Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яцанюк параіў Пуціну «не гандляваць паветрам»


Арсені Яцанюк
Арсені Яцанюк

Прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк скэптычна ацаніў заклік прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна да сэпаратыстаў, каб яны адклалі заплянаваны на 11 траўня рэфэрэндум.


«Уладзімер Уладзімеравіч, гандляваць паветрам неяк не да твару Вам, як прэзыдэнту вялікай краіны», — сказаў Яцанюк пасьля выязнога пасяджэньня ўрада ў Харкаве.

«Тое, што Расея просіць перанесьці нейкі рэфэрэндум 11 траўня, дык трэба праінфармаваць расейскага прэзыдэнта, што 11 чысла ва Ўкраіне ніякі рэфэрэндум не быў заплянаваны. А калі тэрарысты і сэпаратысты, якія падтрымліваюцца Расеяй, атрымалі каманду перанесьці тое, што не плянавалася, так гэта іх унутраныя разборкі», — адзначыў кіраўнік украінскага ўрада.

Прэм’ер-міністар таксама выказаў зьдзіўленьне, што «ўкраінскае пытаньне» актыўна абмяркоўвалася на сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Швайцарыі Ўладзімера Пуціна і Дыдзье Булгхалтэра без прадстаўнікоў Кіева:

«Я быў трохі зьдзіўлены тым, што ў Маскве абмяркоўваецца пытаньне Ўкраіны без Украіны, без ЗША і ЭЗ, паколькі менавіта ў гэтым фармаце адбылася першая сустрэча ў Жэнэве, і менавіта ад выкананьня гэтых пагадненьняў адмовілася Расейская Фэдэрацыя».

Акрамя таго, Яцанюк спадзяецца, што АБСЭ падтрымае «дарожную мапу» па выхадзе з украінскага крызысу, прапанаваную афіцыйным Кіевам і якая «істотна адрозьніваецца ад таго, што было заяўлена ў Маскве».

«Асноўнае адрозьненьне ў тым, што наша мэта — рэальная стабілізацыя сытуацыі ва Ўкраіне, якая зьвязана толькі з адным — пазыцыяй Расейскай Фэдэрацыі. Калі Расея адклікае свае дывэрсійныя групы, спыняе іх падтрымліваць і фінансаваць, адводзіць войскі, тады сытуацыя ва Ўкраіне будзе стабілізаваная», — адзначыў прэм’ер-міністар Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG