Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Урываюцца ў хлеў, забіраюць сьвіньню і парасят — і ні капейкі за гэта ня плацяць...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 31 ліпеня 2013 году

У тых вясковых жыхароў, якія трымаюць гаспадарку, гадуюць жывёлу, гэтае лета — надзвычай трывожнае. То з аднаго, то з другога рэгіёна прыходзяць паведамленьні пра ачагі эпідэміі афрыканскай чумы сьвіней. Спрабуючы супрацьстаяць гэтай бядзе, улады ў шэрагу мясьцін зьнішчаюць усё пагалоўе сьвіней — ня толькі на калгасных фэрмах, але і ў хлеўчуках калгасьнікаў. Як гэта адбываецца і чым суправаджаецца?

Зь ліста на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наша слухачка Галіна Чарняк зь Іўя Гарадзенскай вобласьці піша:

«Хочацца проста крычаць, зьвяртацца да ўсяго нашага народу Беларусі і да міжнароднай супольнасьці. Няўжо нельга прыняць ніякіх мер да гэтага Лукашэнкі і ягоных памагатых, якія пазабівалі нашых здаровых сьвіней і парасят? Абгрунтоўваюць гэта тым, што нібыта чума. Ды ніякай чумы ў нас не было. А гэта нейкае вучэньне з рабункам — крадзеж таго, што людзі нажылі сваёй цяжкай штодзённай працай. Бо што такое сьвіньня ў гаспадарцы простага чалавека? Гэта ж колькі грошай трэба было аддаць на муку, на камбікорм... Асабіста я на 600 тысяч купіла... А колькі бульбы? А колькі цяжкіх саганоў трэба было цягаць, кормячы скаціну!

І вось яны ўрываюцца ў хату, у хлеў, за адну гадзіну забіраюць і сьвіньню, і парасят — і ні капейкі за гэта ня плацяць. Што ж гэта такое робіцца!

Афіцыйнае тэлебачаньне і радыё паведаміла, што людзям нібыта кампэнсуюць страты: па 14 тысяч за кіляграм. Але ж гэта няпраўда! Ніякай кампэнсацыі нам не давалі. Проста абрабавалі — і ўсё! Няхай яны будуць праклятыя!»


Няцяжка зразумець роспач і крыўду гэтай жанчыны. Хатняя гаспадарка для многіх у вёсках і невялікіх гарадах, дзе цяжка знайсьці працу, засталася галоўнай крыніцай даходу і спосабам выжываньня.

Чыноўнікі, спадарыня Галіна, спасылаюцца на тое, што адразу выплаціць кампэнсацыі ня маюць магчымасьці, абяцаюць, што грошы знойдуцца ў бліжэйшы час.

Грошы яны, можа, і знойдуць. А вось людзкі давер — наўрад ці. Не выпадае спрачацца наконт сур’ёзнасьці небясьпекі, якая ўзьнікла ў сувязі з эпідэміяй. Але хто замінаў уладзе цярпліва і даходліва растлумачыць усё людзям, перш чым высылаць гэтыя, так бы мовіць, «зьнішчальныя» атрады? Урэшце, чаму было адразу не парупіцца пра грошы на кампэнсацыі, каб на месцы выплачваць іх людзям і хоць гэткім чынам крыху ўлагодзіць крыўды і непаразуменьні?

Наш слухач Аляксандар Пуранкоў зь вёскі Лешча Аршанскага раёну даслаў цікавае паведамленьне пра тое, зь якімі новымі патрабаваньнямі сутыкнуліся тыя адмыслоўцы, якія працуюць у дзяржаўных структурах. Спадар Аляксандар піша:

«Адзін мой знаёмы лекар перадаў паперку, якую яго прымусілі падпісаць на працы. Гэтую паперку пад назвай „Абавязаньне па выкананьні абмежаваньняў, устаноўленых для дзяржаўных службовых асобаў законамі аб барацьбе з карупцыяй і аб дзяржаўнай службе“, я вырашыў даслаць вам.

Незадаволеных гэтым рэжымам у нашай краіне цяпер ужо ня проста шмат — а зашмат. Народ зразумеў, што той, хто кіруе краінай, можа кіраваць хіба што канём. І чым больш незадаволеных, тым мацней гэты рэжым будзе сьціскаць за горла ўласны народ»
.

Дакумэнт, што даслаў спадар Аляксандар, — гэта пералік абавязаньняў, якія мусіць узяць на сябе дзяржаўны службовец і якія, паводле задумы ініцыятараў, павінны засьцерагчы ад таго, каб гэты чыноўнік стаў на карупцыйную сьцежку. Некаторыя з абавязаньняў зусім слушныя і зразумелыя: напрыклад, забарона займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю, альбо аказваць спрыяньне сваякам, выкарыстоўваючы службовае становішча, альбо атрымліваць падарункі за выкананьне службовых абавязкаў. Але ёсьць і тыя, што выклікаюць пытаньні. Напрыклад, дзяржаўны службовец павінен паабяцаць, што ня будзе браць удзелу ў страйках альбо атрымліваць дзяржаўныя ўзнагароды замежных дзяржаў без адмысловай згоды на тое прэзыдэнта Беларусі.

Ігнат Гавенскі з Полацку свой ліст на Свабоду пачынае са згадкі, што час прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі вымяраецца ўжо амаль двума дзесяцігодзьдзямі. Слухач піша:

«Цяпер ужо ўся палітычная і эканамічная сыстэма ў дзяржаве падначалена адной галоўнай задачы: любой цаной утрымаць асабістую ўладу гэтага чалавека. Тэарэтычна Лукашэнка можа цараваць у Беларусі яшчэ гадоў 20 ці 30 — да сваёй сьмерці. Але беларусам давялося б заплаціць за гэта дужа вялікую цану. Фактычна размова ідзе пра поўную палітычную, эканамічную, культурную і маральную дэградацыю краіны.

І тут ёсьць адзін цікавы аспэкт. Як сьведчыць гісторыя, ніякі сацыялізм уласнымі сіламі зьвесьці канцы з канцамі ня здольны. Яму патрабуецца альбо масавы рабунак народа (як было пры Сталіну); альбо захопніцкія войны (як рабіў Гітлер); альбо нафтавая жыла і паток нафтадаляраў з-за мяжы (позьні брэжнеўскі СССР); альбо танныя газ і нафта ўзамен за братэрскія пацалункі (досьвед Лукашэнкі). Але цяпер Расею на пацалункі ўжо не разьвядзеш: гэты бізнэс для Лукашэнкі скончыўся... Куды ж яму падацца?

Расея за сваю падтрымку патрабуе стварэньня на беларускай тэрыторыі расейскіх вайсковых баз; прыватызацыі расейцамі найбольш пасьпяховых беларускіх прадпрыемстваў; у пэрспэктыве — увядзеньня расейскага рубля.

Эўразьвяз таксама гатовы весьці перамовы, але і ў яго ёсьць цяжкія для Лукашэнкі патрабаваньні: вызваленьне палітвязьняў; прававая і эканамічная лібэралізацыя; часткова — адыход ад непадзельнага ўплыву Расеі.

Ёсьць яшчэ Кітай, да якога Лукашэнка таксама можа прыхінуцца. Там маюць уласную праграму экспансіі. Яны б хацелі завезьці сюды сотні тысяч сваіх працоўных мігрантаў, паадчыняць свае заводы, пабудаваць чайна-таўны... Асабіста я ня буду зьдзіўлены, калі Лукашэнка пачне набіраць у сваю ахову і ўнутраныя войскі менавіта кітайцаў...

І чым усё гэта скончыцца? Не зьдзіўлюся, калі пасьля сьмерці Лукашэнкі ўладу гвалтам захопіць АМАП, і ў выніку пачнецца сваволя прыўладнай мафіі»
.

Думаю, спадар Ігнат, вы памылкова залічваеце да сацыялізму той грамадзка-палітычны лад, які выбудаваў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Беларусы сталага веку добра памятаюць жыцьцё ў БССР. Так, свабоды і дэмакратыі там таксама не было, і партыйна-савецкая намэнклятура мала азіралася на законы. Але пры гэтым, адрозна ад сёньняшняй Беларусі, там не было алігархаў; чыноўнікі не адважваліся будаваць сабе палацы; былі бясплатнымі адукацыя і мэдыцына; улада любым коштам трымала цэны на хлеб і малако, а рабочы на заводзе не баяўся, што адміністрацыя раптам спыніць зь ім працоўны кантракт... З тым сацыялізмам сёньняшняя сыстэма ўлады ў Беларусі мае мала агульнага.

