Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пакідае Лукашэнку бяз грошай. Усё пытаньне: на які час?


Адмена бязмытнага гандлю нафтай у Эўразійскім эканамічным саюзе адкладаецца да 2025 году. Меркаваньні беларускіх экспэртаў пра такое разьвіцьцё падзеяў.

Адмена бязмытнага гандлю нафтай у Эўразійскім эканамічным саюзе адкладаецца да 2025 году. Мыта на газ могуць скасаваць на пару гадоў раней. Пра гэта заявіў позна ўвечары 29 красавіка ў Менску старшыня калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысьценка на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай вынікам перамоваў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Пуціна і Нурсултана Назарбаева. Ён паведаміў таксама, што цяперашняя праблема нафтавага мыта можа быць вырашана паміж Масквой і Менскам шляхам двухбаковых перамоваў. Меркаваньні беларускіх экспэртаў пра такое разьвіцьцё падзеяў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: вынікі ўчорашняй сустрэчы не такія ўжо і дрэнныя для беларускага лідэра, як гэта можа здацца на першы погляд:
Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Лукашэнка вельмі добра разумее сытуацыю з Крамлём, які ня можа дазволіць сабе губляць партнэраў па інтэграцыйным праекце. Гэта той час, калі можна ціснуць на Крэмль, каб альбо атрымаць новыя прэфэрэнцыі, альбо ліквідаваць сёньняшні рэжым гандлю нафтай, калі Беларусь вяртае частку грошай назад расейцам. Гэтае пытаньне каштуе 4 мільярды даляраў.

Я думаю, што тры прэзыдэнты могуць празь месяц падпісаць фармальны дакумэнт. Але за гэта Лукашэнка ў межах саюзнай дзяржавы можа дамагчыся (няхай ня поўнага, але частковага) права на гандаль нафтапрадуктамі з расейскай нафты безь пераводу мыта ў расейскі бюджэт».

Карэспандэнт: «Прыкладна пра якую суму тады можа ісьці гаворка?»

«Два мільярды — гэта той мінімум, на які пагодзіцца Лукашэнка. Ён будзе атрымліваць цягам трох-чатырох гадоў не 21 мільён тон нафты, а 23 мільёны. Гэта той кампраміс, які яго задаволіць. Прытым Лукашэнка яшчэ пакідае за сабой права гандляваць таварамі, якія паступаюць па імпарце з Украіны. І яшчэ ён можа прэтэндаваць на нішу харчоў на рынку Расеі, якую раней займалі ўкраінцы».

А вось экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка называе ўчорашнія вынікі выключна нэгатыўнымі для Аляксандра Лукашэнкі. Эканаміст так абгрунтоўвае сваю пазыцыю:

«Па-першае, не было атрыманае тое, пра што так шмат гаварылі ў папярэднія месяцы, уключаючы самога Лукашэнку. Гэта — існаваньне Мытнага саюзу без усялякіх выняткаў і абмежаваньняў, што прынесла б Беларусі, паводле розных падлікаў, ад 3 да 4 мільярдаў даляраў.
Калі выняткі застаюцца, то Беларусь хацела б атрымаць узамен нейкія бонусы і кампэнсацыю Але пра гэта афіцыйна не было сказана ні слова

Другі момант — калі выняткі застаюцца, то Беларусь хацела б атрымаць узамен нейкія бонусы і кампэнсацыю Але пра гэта афіцыйна не было сказана ні слова. Хоць меркавалася, што гэта могуць быць крэдыты. Найперш, чарговы транш расейскага двухмільярднага крэдыту, прыкладна ў 350 мільёнаў даляраў. Плюс да гэтага не было нават намёку на апошні транш ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС».

Антон Болтачка называе дзьве прычыны, чаму Расея не ідзе цяпер насустрач Беларусі:

«Таму што Расея пачала лічыць грошы. Далучэньне Крыму патрабуе дадатковых інвэстыцыяў. Плюс да гэтага — санкцыі. Хоць Крэмль і робіць выгляд, што расейская эканоміка не пацерпіць ад амэрыканскіх і эўрапейскіх санкцыяў, насамрэч, паводле аналітычных дакладаў, Расею чакаюць сур’ёзныя наступствы. З-за гэтага Расеі патрэбныя грошы. І таму кожная капейка цяпер там падлічваецца.

Зараз, мне падаецца, Лукашэнка заклапочаны ўдвая. Грошай, на якія ён разьлічваў, ужо ня будзе дакладна. Прынамсі ў сёлетняй пэрспэктыве. А магчыма, іх ня будзе і ў наступным годзе».
XS
SM
MD
LG