Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень Макара Гарбачэўскага

  • Аляксандар Лукашук

Штодня на сайце "Свабоды" — некаторыя фрагмэнты, з дадаткамі і папраўкамі кнігі Аляксандра Лукашука "За кіпучай чэкісцкай работай".

Беларуская гістарыяграфія ведае трох Гарбачэўскіх — дзекабрыста, этнографа, тэоляга. Сын селяніна зь Віцебшчыны Макар Давыдавіч Гарбачэўскі ў энцыкляпэдыі, падручнікі і манаграфіі дасьледнікаў не патрапіў, хоць без вывучэньня ягонага і падобных жыцьцяў наўрад ці можна зразумець і вытлумачыць гісторыю XX стагодзьдзя — гісторыю, якая яшчэ ня стала мінулым.

1961. «МНЕ ВЕЛЬМІ БАЛЮЧА ПЕРАЖЫВАЦЬ НЯПРАЎДУ...»

Тоўсты яшчэ нядаўна блякнот паменшаў у аб’ёме. Ён спэцыяльна выбраў такі фармат, каб капірка ўкладвалася акурат на ўсю велічыню, а разьлінаваныя старонкі трымаліся на пэрфарацыі. Аркуш лёгка вырываўся, складваўся напалам, потым яшчэ раз напалам і якраз зьмяшчаўся ў стандартны канвэрт. Ён прывык да парадку ў паперах і звычак не мяняў: усё павінна быць у двух экзэмплярах, каб потым, у выпадку чаго, можна было давесьці свой пункт гледжаньня і пазьбегнуць магчымых няправільных тлумачэньняў і скажэньняў. Памяць рэч ненадзейная, а паперка есьці ня просіць. За сваё добрае імя ён будзе змагацца да канца — ён ні ў чым не вінаваты, і справядлівасьць пераможа, трэба толькі не губляць духу і верыць. Так ён выхаваны, так заўсёды змагаўся і будзе змагацца.

Справа была сур’ёзная: пакрыўдзілі не абы каго, а члена партыі з 1929 году, удзельніка вайны, узнагароджанага ордэнамі Леніна, Чырвонага сьцяга, Айчыннай вайны 1 ступені, Працоўнага чырвонага сьцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, мноствам мэдалёў. Колькі перажыта, пабачана, зроблена! Ён абмакнуў пяро і, адступіўшы ад краю роўна столькі, каб можна было прабіць лісты дзіраколам і падшыць (у тым, што ўсе ягоныя лісты будуць сабраныя ў адну пэрсанальную справу, не было сумневу), вывеў пасаду і імя адрасата: «Сакратару Цэнтральнага Камітэту Беларусі тав. П. М. Машэраву». Ад хваляваньня ён прапусьціў словы «камуністычнай партыі», але выйшла нават больш дакладна — першы сакратар кіраваў усёй Беларусяй.

«30 сакавіка 1961 году Берасьцейскі абкам партыі зацьвердзіў пастанову гаркаму аб выключэньні мяне з партыі. Я лічу, што гэта несправядліва, такога пакараньня я не заслугоўваю, каб пазбавіць мяне партыі на 31-м годзе знаходжаньня ў яе шэрагах у той час, калі ўсё сваё жыцьцё, не шкадуючы сіл і жыцьця, аддаў для партыі і Радзімы. Мне вельмі балюча, калі я бачу і перажываю за няпраўду... У 1941 годзе, у першыя дні Айчыннай вайны, паводле заданьня партыйных органаў і Міністэрства, ствараў на тэрыторыі Пінскай вобласьці баявыя партызанскія групы, якія пакідаліся ў тыле праціўніка для работы. У прыватнасьці, мною была створаная і група пад кіраўніцтвам Каржа Васіля (потым — Герой Савецкага Саюзу)... Зь ліку супрацоўнікаў і затрыманых байцоў, якія ўцякалі зь перадавой ад Берасьця, стварыў падразьдзяленьне для зьнішчэньня дробных групаў праціўніка ў раёне Століна. Уступіў у бой з фашыстамі, дзе былі падбітыя танкі і ўзятыя ў палон нямецкія афіцэры. Працаваў па спэцыяльным заданьні на перадавых пазыцыях нашых войскаў. Пасьля вайны на працягу амаль двух гадоў удзельнічаў у разгроме ўзброеных бандаў нацыяналістычнага падпольля ў Гарадзенскай вобласьці. Асабіста захапіў узброенага важака банды „Квят“ і іншых, за што абвешчаная падзяка з выдачай узнагароджаньня. Усе іншыя факты пералічыць не ўяўляецца магчымым...»

