Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як іпрыт дайшоў да Беларусі


Могілкі ў Залесьсі, 1916 год

Могілкі ў Залесьсі, 1916 год

Сёньня ў Бэльгіі лідэры краін Эўразьвязу праводзяць памятную цырымонію ў горадзе Іпр з нагоды 100-годзьдзя пачатку Першай усясьветнай вайны.

Менавіта ў Іпры ўпершыню выкарысталі хімічную зброю — хлёр, а таксама гарчычны газ, вядомы цяпер як іпрыт.

У часе Першай усясьветнай вайны хімічная зброя ўжывалася і на тэрыторыі Беларусі.

Адным з асноўных аўтараў ідэі ўжываць атрутны газ як зброю падчас вайны лічыцца тайны саветнік доктар Фрыц Габэр, пры якім распаўсюдзіўся тэрмін «газавы агонь», а сам ён прапанаваў выкарыстоўваць газ у ваенных мэтах як хмару. Германская армія пачала ўжываць газ для ваенных атак у 1915 годзе спачатку на сваім Заходнім фронце, а праз год — і на Ўсходнім.

Першая газавая атака на тэрыторыі Беларусі адбылася ў ноч на 20 чэрвеня 1916 году пад Смаргоньню. Гісторыкі адзначаюць, што германскія вайскоўцы доўга чакалі, пакуль скончацца дажджы, якія зьніжаюць паражальны эфэкт ад удушлівых газаў. Атака пачалася ў 3.30, калі падзьмуў устойлівы паўднёва-заходні вецер. З боку вёскі Хадакі на пазыцыі 254-га пяхотнага Мікалаеўскага і 253-га пяхотнага Перакопскага палкоў папаўзла хмара з удушлівага газу. Пасьля гэтага германская артылерыя нанесла ўдар па перадавых пазыцыях. Падчас другой атакі пазыцыі расейцаў пачалі абстрэльваць снарадамі з удушлівым газам. Вось што піша сьведка падзеяў:

«Па акопах працягваўся ўраганны агонь лёгкіх батарэй. А 6 і 7 гадзіне газавыя атакі паўтарыліся... Газы ад снарадаў вельмі моцна елі вочы, хутка выклікалі ваніты і боль галавы. Мікалаеўскі полк пацярпеў вельмі моцна, шмат якія роты давялося замяняць, бо здольных біцца заставалася па 10–15 чалавек... Нямецкі артылерыйскі агонь часам суправаджаўся ружэйным і кулямётным і працягваўся 8 з паловай гадзін».

У выніку гэтай атакі толькі ў 253-м Перакопскім палку, які, як лічылася, пацярпеў меней, агульны лік атручаных ніжніх чыноў склаў 350 чалавек, зь якіх 150 сканалі. Былі атручаныя і ўсе афіцэры 2 і 4 батальёнаў, якія знаходзіліся пры штабе палку.

Могілкі ў вёсцы Залесьсе. Тут пахаваны ахвяры першай газавай атакі на тэрыторыі Беларусі падчас першай сусьветнай вайны

Могілкі ў вёсцы Залесьсе. Тут пахаваны ахвяры першай газавай атакі на тэрыторыі Беларусі падчас першай сусьветнай вайны

Расейскія войскі, паводле гісторыкаў, ведалі пра магчымыя газавыя атакі германцаў і рабілі пэўныя захады, каб зьменшыць наступствы ад удушлівых газаў. Ужываліся адмысловыя павязкі на твар, пры набліжэньні газавай хмары рэкамэндавалася распальваць вогнішчы з саломы, каб яе разьвейваць, выкопваць адмысловыя канавы, якія запаўняліся вадой. У 1916 годзе ў расейскім войску зьявіліся адгазьнікі. Але значнага эфэкту гэта не давала, асабліва пры абстрэле снарадамі з атрутнымі газамі. Пасьля газавых атак абстраляная тэрыторыя доўгі час заставалася небясьпечнай. Вось што паведамляў у данясеньні камандзір 3-га батальёну 254-га Мікалаеўскага пяхотнага палку падпалкоўнік Ціханаў:

«У акопах амаль нікога не застаецца. У дадзены момант гэта не баявая часьць, а рэдкая вартавая ахова, мала здольная да супраціву. Трэба зрабіць захады дзеля хуткага ўзмацненьня гэтага ўчастку, бо газы, нягледзячы на дэзынфэкцыю, яшчэ дзейнічаюць».

Супрацьхімічную апрацоўку акопаў і бліндажоў расейскія войскі рабілі растворам соды і вапны, але нормы выдачы гэтых сродкаў былі ў разы меншыя за патрэбу. Нямецкія войскі, як пішуць гісторыкі, добра ведалі пра недахоп сродкаў барацьбы з газамі ў расейскім войску.

Газавыя атакі германцаў пад Смаргоньню паўтарыліся дакладна празь месяц, у ліпені 1916 году, калі тыя ж пазыцыі заняла Каўкаская пяхотная дывізія. Гісторыкі згадваюць пра подзьвіг афіцэраў падчас атакі нямецкай пяхоты сьледам за «газавым агнём», якія зьнялі маскі, каб салдатам лепш было чуваць іхнія каманды, і ўсе загінулі.

Ужо ў жніўні 1916 году там жа, пад Смаргоньню, упершыню на Заходнім фронце расейцы ўжылі ўдушлівыя газы супроць германскіх войскаў. У кастрычніку 1916 году расейцы ўжылі газы супроць пазыцыяў германцаў пад Баранавічамі. Германцы адказвалі расейцам газавымі атакамі ў раёне возера Нарач.

Паводле падлікаў, пад Залесьсем ад газаў загінула каля трох соцень вайскоўцаў

Агульныя страты расейскіх войскаў ад ужываньня германцамі газаў гісторыкі ацэньваюць у 25 тысяч чалавек.

Дасьледчык помнікаў першай сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі журналіст Уладзімер Багданаў апавёў пра знойдзеныя ім могілкі расейскіх вайскоўцаў, ахвяраў «газавага агню» пад Смаргоньню:

«У 2012 годзе ў інтэрнэце зьявіўся альбом расейскага лекара Аляксандра Зусмановіча, у якім адно фота было падпісана гэтак: „Брацкая магіла загінулых ад удушлівых газаў, якія пусьціў праціўнік насупраць ст. Залесьсе. 1916 год“. На фота была брацкая магіла на фоне царквы, далей стаялі каменныя помнікі. Царква тая зьнікла яшчэ ў 60-х гадах, але могілкі збольшага засталіся. Паехаў туды, хадзіў па іх, хадзіў, але без царквы нічога не зразумела. Аднак удалося разгаварыць мясцовага старога, які паказаў, як стаяла царква, і па помніках, якія цудам захаваліся, дакладна вызначыць месца брацкай магілы. Там цяпер проста пустая пляцоўка, але, спадзяюся, паўстане помнік. Паводле падлікаў, пад Залесьсем ад газаў загінула каля трох соцень вайскоўцаў. Гэта каля 8% ад агульных стратаў у тых баях.

Яшчэ ёсьць вялікія могілкі ахвяраў менавіта газавай атакі немцаў каля вёскі Вялікая Лотва ў Ляхавіцкім раёне. Што да асобных могілак нямецкіх салдат, якія загінулі ад газавых атак расейцаў, такіх мне сустракаць не даводзілася. Але ў маёй калекцыі ёсьць нямецкія фатаздымкі, зробленыя падчас расейскіх газавых атак», — паведаміў Уладзімер Багданаў.

Могілкі ў вёсцы Вялікая Лотва ў Ляхавіцкім раёне. Фота Ўладзімера Багданава

Могілкі ў вёсцы Вялікая Лотва ў Ляхавіцкім раёне. Фота Ўладзімера Багданава

На фота.

XS
SM
MD
LG