Наш слухач Ігар Сьцябуля зь Менску таксама праводзіць паралелі паміж сёньняшняй Беларусьсю і колішнім Савецкім Саюзам, але ўжо ў іншым кантэксьце. Слухач пачынае свой ліст на Свабоду са згадкі пра тое, як улады ганарацца тым, што ў наступным годзе ў Менску мае адбыцца хакейны чэмпіянат сьвету. Але ў сувязі з гэтым у Ігара Сьцябулі ўзьнік шэраг пытаньняў. Ён піша:

«Цікава, што ж нашы ўлады зьбіраюцца паказаць замежным гасьцям чэмпіянату? Можа, убогі гатэль на чыгуначным вакзале з савецкім ненавязьлівым сэрвісам? Ці правязуць на адзіным двухпавярховым аўтобусе з экскурсіяй на расейскай мове? А што замежных гасьцей тут можа ўразіць? Новая плошча Дзяржаўнага сьцяга? Музэй Вялікай Айчыннай вайны (дарэчы, чаму не Другой сусьветнай)? Так званыя аграсядзібы? Выстава дасягненьняў Лукашэнкавай гаспадаркі? Перадавыя калгасы, якія цяпер чамусьці назвалі аграгарадкамі? Для замежніка гэта будзе нібы прыезд у былы СССР. Нават дзяржаўныя сымбалі ў нас амаль такія ж, як у колішняй БССР. Зь іх толькі серп і молат чамусьці сарамліва прыбралі. Словам, цяперашняя Беларусь — гэта тая ж БССР, толькі яшчэ горшая. Каму гэта цікава?».

Не пагаджуся з вамі, спадар Ігар. З пункту гледжаньня турыстычнага бізнэсу і сталінская архітэктура, і камуністычныя помнікі, і савецкая сымболіка, і калгасная вёска — усё гэта можа быць заманлівым для заходняга турыста. Справа ў тым, што нічога падобнага ў Заходняй Эўропе няма. А экзотыка заўсёды прыцягвае... Эўрапейскага турыста цяжка зьдзівіць ці завабіць сярэднявечнай архітэктурай, старадаўнімі вузкімі вулкамі, палацамі ды замкамі. Тым больш што ўсяго гэтага ў Беларусі вельмі мала.

На заканчэньне — ліст Дануты Крупіцы зь Ліды, з развагамі пра мінулае і будучыню Беларусі. Слухачка піша:

«У свой горад я ўпершыню прыехала 41 год таму. Добра памятаю шэсьце і мітынг ля Кургану Бесьсьмяроцьця пры закладцы капсулы з пасланьнем да нашчадкаў. Гэта была сапраўдная ўрачыстасьць. Мы напраўду адчувалі гонар, што выконваем запаветы, будуем сацыялізм, сьветлую стабільную будучыню, дзе кожны будзе ўпэўнены ў заўтрашнім дні...І чым усё скончылася...

Яшчэ памятаю, калі Беларусь ужо стала незалежнай, з боку начальства чуліся нараканьні: нібыта ў свой час прапанавана было будаваць АЭС у ваколіцах Менску, а ня Кіева. Маўляў, дарэмна адмовіліся, мелі б электрастанцыю, збудаваную за кошт саюзнага бюджэту. А тое, што любая АЭС — міна запаволенага дзеяньня, пад увагу ня бралася...»


Не зусім дакладная інфармацыя, спадарыня Данута. Беларускую АЭС недалёка ад Менску актыўна будавалі на пачатку 80-х гадоў. Чарнобыльская АЭС у Кіеўскай вобласьці на той час ужо працавала. Будоўля атамнай станцыі пад Менскам была згорнута якраз пасьля Чарнобыля — калі стала зразумела, якую вялізную небясьпеку ўяўляе падобны аб’ект для мэгаполіса...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG