Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Развод» «Беларуськалія» і «Ўралкалія» істотна адаб’ецца на валютнай выручцы беларускага калійнага гіганта толькі ў 2014 годзе», — такі прагноз зрабіў сёньня ў размове з Радыё Свабода былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

«Сёлета страты будуць невялікія. Кантракты на 2013 год ужо даўно падпісаныя, кошты кожнай тоны ўгнаеньняў у іх вызначаныя і дакладна прапісаныя. Таму і бюджэт краіны сёлета ня вельмі пацерпіць, хоць „Беларуськалій“ і адзін з галоўных яго напаўняльнікаў», — кажа Багданкевіч.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, за першае паўгодзьдзе прыбытак «Беларуськалія» параўнальна з тым жа пэрыядам 2012 году скараціўся на 208 мільёнаў даляраў. Але гэта не зьвязана з канфліктам, які на той час яшчэ ня стаў публічным. Гэта пацьвердзіў намесьнік міністра эканомікі Беларусі Аляксандар Ярашэнка, які 8 жніўня сказаў, што страты «Беларуськалія» зьвязаныя выключна з каньюнктурай цэнаў на ўсясьветным рынку калійных угнаеньняў.

«Што будзе далей, сёньня сказаць цяжка. Мы спадзяемся, што сытуацыя ня вельмі зьменіцца. Але ацаніць магчымыя страты па выніках усяго 2013 году мы не гатовыя», — прызнаўся Аляксандар Ярашэнка.

«Пакуль цэны на ўсясьветным рынку калійных угнаеньняў не зьмяніліся. Але, без сумневу, заява „Ўралкалія“ аб спыненьні продажу сваёй прадукцыі празь Беларускую калійную кампанію выклікала паніку на рынку. Зараз трэба глядзець, як будуць рэагаваць на ўсё гэта нашы кліенты», — заявіў кіраўнік нямецкай кампаніі K+S, якая вырабляе мінэральныя ўгнаеньні, Норбэрт Штайнэр у інтэрвію газэце «Die Welt».

Бальшыня экспэртаў схіляецца да думкі, што ўжо ў 2014 годзе кошт адной тоны калійных угнаеньняў можа скараціцца зь цяперашніх 400 даляраў за адну тону да 300. А калі так здарыцца, то ўжо ў наступным годзе бюджэт Беларусі не далічыцца больш за мільярд даляраў.

З гэтай нагоды кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка сказаў Свабодзе:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Шчыра кажучы, у адпаведнасьці зь беларускай нацыянальнай марай мы спрабавалі ў свой час узьвінціць цэны на ўсясьветным рынку да 1000 даляраў за адну тону калію. Прахадная цана была больш за 500 даляраў. А цяпер трэба атрымаць і па 300. У якасьці ўроку за бяздумнасьць».

«Уралкалій» фактычна выйшаў зь Беларускай калійнай кампаніі, якая мела агульную гандлёвую сетку для двух камбінатаў-гігантаў — расейскага і беларускага. Цяпер ён гандлюе самастойна. Сваё рашэньне расейцы абгрунтоўваюць тым, што беларусы з дазволу Аляксандра Лукашэнкі першымі пачалі прадаваць калій у абыход агульнага распаўсюдніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG