Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на ўсясьветным калійным рынку абвальваюцца на чвэрць


Леў Марголін

Леў Марголін

Кітай і Індыя, а гэта адны з найбуйнейшых у сьвеце спажыўцоў калійных угнаеньняў, чакаюць зьніжэньня цэнаў на гэтую прадукцыю на 25% і болей. Прычым гэтыя краіны ня хочуць чакаць нават да наступнага году. Індыйскія пакупнікі ўжо пачалі дамагацца зьніжэньня коштаў паводле сёлетніх кантрактаў, піша Reuters са спасылкай на прадстаўніка найбуйнейшага ў Індыі імпартэра калію — кампаніі Indian Potash. Ці закрануць гэтыя падзеі «Беларуськалій» — адно з галоўных прадпрыемстваў, якія напаўняюць бюджэт Беларусі валютай? На гэтае пытаньне адказвае эканаміст Леў Марголін.

— Экспэрты адзначаюць, што агульнае падзеньне коштаў на рынку калійных угнаеньняў ня можа адмоўна не адбіцца і на беларускай эканоміцы. Чаму ж тады Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога салігорцы маглі прадаваць сваю прадукцыю ў абыход Беларускай калійнай кампаніі, што парушыла ранейшыя дамоўленасьці «Ўралкалія» і «Беларуськалія» аб супольнай рэалізацыі ўгнаеньняў?

— Гэта вельмі цьмяная гісторыя. Расейцы кажуць, што першымі парушылі пагадненьне беларусы. Беларускі бок кажа, што першымі парушальнікамі сталі расейцы. Можа, беларускія ўлады разьлічвалі, што і гэтым разам расейцы «праглынуць» такія дзеяньні, як гэта было раней. Напрыклад, з разбаўляльнікамі-растваральнікамі.

— Магчыма беларускі бок не ўлічыў, што «Ўралкалій», у адрозьненьне ад таго ж «Газпрома», — кампанія прыватная, а не дзяржаўная. Мабыць, мільярдэр Карымаў пралічыў, што «Ўралкалій» мае нейкія перавагі перад «Беларуськаліем», калі пагадзіўся на абвал цэнаў. Скажам, калійныя радовішчы расейцаў ляжаць значна бліжэй да тых жа Індыі і Кітая, чым салігорскія. Гэта, мабыць, адзін з важкіх фактараў?
«Беларуськалій» ня схільны да зьніжэньня цэнаў. І ён будзе трымацца да апошняга

— Адлегласьці тут, вядома, маюць значэньне. Тавар жа вельмі аб’ёмісты, лік ідзе на мільёны тонаў. Гэта ж ня нейкія там тэлевізары ці вылічальнікі. Па-другое, сабекошт здабычы ў «Уралкалія» ніжэйшы. Ён і ў «Беларуськалія» ня вельмі высокі, калі параўноўваць, напрыклад, з Канадай. Але ж у расейцаў ён яшчэ ніжэйшы. І трэцяе, «Уралкалій» можа пэўны час гуляць на паніжэньне, разьлічваючы на стратэгічны выйгрыш. А «Беларуськалій» — прадпрыемства дзяржаўнае. Яно — адзін з асноўных пастаўшчыкоў валюты.І таму ў сёлетніх варунках і ў наступным годзе, калі Беларусь вымушаная шмат выплачваць па валютных пазыках, «Беларуськалій» ня схільны да зьніжэньня цэнаў. І ён будзе трымацца да апошняга.

А трымацца будзе цяжка. Калі «Ўралкалій» скажа кітайцам і індыйцам, што мы згодныя на зьмяншэньне коштаў пры ўмове, што вы будзеце браць у нас большы аб’ём угнаеньняў. Не магу сказаць, як гэта атрымалася — наўмысна ці спантанна? Але гэта — урок. Трэба працаваць стратэгічна. А не спрабаваць пад шумок вырашаць нейкія бягучыя пытаньні.
XS
SM
MD
LG