Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першая ўсясьветная: як немец з рускім біўся, баявы кліч разносіўся за кілямэтры


Адзін зь нямецкіх дотаў уздоўж шашы Смаргонь — Крэва

Адзін зь нямецкіх дотаў уздоўж шашы Смаргонь — Крэва

Праз тры месяцы будзе адзначацца 100-гадовы юбілей пачатку Першай усясьветнай вайны. Трагічныя падзеі разгортваліся і на беларускай зямлі, а 810-дзённае змаганьне за Смаргонь увайшло ў аналы як беспрэцэдэнтнае пазыцыйнае супрацьстаяньне кайзераўскай і царскай арміяў.

Зьведалі на сабе ваенныя жахі і мірныя беларусы, якіх сотнямі тысяч выпраўлялі на эвакуацыю ўглыб Расеі: паводле гістарычных зьвестак, палова да родных хат так і не павярталіся.

Нараджэнец вёскі Зарудзічы на Смаргоншчыне, былы намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Пётар Южык пра падзеі 100-гадовай даўніны найперш дазнаўся з аповедаў бабы Ганны і дзеда Сьцяпана, і толькі потым — са спэцыяльнай літаратуры:

«Дзеля справядлівасьці, адмыслова пра гэты час яны ніколі не расказвалі. Ня ведаю, чым гэта было выклікана, але, як я мяркую, толькі таму, што яны лічылі ўсё гэта сваім пройдзеным жыцьцёвым этапам, дый, мабыць, ня вельмі прыемна ўсё тое было ўспамінаць. А я як тады дзіцём быў (і нават потым, як падрос), то мне таксама не сказаць, што надта цікава было. Але калі баба зь дзедам калі-нікалі кідаліся ва ўспаміны, то я добра памятаю найперш бабіны аповеды: «Пад Смаргонямі, Пецька, як пачнуць страляць, такі гул навокал ішоў, відаць, артылерыя біла. А потым салдаты: „Ура-а-а-а-а! Ура-а-а-а-а...!“ І так вось некалькі разоў — то маўчаць, маўчаць, то зноў „Ура!“ Мабыць, як удакладняла баба Ганна, у атаку ўздымаліся. То бок, калі ў Смаргоні ўсталёўвалася лінія фронту і шлі адзін на аднаго, нават за 10 кілямэтраў з Зарудзічаў было добра чуваць. А пасьля, як заселі ў акопах, ужо стала ціха».​
Нягледзячы на ўяўнае зацішша падчас зацяжнога, больш чым двухгадовага пазыцыйнага супрацьстаяньня, кропкавыя абстрэлы акопаў працягваліся з абодвух бакоў. Выпрабоўвалася і новая зброя — газавая. Пацярпелых ад газавых атакаў везьлі ў шпіталь, разгорнуты побач з чыгуначнай станцыяй у Залесьсі:

«Бабка расказвала, што ў суседнім Залесьсі быў шпіталь. Апроч параненых, сюды звозілі салдатаў, атручаных газамі, многія былі ўжо мёртвыя. Кажа, надта страшнае было відовішча — сінія, апухлыя твары, пена з роту... Хавалі іх тут жа, недалёка ад станцыі, на брацкай магіле проста ля чыгункі дагэтуль стаіць невялічкі помнічак. Вось што было ў нашых мясьцінах. Праўда, тады вяскоўцы самі толкам не разумелі, што вакол адбываецца, але жахаў нагледзеліся. І другое, што яшчэ памятаю: ляталі ў небе, як яна казала, „вірапланы“. Перапытваю: што, баба, за вірапланы такія? Цяпер, адказвае, самалёты ж нейкія лепшыя лятаюць, а тады былі вірапланы. Некалькі разоў, відаць, бачыла, як рускія ці немцы абляталі варожыя пазыцыі. Такія вось памятаю маленькія фрагмэнцікі». Партрэт бацькі — Уладзімера Южыка

Партрэт бацькі — Уладзімера Южыка


У 1915 годзе, неўзабаве пасьля пачатку ваенных дзеяньняў на подступах да Смаргоні, Южыкаў разам з астатнімі жыхарамі навакольных вёсак вывезьлі ў Сыбір. На чужыне, у Новасыбірску, у тым жа годзе нарадзіўся і ягоны бацька Ўладзімер:

«Аказваецца, быў адмысловы ўказ цара — пакідаць немцам выпаленую зямлю. Таму высялялі ўсіх пагалоўна, супраціўляцца было бессэнсоўна. Хто меў які скарб, бралі, колькі маглі панесьці. Пехатой, на колах, камусьці пашэнціла цягніком. Зрэшты, якія тады цягнікі былі? Дзе нагамі, дзе падводай, так перакладнымі да сваіх новых земляў і дабіраліся. Мае трапілі ў Новасыбірск, бацька ў 1915 годзе там і нарадзіўся. Дарэчы, для мяне толькі цяпер трохі стала ясна, як яны там былі, бо доўга ўвогуле ня мог зразумець, як нашы апынуліся ў Сыбіры. А тым больш — як потым вярнуліся назад (дзедаў брат у Новасыбірску застаўся, а дзед з бабай і дзецьмі прыехалі дадому). Быў ужо дзесьці 1922 год, тут Польшча, там — савецкая Расея. Дык вось, у Беларусі былі тры памежныя пункты пропуску: у Баранавічах, у Менску і ў Полацку. Усё як і цяпер: стаяў памежнік польскі і савецкі, паказваеш асабовы дакумэнт, візу — і тады праходзіш. То бок мае, выехаўшы з Расеі, вярнуліся ў Польшчу, а дзедаў брат з жонкай, сынам і дачкой засталіся ў Сыбіры. Толькі ў 1961 годзе, ужо сталымі людзьмі, павярталіся. Пабудавалі ў Маладэчне хату і там пражылі да канца сваіх дзён. Ужо няма ні яго, ні яе, ні дзяцей». Помнік загінулым ад газавых атакаў у Залесьсі

