Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Індыі: У нас зьявіўся новы пастаўшчык калійных угнаеньняў


«Я буду з вамі шчыры: пасьля таго як „Уралкалій“ аддзяліўся ад Беларускай калійнай кампаніі, у Індыі зьявіўся новы пастаўшчык калійных угнаеньняў. І мы будзем разглядаць сытуацыю з пункту гледжаньня найбольшай выгады для сябе», — так заявіў амбасадар Індыі Маноджа Кумара Бхарці, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода наконт цікавасьці Індыі да атрыманьня беларускіх калійных угнаеньняў і магчымай куплі акцыяў Беларускага калійнага камбінату.

Амбасадар таксама сказаў, што Індыю вельмі цікавяць калійныя ўгнаеньні.

«Наша краіна вялікая, у нас шмат насельніцтва і ў нас вельмі вялікая сельская гаспадарка. Таму цікавасьць да беларускага калію ў нас была, ёсьць і будзе. Але давайце ня будзем забывацца, што Індыя — пакупнік, а Беларусь — прадавец. Таму Індыя хацела б зрабіць усе кантакты зь беларускім бокам максымальна выгаднымі для сябе. Перамовы пра калій, пра розныя аспэкты гэтай праблемы працягваюцца. І я думаю, што ў іх зацікаўленыя абодва бакі», заявіў дыплямат

У амбасадара запыталіся, ці купляў сёлета індыйскі бок угнаеньні, абмінаючы Беларускую калійную кампанію, непасрэдна ў салігорцаў. Амбасадар на гэтае пытаньне адказаў так: «Даць такую інфармацыю немагчыма, бо калійныя ўгнаеньні купляюць у нас прыватныя кампаніі, а індыйскі ўрад у гэты працэс ня ўключаны».
XS
SM
MD
LG