Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэты менскі саміт Мытнага саюзу павінен быў стаць ключавым у стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭЭС). На пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету ў Маскве 24 сьнежня Расея, Беларусь і Казахстан дамовіліся, што тэкст пагадненьня аб утварэньні ЭЭС павінен быць гатовы да падпісаньня 1 траўня 2014 году. Затым дакумэнт трэба накіраваць на ратыфікацыю ў парлямэнты з прыцэлам на тое, каб з 1 студзеня 2015 году саюз пачаў дзейнічаць. Таму ў Менску 29 красавіка Аляксандар Лукашэнка, Уладзімер Пуцін і Нурсултан Назарбаеў павінны былі падпісаць пагадненьне і ўрачыста абвясьціць, што новы геапалітычны праект па інтэграцыі постсавецкай прасторы пасьпяхова рэалізуецца.

Але саюзьнікі чарговым разам не дамовіліся. І хоць старшыня Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысьценка заявіў, што ўсе асноўныя рознагалосьсі па праекце ўрэгуляваныя, але гэта ня больш як добрая міна пры дрэннай гульні. Бо калі ўсе рознагалосьсі ўрэгуляваныя, то чаму ж прэзыдэнты не падпісалі пагадненьня аб стварэньні ЭЭС? Дзеля гэтага прызначана новая дата — 29 траўня. У гэты дзень лідэры «тройкі» плянуюць сустрэцца ў Астане. Трохі сьмешна гучыць афіцыйная заява, што дакумэнт будзе прадстаўлены прэзыдэнтам для падпісаньня «ва ўстаноўлены загадзя тэрмін». Якраз такім тэрмінам было 1 траўня.

Адным з галоўных пунктаў супярэчнасьцяў стала пытаньне бязмытнага гандлю нафтай і газам. У яго вырашэньні найбольш зацікаўленая Беларусь. Афіцыйны Менск хоча, каб мыта на нафтапрадукты, якое Беларусь пералічвае Расеі, засталося ў беларускім бюджэце. Гаворка ідзе пра суму 3,3–4 млрд даляраў у год.

Калі меркаваць па выказваньнях Лукашэнкі, беларускі бок ставіў гэтае пытаньне ў форме амаль ультыматуму. Маўляў, Менск падпіша пагадненьне аб утварэньні ЭЭС толькі пры ўмове, што Расея пагодзіцца задаволіць патрабаваньне Беларусі. Выступаючы 22 красавіка з пасланьнем да народу, Лукашэнка заявіў:
«Я скажу маім гасьцям і калегам, ці жадаюць яны ствараць саюз, ці не... Давайце прыбярэм усялякія абмежаваньні. Але калі гатовыя сёньня толькі падпісваць дамову, а абмежаваньні прыбраць праз 10–15 гадоў, то вось тады і падпішам».

Ужо падчас саміту ў Менску Лукашэнка зноў завастрыў пытаньне:
«Кажуць, у нас могуць узьнікнуць складанасьці эканамічнага і бюджэтнага характару... Але тады і гаварыць пра Эўразійскі эканамічны саюз трэба празь дзесяць гадоў, калі сёньня да гэтага не гатовыя».

Незразумела, ці толькі гэтая пазыцыя Лукашэнкі сарвала падпісаньне дамовы аб утварэньні ЭЭС. Паводле заяваў Віктара Хрысьценкі, гэтае спрэчнае пытаньне дамовіліся вырашыць так. Пытаньні, зьвязаныя з узаемадзеяньнем у сфэры нафты, нафтапрадуктаў і газу ў межах «тройкі», будуць урэгуляваныя да 2025 году.

Але гэта ня значыць, што патрабаваньне Беларусі, каб мыта на нафтапрадукты заставалася ў беларускім бюджэце, ня будзе выконвацца да 2025 году, як гэта камэнтуюць некаторыя мэдыі. На дзесяць гадоў вырашэньне гэтага пытаньня адкладзенае толькі ў межах «тройкі».

Што тычыцца Беларусі і Расеі, то, як адзначыў Віктар Хрысьценка,
«мыта на нафтапрадукты на сёньняшні дзень зьяўляецца прадметам двухбаковых дамоўленасьцяў і да фармаваньня агульнага рынку застанецца прадметам урэгуляваньня на двухбаковай аснове».

То бок гэтае пытаньне вынесена за дужкі працэсу ўтварэньня ЭЭС і перанесена на ўзровень адносін Беларусі і Расеі. Што дрэнна для афіцыйнага Менску. Бо пагроза не падпісаць пагадненьне аб фармаваньні ЭЭС была моцным рычагом ціску на Маскву. Крэмль моцна зацікаўлены ў як найхутчэйшай рэалізацыі (ці абвяшчэньні пра рэалізацыю) згаданага геапалітычнага праекту, і дзеля гэтага мог бы ісьці на саступкі. Цяпер, калі пытаньне мыта вынесена за дужкі працэсу ўтварэньня ЭЭС, такі рычаг ціску на Маскву зьнікае. Застанецца толькі прасіць Маскву. А дагэтуль маглі патрабаваць. Гледзячы па ўсім, гэта раўнд беларускі бок прайграў.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG