Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША хочуць ад Пуціна спраў, а ня заклікаў


Прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Джэн Сакі

Прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Джэн Сакі

Дзярждэпартамэнт Злучаных Штатаў назваў «рэфэрэндум», які сэпаратысты ў Данбасе плянуюць на 11 траўня «нелегальным і нелегітымным».

«Прапанаваны рэфэрэндум 11 траўня зьяўляецца адначасова нелегальным і нелегітымным. Мы павінны бачыць больш дзеяньняў, накіраваных на дээскаляцыю канфлікту ва Ўкраіне ад прэзыдэнта Пуціна, а ня толькі званкі з заклікам адкласьці рэфэрэндум», — так пракамэнтавала прэс-сакратарка Дзярждэпартамэнту ЗША Джэн Сакі заклік прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна да прыхільнікаў фэдэралізацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Заява Пуціна «зьяўляецца карысным крокам, але Пуцін і расейцы могуць зрабіць больш для дээскаляцыі і для правядзеньня бясьпечных выбараў», — дадала яна.

«Што тычыцца выбараў 25 траўня — мы падтрымліваем іх правядзеньне і лічым гэта крокам наперад для ўкраінскіх грамадзян. Мы заклікаем Расею выкарыстоўваць свой уплыў на ўзброеныя групоўкі з мэтай забесьпячэньня бясьпечнага асяродзьдзя для ўсіх грамадзян, якія будуць галасаваць на выбарах 25 траўня», — заявіла прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартамэнта.

«Расея можа падтрымаць украінскі дэмакратычны працэс. Яны могуць падтрымаць права ўсіх украінцаў прыняць удзел у выбарах 25 траўня, адмовіцца ад умяшальніцтва ў падрыхтоўку да выбараў і выкарыстоўваць свой уплыў на ўзброеных баевікоў, якія спрабуюць умяшацца у гэта», — дадала яна.

Паводле Сакі, украінскі ўрад актыўна рыхтуецца да выбараў па ўсёй Украіне: адбываецца рэгістрацыя выбаршчыкаў, друк і распаўсюд выбарчых бюлетэняў, фармаваньне выбарчых камісій, разгортваньне місій міжнародных назіральнікаў:

«Украінцы працуюць над тым, каб кожны выбаршчык мог прагаласаваць. Напрыклад, ствараюцца альтэрнатыўныя выбарчыя ўчасткі для тых, хто пражывае ў Крыме. Часам мы забываемся, што большая частка Ўкраіны застаецца спакойнай. Ёсьць толькі некалькі рэгіёнаў, дзе дзейнічаюць узброеныя баевікі, якія выклікаюць у нас непакой. Мы працягваем верыць, што выбары — гэта правільны крок».

На пытаньне, ці бачаць ЗША прыкметы адводу расейскіх войскаў ад мяжы з Украінай, Джэн Сакі заявіла, што пакуль «ня бачыць доказаў падобных дзеяньняў, Расея рабіла падобныя заявы ў сакавіку, але не стрымала свайго абяцаньня».

XS
SM
MD
LG