за 30 гадоў я адчуваю сябе аўстрыйцам... Усё маё лібіда на службе ў Аўстра-Вугоршчыны» — напісаў у лісьце знаёмаму Зігмунд Фройд пасьля таго, як пачуў, што Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Сэрбіі.

Томас Ман: «Як можа салдат у мастаку ня дзякаваць Богу за крах гэтага мірнага жыцьця, якім ён сыты, сыты па горла!»

Робэрт Музіль: «Вернасьць, мужнасьць, дысцыпліна, пачуцьцё абавязку, прастата — гэтае кола цнотаў дазваляе нам сёньня пайсьці ў бой пасьля першага сыгналу».

Макс Вэбэр: «Ня важна, чым усё скончыцца — у любым выпадку гэтая вайна вялікая і прыгожая».

Леанід Андрэеў: «Настрой у мяне цудоўны — я сапраўды ўваскрос, як Лазар... Пад’ём сапраўды велізарны, высокі і небывалы: усе ганарымся тым, што мы рускія... Калі б цяпер раптам скончылася вайна — быў бы смутак і нават адчай...»

Валерый Брусаў: «Будзем верыць у перамогу над германскім кулаком. Славянства паклікана цяпер адстойваць гуманныя пачаткі, культуру, права, свабоду народаў...»

Марыс Мэтэрлінк: «Ці нельга мне неяк атрымаць з Брусэлю загад аб мабілізацыі, які мне дазволіць стрэліць хоць раз, пакуль ня позна і пакуль немцы яшчэ ў Бэльгіі?»

Франц Кафка: «Я не знаходжу ў сабе нічога, акрамя дробязнасьці, нерашучасьці, зайздрасьці і нянавісьці да тых, якія ідуць у бой і якім я з усёй душы жадаю ўсяго найгоршага».

Мюнхэн, 2 жніўня 1914. Натоўп, у якім знаходзіцца малады Адольф Гітлер, вітае ўступленьне краіны ў вайну.

Мюнхэн, 2 жніўня 1914. Натоўп, у якім знаходзіцца малады Адольф Гітлер, вітае ўступленьне краіны ў вайну.


Чаму варта помніць пра Першую сусьветную вайну беларусам?


У першую чаргу таму, што гэтая вайна паставіла на палітычны парадак дня ў Эўропе справу беларускай дзяржаўнасьці. Нельга сабе ўявіць, што БНР і БССР зьявіліся б на мапе Эўропы без таго тэктанічнага зруху, які быў выкліканы Першай сусьветнай вайной.

Па-другое, варта памятаць пра гэтую падзею і таму, што ў пляне росту беларускай нацыянальнай сьвядомасьці Першая сусьветная вайна — як выказаўся Зьмітрок Бядуля — за два гады зрабіла болей, чым увесь беларускі адраджэнскі рух да вайны.

І варта памятаць пра гэтую вайну дзеля некалькіх іншых нямалаважных прычынаў, пра якія Радыё Свабода пастараецца распавесьці ў бліжэйшыя тыдні ў сваіх матэрыялах з цыклю «Вялікая вайна 1914-1918», які прысьвечаны 100-тым угодкам гэтай падзеі.

XS
SM
MD
LG