Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Бялкоўскі: Пуцін хоча разьбіць Украіну на княствы


Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

Заявы Пуціна аб неабходнасьці пераносу «рэфэрэндуму» на ўсходзе Ўкраіны і прызнаньні заплянаваных Кіевам выбараў зьяўляюцца хітрасьцю. Прэзыдэнт Расеі не адмовіўся ад сваёй стратэгічнай мэты зьнішчыць Украіну. Такое меркаваньне выказаў Свабодзе расейскі палітычны экспэрт Станіслаў Бялкоўскі.

У сераду прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны адкласьці пляны па правядзеньні так званых «рэфэрэндумаў», заплянаваных на 11 мая гэтага году. Пасьля сустрэчы ў Маскве з прэзыдэнтам Швэйцарыі, якая цяпер старшынюе ў АБСЭ, Дыд’е Буркгальтэрам Пуцін прапанаваў прарасейскім сэпаратыстам правесьці «рэфэрэндумы» пазьней.

Уладзімер Пуцін назваў заплянаваныя ў Кіеве прэзыдэнцкія выбары рухам у правільным кірунку. Праўда, ён адзначыў, што такія выбары нічога ня вырашаць, калі ўсе грамадзяне Ўкраіны ня будуць разумець, як гарантаваць іх правы пасьля выбараў.

Расейскі экспэрт: Пуцін хоча глыбокай фэдэралізацыі Ўкраіны


У намерах Пуціна што да Ўкраіны нічога не зьмянілася, любыя ілюзіі адносна магчымага зьмякчэньня пазыцыі прэзыдэнта Расеі зьяўляюцца лішнімі. Гэта канстатаваў у камэнтары Радыё Свабода расейскі палітычны экспэрт Станіслаў Бялкоўскі.

Стратэгічна Пуцін не зьмяніў сваіх «украінскіх плянаў» ні на ёту, лічыць Станіслаў Бялкоўскі. Як чалавек вельмі ўпарты, пасьлядоўны, прэзыдэнт Расеі не адмовіўся ад ідэі зьнішчыць Украіну як дзяржаву ў цяперашнім выглядзе. Ён да гэтага часу імкнецца адсекчы ад Украіны ад шасьці да васьмі расейскамоўных рэгіёнаў, сьцьвярджае Бялкоўскі. І зручная для Пуціна схема — так званая глыбокая фэдэралізацыя зь пераўтварэньнем Украіны ў фактычна канфэдэрацыю асобных княстваў. І ў гэтых княствах Масква з дапамогай грошай і паліттэхналёгіяў расставіць сваіх людзей у кіраўніцтва.

Пры гэтым Бялкоўскі адзначае, што Пуцін наўрад ці ўвядзе зараз войскі ва Ўкраіну. Не таму, што баіцца супраціву Ўзброеных Сілаў Украіны, а таму што хоча захаваць прастору для манэўру. Таму што пасьля акупацыі часткі тэрыторыі іншай дзяржавы любыя кантакты з Захадам спыняцца. А пакуль яны працягваюцца, і Пуцін гуляе ў гэтых кантактах «белымі».

«Пуцін ня хоча, каб сытуацыя была занадта напружанай. Але, нягледзячы ні на што, Пуцін ідзе сваім шляхам. Нават калі ён дазволіць правесьці выбары 25 траўня, гэта яшчэ не азначае, што Пуцін ня будзе працягваць свой шлях сілавых, вайсковых правакацыяў для зьнішчэньня Ўкраіны», — кажа экспэрт.

Юры Рубан: Пуціну не атрымалася «ўзяць на слабо» Захад


Юры Рубан
Юры Рубан
Украінскі палітоляг Юры Рубан лічыць эфэктыўнымі санкцыі Захаду супраць Расеі. Маналітнасьць процідзеяньня стала нечаканасьцю для Пуціна, і таму не атрымалася, як кажуць расейцы, «узяць на слабо» Захад. Адначасова Масква прызнала, што разыграць на Данбасе «крымскі сцэнар» не атрымаецца, канстатуе Юры Рубан.

«Зразумела, што сэпаратысты шчодра забясьпечваюцца зброяй. Зразумела, што там ёсьць канал іх фінансаваньня. Але вялікага энтузіязму сярод мясцовага насельніцтва гэта не выклікае. Зразумела, што сама ідэя правядзеньня заплянаванага на 11 траўня рэфэрэндуму ператварылася ў пародыю», — лічыць Юры Рубан.

Андрэй Піянткоўскі: Пуцін баіцца за свае грошы


Голас Амэрыкі сабраў меркаваньні экспэртаў што да апошніх заяў Пуціна.
Андрэй Піянткоўскі
Андрэй Піянткоўскі
Расейскі публіцыст і палітоляг Андрэй Піянткоўскі назваў выступ Уладзімера Пуціна «капітуляцыяй і самым буйным публічным палітычным прыніжэньнем і паразай Пуціна за гады яго прэзыдэнцтва». На думку Піянткоўскага, прэзыдэнт Расеі «будзе манэўраваць, будзе старацца выратаваць твар, але гэта велічэзная страта твару перад расейскай патрыятычнай грамадзкасьцю».