Помнік загінулым ад газавых атакаў у Залесьсі


На лініі фронту на тэрыторыі адной толькі Смаргоншчыны апынуліся дзясяткі вёсак, насельнікаў якіх прымусілі выехаць за тысячы кілямэтраў у расейскі тыл. Першымі пакінулі родныя хаты тыя, хто апынуўся пад артылерыйскім агнём варагуючых бакоў. Перадусім гэта вёскі паміж Крэвам і Смаргоньню: Багушы, Сялец, Наваспаск, Суцькава, Кунава, Бялкоўшчына, Аславяняты, Клідзеняты ды іншыя. Гільза артылерыйскага снараду — звыклая жалязяка ў дварах вяскоўцаў

Гільза артылерыйскага снараду — звыклая жалязяка ў дварах вяскоўцаў


Як згадвае спадар Южык, пра тыя драматычныя падзеі дагэтуль нагадваюць акопы ды бэтонныя ўмацаваньні, якія былі ахоўным шчытом як для немцаў, так і для расейцаў:

«Сёе-тое памятаю яшчэ з аповедаў маёй цешчы, якая жыла ў Вялікай Мысе — гэта побач зь вёскай Багушы, ля Крэва, дзе стаялі немцы. Яшчэ да нядаўняга часу вяскоўцы хадзілі на крэўскую дарогу праз багушэўскі лес, дык праз усю даўжыню абапал дарогі — акопы, дзоты, бліндажы, вельмі шмат захавалася ўмацаваньняў. Я сам у яе пытаўся: што тут такое было, зь якой вайны? Сорамна сказаць, але ў савецкія часы нават толкам ня ведалі, што праходзіла лінія фронту. Дык ужо яна мяне прасьвятляла: у тую вайну тут стаялі немцы, а рускія — пад Смаргонямі. Дык такія баі вяліся, так грамыхала, што страх божы. Але неяк нядоўга, бо гады два потым было пераважна ціха. Гэта цяпер ужо ведаем: была пазыцыйная вайна, спаборнічалі, хто каго ў акопах пераседзіць. Вось гэта тое, што я вынес з гутарак зь людзьмі, якія нешта ведалі, бачылі, памяталі. Астатняе ўжо чэрпаю зь літаратуры, бо сапраўды цікаўлюся гэтай тэмай». Разбураны ў вайну кляштар у Наваспаску пераходзіў з рук у рукі

Разбураны ў вайну кляштар у Наваспаску пераходзіў з рук у рукі


У Смаргоні да юбілею Першай усясьветнай вайны ўзводзіцца пампэзны мэмарыял — Парк Перамогі. Нягледзячы на тое, што сродкі выдзяляюцца зь бюджэту так званай саюзнай дзяржавы і, адпаведна, тагачасныя падзеі паказваюцца з гледзішча перадусім Расеі, манумэнтальныя апэтыты ўрэшце было вырашана крыху суняць. Іначай зь першапачатковым размахам да 100-годзьдзя маглі і не пасьпець. Як лічыць мой суразмоўца, у дадзеным выпадку лягічней было б не акцэнтавацца на ўяўнай перамозе адных над другімі, а прысьвяціць помнік усім ахвярам вайны:
«Я ня вельмі абазнаны, што яны там задумалі. Але добра ўжо тое, што такі помнік будзе. І, відаць, ня так гэта важна, як ён будзе называцца. Важна, што мы вярнуліся да памяці аб тых падзеях, пра якія нам 100 гадоў маўчалі, да тых людзей, якія загінулі. Пэўна, прыйшоў час, каб не дзяліць па нацыянальнай прыналежнасьці, бо там ня толькі расейцы ды немцы гінулі, але і нашы людзі, і іншыя. Усе яны ахвяры той страшнай вайны. Справядліва, на маю думку, было б прысьвяціць гэты помнік усім ахвярам Першай усясьветнай вайны. Бо калі Парк Перамогі — дык а ці была тая перамога? Таксама трэба яшчэ добра задумацца. Я так мяркую. На жаль, дэталёва ня ведаю, што там будзе, як там будзе. Але працы вядуцца, і, наколькі я валодаю інфармацыяй, да жніўня работы павінны быць завершаныя. Месца, на мой погляд, там неблагое, але галоўнае ў тым, што мы нарэшце прызналі: такія падзеі былі, яны істотна паўплывалі на ўсе далейшыя працэсы. Гэта наша гісторыя, гісторыя нашага народа, бо гэта ўсё адбывалася на нашай зямлі».

Праз год пасьля пачатку Першай усясьветнай вайны Смаргонь была падзеленая лініяй нямецка-расейскага фронту і стала адзіным месцам на ваеннай мапе таго часу, дзе змаганьне за стратэгічны пункт ішло больш за два гады — ад верасьня 1915-га да лютага 1918-га. За 810 дзён ад артабстрэлаў і газавых атакаў тут загінулі дзясяткі тысяч салдатаў і афіцэраў дзьвюх варожых арміяў, а 16-тысячны горад быў амаль цалкам сьцерты з аблічча зямлі. Тагачасныя журналісты называлі Смаргонь «мёртвым горадам». Пасьля вайны на руіны вярнуліся менш за паўтары сотні жыхароў, многія назаўсёды засталіся ў эвакуацыі ў Сыбіры.

Будоўля Парку Перамогі ў Смаргоні

XS
SM
MD
LG