Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкуль у маіх сьвіней афрыканская чума? Яны што, у Афрыку езьдзілі?»


На Магілёўшчыне мясакамбінатам загадана быць падрыхтаванымі да прыёму значнай колькасьці сьвіней ад насельніцтва.

Такое распараджэньне агучыў старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік. Зьвязана яно з увядзеньнем зон бясьпекі вакол буйных сьвінакомплексаў. У пяцікілямэтровым радыюсе вяскоўцам забаронена трымаць сьвіней. Заяўляецца, што гэтая мера павінна прадухіліць распаўсюджваньне вірусу афрыканскай чумы сьвіней. Вяскоўцаў папярэджваюць, што за парушэньне захадаў бясьпекі ім пагражае адміністрацыйная і нават крымінальная адказнасьць.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на Магілёўшчыне фактаў захворваньня жывёлаў на афрыканскую чуму ня выяўлена. У вёсках ля буйных сьвінарнікаў пакуль гвалтам не прымушаюць пазбаўляцца ад сьвіней. Вяскоўцаў толькі інфармуюць пра прафіляктычныя захады. Людзі на такія весткі рэагуюць насьцярожана.

«Які настрой? Будзе гэта чума ці ня будзе, а сьвіней біць. Няхай афіцыйна паперу дадуць, што вам да такога чысла забіць трэба, бо чума. Дык мае, што, сьвіньні ў Афрыку езьдзілі? Там во ў газэце напісана, што дзікоў трэба біць, а ня гэтых…» — выказваецца вясковец з Магілёўскага раёну.

Падобны неспакой у двары яшчэ адной вёскі:

«Вядома ж, баімся. Пятнаццаць тысяч дадуць за кіляграм, і ўсё яму. А мо і зусім не дадуць. Бачыце, якія ў нас рукі — як мы працуем, каб не ісьці на базар. Чаму мы павінны жыць, як гультаі, нічога ня меўшы? Няўжо нас дзяржава ня можа абараніць ад гэтай чумы? Усялякія лятаюць і ў космас — навука дасягнула гэтага. Значыцца, ёсьць прышчэпкі! А чаму ў нас нельга прышчапіць?»
Чаму мы павінны жыць, як гультаі, нічога ня меўшы? Няўжо нас дзяржава ня можа абараніць ад гэтай чумы?

На заступніцтва дзяржавы націскае гаспадар яшчэ адной сядзібы:

«Мы жывём у прававой дзяржаве, спадзяюся, таму спадзяюся цалкам на дзяржаву. Я трымаю траваядных парасят. Цяпер зь імі праблема збыту. Людзі напалоханыя. Баяцца купляць. Вэтэрынар раёну паабяцаў збыць іх на мясакамбінат».

Пра мясакамбінаты згадаў днямі і старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік:

«Мы дамовіліся, што мясакамбінаты павінны выпрацаваць графікі прыёму сьвіней з прыватных гаспадарак. Гэта зроблена?»

Як заяўляецца, мясакамбінаты і спажыўкаапэрацыя гатовыя, аднак ня ўсе вяскоўцы прагнуць туды здаваць сьвіней. Кажуць, што будуць трымаць іх да апошняга.

«Я іх ніколі не прадаваў. Б’еш жа для сябе. У мяне вялікі ўжо ёсьць, дык зь ім праблемаў няма. А малыя? Куды іх падзець? Біць жа іх — абсурд. І не па сямнаццаць жа тысяч прадаваць. На базары па 55 тысяч выразкі. Прыйдуць афіцыйна — бі, альбо, калі ня ўмею, то закалі мне, а я ўжо сам буду абсмальваць. Альбо ўчастковы ў вуха, як раней стралялі».

Яшчэ адным клопатам пераймаюцца вяскоўцы. Пасеянае для сьвіней куды падзець?

«Вялікія гароды павысаджаныя. Бульба. Во куды гэта ўсё збываць? Буракі пасеялі кармавыя. Хто іх будзе есьці? Сьвіньням жа аддавалі. Пра гэта ж ніхто цяпер ня кажа».
Буракі пасеялі кармавыя. Хто іх будзе есьці? Сьвіньням жа аддавалі

Палітык Рыгор Кастусёў мае досьвед працы ў сельскай гаспадарцы. Кіраваў 4 гады саўгасам. Цяпер адпачывае на радзіме ў Бялыніцкім раёне. Як ён кажа, тамтэйшыя вяскоўцы па-рознаму ставяцца да афрыканскай чумы сьвіней. Некаторыя сьвіней ужо пабілі, а некаторыя ня бачаць у хваробе вялікай праблемы. Што да дзеяньняў улады, то Рыгор Кастусёў адзначае:

«У Беларусі сыстэма ўтрыманьня сьвіней на комплексах разьвітая, але цяперашнія захады беларускіх уладаў запозьненыя. Ведаючы пра афрыканскую чуму сьвіней у Расеі, захадаў на мяжы дагэтуль не зрабілі. Бачыце, як зрэагавалі нашы суседзі, Літва і Польшча, што нават хочуць будаваць плот. А беларускія ўлады на мяжы ніякіх мераў не рабілі».

Тым часам, калі выявіцца, што вяскоўцы парушылі меры бясьпекі ў барацьбе з афрыканскай чумой, іх могуць пакараць штрафам на два мільёны рублёў, а ў выпадку распаўсюджваньня хваробы, нават ненаўмыснага, пагражае крымінальная адказнасьць — да двух гадоў пазбаўленьня волі.
XS
SM
MD
LG