На ягоную думку, галоўная заслуга ў зьмене курсу Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны належыць кіраўніку фінансавай выведкі Міністэрства фінансаў ЗША Дэвіду Коэну. 4 траўня ў эфіры тэлеканала CNN на пытаньне, ці вядома фінансавай выведцы ЗША пра асабістыя капіталы Ўладзімера Пуціна і яго атачэньня, Дэвід Коэн са сьмехам адмовіўся адказваць і спаслаўся на тое, што гэта ўжо дадзеныя выведвальнага характару.

«Уласна, публічнае выкрыцьцё яго рахункаў перад сусьветнай грамадзкасьцю і расейскай — значна больш страшная пагроза для Пуціна, чым іх простае замарожваньне. Вы можаце сказаць, што гэта і так дастаткова вядома з Інтэрнэту. Але адна справа, калі пра гэта пішуць у Інтэрнэце, кажуць Нямцоў і Мілаў, Бялкоўскі і Піянткоўскі, а іншая справа, калі вось афіцыйныя органы публікуюць такую „Белую кнігу“, дзе, як любіць казаць Пуцін, яўкі, адрасы, паролі і гэтак далей. Гэта зрабіла б, мне здаецца, аглушальнае ўражаньне», — лічыць Андрэй Піянткоўскі.

Канстанцін Затулін: словы былі прызначаныя Буркгальтэру

Канстанцін Затулін
Канстанцін Затулін
Дырэктар Інстытуту краінаў СНД Канстанцін Затулін сказаў, што ў расейскай пазыцыі з нагоды падзеяў ва Ўкраіне практычна ўсё засталося па-ранейшаму. «Я ня бачу тут рэвалюцыйнага эпізоду, які можа быць падставай для высноваў (якія далёка заходзяць), што мы на 180 градусаў разьвярнуліся або памянялі сваю ранейшую пазыцыю».

Па словах дырэктара Інстытута краінаў СНД, «Пуцін у чарговы раз кажа, што, якім бы крокам у правільным кірунку не былі выбары ці не падаваліся б выбары (прэзыдэнта Ўкраіны — РС), на самай справе, без папярэдніх дамоўленасьцяў яны бессэнсоўныя».

Стывэн Бланк: Пуцін сутыкнуўся з большымі цяжкасьцямі, чым чакаў

Стывэн Бланк
Стывэн Бланк
Стывэн Бланк, старшы навуковы супрацоўнік Амэрыканскай рады па зьнешняй палітыцы (American Foreign Policy Council), у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» пракамэнтаваў заявы Ўладзімера Пуціна наступным чынам:

«Заява, зробленая Пуціным, я думаю, дэманструе, што ён мае справу з большай колькасьцю цяжкасьцяў, чым чакаў. Гэта таксама можа быць знакам яго разуменьня таго, што могуць рушыць усьлед яшчэ больш жорсткія санкцыі, і ён прымае гэта ў разьлік. Я, аднак, ня думаю, што гэта наблізіць працэс да мірнага вырашэньня. Я думаю, што яны будуць працягваць чыніць ціск на ўкраінскі ўрад у гэтых рэгіёнах для таго, каб перашкодзіць правядзеньню выбараў 25 траўня. Пуцін будзе і далей імкнуцца дэстабілізаваць сытуацыю, каб прадэманстраваць, што ўкраінскія ўлады не валодаюць сытуацыяй і ня могуць кіраваць краінай».

«Пры гэтым я лічу, што выбары 25 траўня будуць праведзеныя, і Расея прайграе з-за свайго ўварваньня, акупацыі і анэксіі Крыму. Яны ж увязаліся ў вайну з Украінай для таго, каб зрабіць яе часткай Эўразійскага саюзу, а замест гэтага яны атрымалі Крым, які для расейскай эканомікі стане вельмі вялікім цяжарам па велізарнай геапалітычнай цане», — мяркуе экспэрт.

На думку Стывэна Бланка, калі выбары 25 траўня ва Ўкраіне адбудуцца, і Пётар Парашэнка, як прагназуюць, пераможа, то ў сэпаратыстаў паўднёвага ўсходу Украіны будуць вялікія праблемы: «У іх няма кандыдата. Яны ніколі не спрабавалі сфармаваць палітычныя рухі, партыі, што само па сабе дэманструе, што іх мэтай быў пераход тэрыторыі да Расеі, а не стварэньне нейкай альтэрнатыўнай Украіны. Я думаю, што, калі выбары, як плянуецца, адбудуцца, яны апынуцца ў тупіку».

Аднак, падкрэсьлівае аналітык, Пуцін «па-ранейшаму будзе спрабаваць дыскрэдытаваць Украіну як дзяржаву іншымі спосабамі, будзе працягваць выкарыстоўваць усе рычагі ўплыву, якія знаходзяцца ў яго распараджэньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG