Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Невялікая Беларусь задушыла вялікую Расею


Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін

Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін

Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што Расея і Казахстан ня хочуць ісьці на поўную лібэралізацыю рынку аўтаперавозак у ствараным Эўразійскім эканамічным саюзе.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва Інтэрфакс.

«Тут абсалютна неадназначная сытуацыя. Ні Расея, ні Казахстан ня хочуць ісьці на раўнапраўныя адносіны ў Саюзе ў гэтым сэктары (аўтаперавозкі)», — заявіў Аляксандар Лукашэнка ў пятніцу ў Менску на цырымоніі ўручэньня дзяржаўных узнагародаў, адзначаючы заслугі Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў.

Ён нагадаў, што нядаўна тэма фармаваньня агульнага рынку транспартных паслуг у Эўразійскім эканамічным саюзе абмяркоўвалася на саміце ў Менску.

«Гэтае пытаньне (рынак транспартных паслуг) вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася зусім нядаўна трыма прэзыдэнтамі падчас сустрэчы па пытаньнях будаўніцтва нашага эканамічнага саюзу», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка.

«Я жорстка паставіў пытаньне: ну чаму? А таму, што беларускія аўтаперавозчыкі на галаву вышэйшыя за расейцаў і казахаў, зь імі немагчыма канкураваць», — распавёў прэзыдэнт пра сваю гутарку з расейскім і казахстанскім калегамі.

«Я сказаў: вось справы, невялікая Беларусь задушыла вялікую Расею», — працягнуў Аляксандар Лукашэнка.

«Сапраўды, у гэтым ёсьць вялікі сэнс: нашы аўтаперавозчыкі па-за канкурэнцыяй на постсавецкай прасторы, і ня толькі, — у Эўропе», — падкрэсьліў беларускі лідэр.
XS
SM
MD
LG