Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Капцёўка блізу Горадні на слупах разьвесілі аб’явы з патрабаваньнямі да 1 сьнежня пазбыцца ўсіх сьвіней на прыватных падворках.

Людзі нязгодныя, бо не ўяўляюць, як пражыць у вёсцы без свайго мяса. Асабліва іх абурае тое, што ніхто з уладаў афіцыйна не патлумачыў ім, на якой падставе яны павінны гэта зрабіць.

Вёска Капцёўка літаральна за некалькі кілямэтраў ад Горадні. Размаўляю зь некалькімі гаспадарамі. Адчуваецца: людзі вельмі ўсхваляваныя.

Спадарыня: «Напісалі ў аб’явах, што калі да 1 сьнежня не пазбавімся сьвіней, то будуць канфіскоўваць прымусова без усякіх кампэнсацыяў.

А яшчэ да першага можам зарэзаць і здаць».

Спадар: «Ну вось я здаў парсюка на 300 кіляграмаў, а мне заплацілі па дзевяць з паловай тысяч за кіляграм. Ну адкуль яны такую цану ўзялі? Бо прыватны нарыхтоўшчык, калі браў у мяне жывой вагой, то плаціў да 24 тысяч за кіляграм. Мне цікава, чаму так і за мае грошы?»

Людзей абурае, што прымушаюць збываць сьвіней з прыватных падворкаў — маўляў, яны ў 5-кілямэтровай зоне ад сьвінакомплексу.

Спадар: «Ну вось я прачытаў, што чума вядомая з 1905 году, а сьвінакомплексы пабудавалі ў 90-я. Значыцца, начальства, калі будаваліся комплексы, павінна было ведаць, што іх трэба было будаваць ня меней за 5 кілямэтраў. І навошта цяпер людзей уціскаць? Калі ўціскаюць, то павінна быць адпаведная кампэнсацыя».

Яшчэ насельніцтва абуранае тым, што начальства вывешвае аб’явы на слупах, але ніхто практычна зь людзьмі не гаворыць, нічога ім не тлумачыць. І самае галоўнае — людзям не паказваюць ніякіх пісьмовых рашэньняў, пастаноў, ніякіх дакумэнтаў з афіцыйнымі подпісамі і тлумачэньнямі, на якой падставе зьнішчаюць сьвіней.

Спадарыня: «Яны проста ходзяць і гавораць. Нічога не паказваюць, ніякіх пастановаў, рашэньняў бяз подпісаў начальства. Маўляў, пастанова аблвыканкаму…»

Спадар: «А павінна ж быць дзяржаўная папера, падпісаная…»

Іншы спадар: «Я быў у сельсавеце, размаўляў — усе ўсьміхаюцца і нічога ня кажуць. Дык мы ж усе адукаваныя. Пакажыце па тэлебачаньні, раскажыце па радыё, у газэце надрукуйце, напішыце — чый гэта загад, калі прыняты, кім падпісаны, ці зацьверджаны парлямэнтам…»

У людзей склалася думка, што афрыканскую чуму нехта спэцыяльна выдумаў, каб зьнішчыць сьвіней на прыватных падворках.
У нас ачага чумы няма, а калі будзе на сьвінакомплексе, то няхай зьнішчаць спачатку сьвінакомплекс…

Спадар: «У нас ачага чумы няма, а калі будзе на сьвінакомплексе, то няхай зьнішчаць спачатку сьвінакомплекс, а потым мы свае панішчым. Няхай пакажуць, дзе ў нас чума — у Солах, Капцёўцы ці яшчэ дзе…»

Іншы спадар: «Я гатовы паехаць за свае грошы ў любы куток Беларусі, і няхай мне пакажуць, дзе тая чума…»

Яшчэ адна спадарыня кажа, што безь сьвіней у вёсцы пры сёньняшніх заробках ім не ўтрымаць сям’ю. Сама яна шматдзетная маці, мае мільён 300 пэнсіі і дарабляе яшчэ 2 з паловай мільёны ў калгасе. Ейны муж зарабляе каля 4 мільёнаў.

Спадарыня: «Уявіце, у мяне тры студэнты і тры школьнікі. Як і за што іх карміць, што я, таго мяса накупляюся? А сьвіньню б здала, 3–4 мільёны атрымала і паехала б у горад на рынак, то хоць курткі б дзецям купіла».

Ейны муж: «У верасьні заплаціў за вучобу 6 мільёнаў 800 тысяч, у лютым яшчэ трэба плаціць — з чаго? Калі мы нават удваіх не атрымліваем 6 мільёнаў 800. З чаго заплаціць за гэтую вучобу дзіцяці?»

Людзі ўстрывожаныя тым, што зусім ня ведаюць, як паводзіць сябе ў сытуацыі, калі да іх прыйдуць прымусова забіраць сьвіней. Ніякія юрысты нічога ня могуць ім парадзіць.

Спадар: «Я ад насельніцтва Капцёўкі прашу, каб нейкі добры юрыст дапамог нам парадай — як нам захоўвацца ў гэтай сытуацыі. Ці нам брацца за вілы, калі прыйдуць у двор, ці няхай нам усё патлумачаць, пакажуць пастановы зацьверджаныя, на якой падставе і як павінны канфіскоўваць сьвіней. Ну ўсё, усё, усё падрабязна…»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG