Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу Сашы Варламава перадалі ў Генпракуратуру


Справа вядомага мадэльера Сашы Варламава завершаная і перададзеная ў Генпракуратуру, паведаміў «Свабодзе» прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Траўлька.

Мадэльер абвінавачваецца ў махлярстве, крадзяжы праз злоўжываньне службовым становішчам, ухіленьні ад падаткаў і службовых злоўжываньнях. Максымальнае пакараньне паводле гэтых абвінавачаньняў — 15 гадоў зьняволеньня.

«У якасьці сьведак сьледзтвам дапытана больш за 800 чалавек. Пацярпелымі прызнаныя 353 асобы. Паводле дадзеных сьледзтва, агульныя матэрыяльныя страты, нанесеныя злачыннымі дзеяньнямі Аляксандра Варламава, складаюць больш за 1 мільярд 200 мільёнаў рублёў. Цяпер матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў Генэральную пракуратуру для прыняцьця рашэньня аб накіраваньні ў суд. Мера стрыманьня для абвінавачанага ў выглядзе заключэньня пад варту не зьмянялася».

Адносна інфармацыі, што пад арыштам Саша Варламаў перанёс апэрацыю на хрыбетніку, прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Траўлька сказаў: «Сьледзтвам рабіліся захады для аказаньня прафэсійнай мэдычнай дапамогі абвінавачанаму, і сьледчыя дзеяньні плянаваліся і выконваліся з улікам рэкамэндацый мэдыкаў».

Да арышту ў траўні 2011 году Аляксандар Варламаў кіраваў «Агенцтвам моды Сашы Варламава», быў мастацкім кіраўніком цэнтру «UNIVERSUM MODELS» БДУ і начальнікам цэнтру моладзевай моды БДУ.
XS
SM
MD
LG