Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму польская сьвініна бывае дрэнная, а беларуская – не


Эўразьвяз абскардзіў расейскае эмбарга на пастаўку сьвініны з ЭЗ, спасылаючыся на адсутнасьць падобных мер у дачыненьні да Беларусі.

8 красавіка Эўразьвяз ініцыяваў у Сусьветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) разьбіральніцтва адносна Расеі ў зьвязку з абвешчаным ёй эмбарга на прадукты са сьвініны з эўразьвязаўскіх краін. Адзін з аргумэнтаў – адсутнасьць аналягічнага эмбарга адносна сьвініны зь Беларусі, дзе таксама былі зафіксаваныя выпадкі афрыканскай чумы сьвіней.

Пра гэта паведамляе літоўскі партал ru.delfi.lt са спасылкай на Балтыйскае агенцтва навін BNS. Паколькі ЭЗ і Расеі не ўдалося дамовіцца паміж сабой, у Эўракамісіі не засталося іншага выйсьця, як зьвярнуцца ў СГА з патрабаваньнем правесьці афіцыйныя кансультацыі з Расеяй.

Паведамляецца, што вынікам забароны стала зьніжэньне экспарту сьвініны з ЭЗ на 25%. «Поўная забарона Расеі на ўвоз эўрапейскай сьвініны зьяўляецца відавочна непрапарцыйнай і супярэчыць правілам СГА. Гэта быў невялікі інцыдэнт, калі былі выяўленыя заражаныя дзікі каля мяжы зь Беларусьсю (у Літве), а распаўсюджваньне вірусу было спыненае адпаведнымі эўрапейскімі ведамствамі.

Эўропа будзе абараняць сваіх вытворцаў сьвініны, і ў гэтым сэнсе ў яе няма іншых магчымасьцяў, як пачаць справу ў СГА», – цытуюць агенцтвы адказнага за гандаль эўракамісара Карла дэ Гухта. У сваю чаргу, эўракамісар у пытаньнях аховы здароўя Тоні Борг адзначыў, што Расея адмаўляецца разглядаць прапанову ЭЗ аб забароне экспарту толькі з пэўных тэрыторый у Літве і Польшчы, дзе выяўленая АЧС. Пры гэтым імпарт сьвініны зь Беларусі не забараняецца, хаця там таксама былі зафіксаваныя выпадкі афрыканскай чумы. Пасьля ініцыяваньня разбору ў дачыненьні да Расеі на працягу 60 дзён зь ёю будуць ісьці перамовы. Калі яны не прывядуць да посьпеху, у Эўразьвязу зьявяцца падставы прасіць СГА стварыць камісію, якая будзе разьбірацца, ці законныя меры, якія прымае Расея.
XS
SM
MD
LG