Ліст ён скончыў просьбай выклікаць яго на гутарку і падпісаўся: Гарбачэўскі Макар Давыдавіч, зваротны адрас — Берасьце, вуліца, дом, кватэра.

Аднак яшчэ раней у партыйныя органы паступіла заява нейкага Д-на, члена партыі з 1940 году, кіраўніка аднаго з аддзелаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Д-н пісаў:

«Мае асабістыя назіраньні і абурэньне суседзяў ладам жыцьця і паводзінамі Гарбачэўскага даюць мне поўнае права заявіць аб тым, што ён, здаровы чалавек, на працягу 5-6 гадоў нідзе не працуе, а вядзе паразіцкае жыцьцё. I апроч усяго, маральна разбэшчаны чалавек. Сьпіць ён з 8 гадзінаў раніцы да 4 гадзінаў дня, пасьля чаго робіць візыт да суседкі па кватэры Тамары, муж якой, афіцэр Савецкай Арміі, служыць у Смаленскай вобласьці. Пасьля ён прымае ў сябе на кватэры Жэню, „сяброўку“ Тамары, жонку кіраўнічага работніка, якая мае, апроч мужа, дачку. Увечары Гарбачэўскі сустракаецца паводле графіку з грамадзянкай Хоміч, муж пэнсіянэр, і потым адпраўляецца на сустрэчу да дзьвюх іншых, на жаль, ня ведаю іх прозьвішчаў і імёнаў. У Жэні і Хоміч з-за Гарбачэўскага ўзьнік канфлікт, які дайшоў да вулічнага скандалу, у выніку Хоміч прыходзіла скардзіцца да мужа апошняй. Рэшту ночы да 7-9 гадзінаў раніцы Гарбачэўскі праводзіць за картачнай гульнёй з выпіўкай. Ён ня варты ня толькі высокага званьня члена КПСС, але і члена нашага сацыялістычнага грамадзтва».

Падмануты муж — «кіраўнічы савецкі работнік» выносіў сямейную бялізну на партыйны суд з простай прычыны: калі ён давядзе, што невінаваты ў разводзе, яго, магчыма, не пакараюць па партыйнай лініі, не пацерпіць кар’ера. Яшчэ да звароту ў ЦК ён усё расказаў сакратару сваёй партарганізацыі. Той потым дакладаў у абкам партыі, што Д-н

«вырашыў скасаваць шлюб са сваёй жонкай, бо яна ўжо каля двух гадоў здраджвае яму і знаходзіцца ў сувязі з Гарбачэўскім, які разьбівае яго сямейнае жыцьцё. Тав. Д-н неаднаразова гутарыў з Гарбачэўскім, каб ён не разьбіваў ягонае сямейнае жыцьцё, спыніў сувязь зь ягонай жонкай, але Гарбачэўскі не зрабіў гэтага».

Скаргі Д-на паўплывалі на характарыстыку Гарбачэўскага. У першай, выдадзенай у будаўнічым трэсьце, дзе Гарбачэўскі стаяў на партуліку, адзначалася, што ён дысцыплінаваны, добрасумленны, прачытаў калектыву лекцыю «Аб павышэньні рэвалюцыйнай пільнасьці». У другой характарыстыцы, выдадзенай пазьней, Гарбачэўскага называюць нясьціплым, маральна няўстойлівым, адзначаюць распусны лад жыцьця і інтымныя сувязі з замужнімі жанчынамі.

Лісты былі атрыманыя ў Менску ў ЦК партыі і падшытыя ў папку з надпісам «Пэрсанальная справа» (у Нацыянальным архіве, які ўключае і былы архіў ЦК КПБ, папка захоўваецца і дагэтуль). Справу Гарбачэўскага разглядала парткалегія КПБ — так у 1961 годзе называўся партыйны суд унутранага карыстаньня, які караў камуністаў за ўчынкі, несумяшчальныя з высокім званьнем партыйца. Не сумяшчалася рознае — занадта добрае веданьне гісторыі і хрышчэньне дзіцяці, уласная думка аб чарговай генэральнай лініі і развод; на павальную п’янку часам глядзелі скрозь пальцы, а часам за куфаль піва гналі з пасады. У партыі існавала сыстэма пакараньняў з падрабязнай градацыяй, якая ўвесь час разьвівалася і перабудоўвалася: зьвярнуць увагу, паставіць на від, папярэдзіць, потым ішла вымова, строгая вымова і вымова з занясеньнем. Адзін час практыкаваўся перавод з членаў партыі ў кандыдаты і, як вышэйшая мера, — выключэньне з шэрагаў партыі.

А як растлумачыў яшчэ таварыш Сталін, «для шараговых членаў партыі знаходжаньне альбо выключэньне з партыі — гэта пытаньне жыцьця і сьмерці». Праўда, так было пры таварышы Сталіне. Пры іншых таварышах было іначай.

Нягледзячы на сакавіты партрэт нораваў эпохі, гэтую ўнутрыпартыйную перапіску можна было б і ня згадваць, калі б не адна даведка, якая таксама была падшытая ў папку. У ёй паведамлялася, што Гарбачэўскі Макар Давыдавіч апошнім часам быў начальнікам улікова-архіўнай управы КГБ Берасьцейскай вобласьці. Загадам КГБ пры Савеце Міністраў СССР 27 сьнежня 1955 году звольнены з-за службовай неадпаведнасьці, на ўліку асобай інспэкцыі як парушальнік савецкай законнасьці ня значыцца. Даведку падпісаў маёр КГБ Камароў.

Такім чынам, берасьцейскі Казанова быў зь ліку чэкістаў... Датэрміновае спыненьне службы ў 1955 годзе сьведчыла, што ён патрапіў пад хвалю адлігі, калі пасьля прыходу да ўлады Мікіты Хрушчова некаторых асабліва заслужаных спэцыялістаў адпраўлялі на пэнсію. Але пазбаўляліся далёка не ад усіх. Да таго ж, калегі Гарбачэўскага даводзілі, што савецкай законнасьці той не парушаў. Тады за што звольнілі чэкіста ў росквіце сілаў (калі верыць скаргам падманутых мужоў)?..

З АНКЕТЫ

члена КПСС з кастрычніка 1929 году, партбілет № 05820215, Гарбачэўскага М. Д., беларуса, 1906 г. н., паходжаньне — зь сялянаў вёскі Багданава Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці:

1925-27 — працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоў
1927-28 — тэхнічны сакратар Лёзьненскага райкаму партыі
1928-29 — курсант школы аднагадзічнікаў 3-га сапёрнага батальёну, г. Уладзімір
1929-30 — загадчык улікова-статыстычнага пададдзелу акружкаму партыі, г. Віцебск
1930-35 — супрацоўнік ОГПУ НКВД БССР, г. Менск
1935-36 — слухач Цэнтральнай школы НКВД, г. Масква
1937 — начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД


Як вынікала з далейшай анкеты, праца на раённым узроўні для сталічнага спэцыяліста працягвалася менш за два гады. Спачатку яго ўзялі ў рэспубліканскі апарат НКВД, пасьля даверылі самастойны ўчастак у Заходняй Беларусі — ён узначаліў Пінскую абласную ўправу наркамату. А потым, усяго празь сем гадоў пасьля прызначэньня ў Старобін, Гарбачэўскі ўзьляцеў на ключавую пасаду ў службовай ерархіі — стаў намесьнікам наркама дзяржбясьпекі Лаўрэнція Цанавы па кадрах.

Але гэта будзе потым. Падмурак прафэсійнага посьпеху закладаўся на нізавым, самым важным і самым цяжкім участку будзённай, непасрэднай, канкрэтнай працы — у райаддзеле. Тут ажыцьцяўлялася партыйная лінія, тут праходзіла перадавая, тут, недасыпаючы, працуючы без выхадных, па шаснаццаць гадзінаў у суткі, трэба было на практыцы паказаць усё, чаму навучыўся.

Гарбачэўскі прыехаў у Старобін з найвышэйшай магчымай у 1937 годзе тэарэтычнай падрыхтоўкай. Ён праходзіў курс навук у Цэнтральнай школе НКВД якраз пад час падрыхтоўкі і правядзеньня адкрытых працэсаў над «правымі цэнтрамі» і «трацкісцкімі блёкамі»; супрацоўнікі і курсанты НКВД адыгрывалі ролю публікі на такіх працэсах, вучыліся найвышэйшаму пілятажу сацыялістычнай законнасьці. Адным з тых, хто рыхтаваў працэсы ў падвалах Лубянкі, быў Барыс Берман, чыя ўзорная праца была аддзячаная званьнем камісара дзяржбясьпекі 3-га рангу і прызначэньнем у Менск, на пасаду наркама ўнутраных справаў. У тым жа 1937 годзе, крыху раней за Бермана, разьмеркаваньне ў Беларусь атрымаў і выпускнік Цэнтральнай школы Макар Гарбачэўскі.

Архіўныя дакумэнты дазволілі заглянуць глыбей у адзін старобінскі дзень адстаўнога банвіяна Макара Гарбачэўскага. Гэты дзень — субота, 18 верасьня 1937 году. У гэты дзень начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД выпісаў ордэры на арышт з нумару 161 па нумар 231, усяго, калі верыць лічбам, на семдзесят чалавек.


1937. «ЧЫСТА САВЕЦКІ ЧАЛАВЕК...»

На стандартным блянку стаяла назва арганізацыі — НКВД, нумар ордэру, дата выдачы і тэрмін дзеяньня — адны суткі. Гарбачэўскі зацьвярджаў ордэры на арышт і вобыск чырвоным алоўкам. (Увогуле архіўныя матэрыялы сьведчаць, што камуністычная бюракратыя ахвотна карысталася алоўкамі. Нават подпісы членаў бюро ЦК КПБ пад пастановамі нярэдка зробленыя сінім альбо чырвоным алоўкам. Мясцовыя кіраўнікі ў гэтай справе бралі прыклад з маскоўскага начальства гэтак-сама, як са сталінскага галіфэ і кіцеля пераходзілі на хрушчоўскія вышытыя кашулі, а потым на брэжнеўскія двубортавыя гарнітуры. Магчыма, прычына карыстаньня алоўкам, а не чарнільнай ручкай — у тым, што грыфэльныя запісы лёгка сьціраць, а значыць, пасьпяваць хістацца ўсьлед за генэральнай лініяй партыі.)

Плякат 1930-х гадоў

Плякат 1930-х гадоў



У Старобінскім райаддзеле, апроч начальніка, працавалі яшчэ два апэратыўныя работнікі, Казлоў і Карнееў. Яны вялі апэратыўную распрацоўку, зьбіралі агентурныя зьвесткі і давалі матэрыялы Гарбачэўскаму на подпіс. Апроч таго, начальнік райаддзелу асабіста вёў сьледчыя справы, дапытваў, дамагаўся хуткіх і поўных прызнаньняў; яго падсьледныя звычайна ішлі па «першай катэгорыі».

Трыццаціпяцігадовы жыхар памежнага Старобінскага раёну, старшыня Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпан Белавец пісаў лісты да маці і таму, на думку начальніка райаддзелу НКВД, несумненна падпадаў пад гэтую катэгорыю. У сакрэтнай даведцы, на падставе якой начальнік падпісваў ордэр, пазначаная непасрэдная прычына арышту:

«У Польшчы пражываюць сваякі Белаўца — маці і стрыечныя браты. Меў сувязь са сваякамі шляхам перапіскі».

Подпіс Гарбачэўскага ўключыў звычайны мэханізм: прыехалі, падпісалі акт, забралі. Невядома, ці пасьпеў Сьцяпан Белавец разьвітацца зь дзесяцігадовым сынам Васілём і пяцьцю дочкамі, ад чатырнаццацігадовай Любы да шасьцігадовай Каці, патлумачыць жонцы, што ён ні ў чым не вінаваты. Яго адвезьлі ў Слуцкую турму. Жонка панесла перадачу, першы раз узялі, а другі адмовілі і сказалі больш не дакучаць — маўляў, арыштаваны памёр.

Ахоўнікі схлусілі. Белавец быў жывы, але яго сапраўды не было ў Слуцку.

Мясцовая турма была настолькі перапоўненая ў канцы 1937-га, што канвэер Слуцкай акруговай управы НКВД захлынаўся, не пасьпяваў перапрацоўваць масу чалавечага матэрыялу, якую пастаўлялі райаддзелы. Шпіёны, дывэрсанты, контррэвалюцыянэры, антысаветчыкі вялі прапаганду, спляталіся ў клубкі тэрарыстычных арганізацыяў, рыхтаваліся паліць калгасы, агітавалі супраць заёмаў і іншых мерапрыемстваў савецкай улады.

Райаддзелы давалі па два-тры выкрыцьці ворагаў у дзень на супрацоўніка, некаторыя давалі па пяць. Тыя, хто падпісаў прызнаньне, у турме звычайна затрымліваліся нядоўга — лясоў пад Слуцкам хапала, камэнданцкая каманда добра адпрацавала свае маршруты. I ўсё ж сустракаліся аб’ектыўныя цяжкасьці: у камэру, разьлічаную на пяць чалавек, ніяк не ўдавалася заштурхнуць больш за дваццаць. Некаторых трэба было вадзіць на допыты, часам карміць, па пары тыдняў чакаць пастановаў тройкі альбо асобай нарады. У канцы 1937-га частку арыштаваных са Слуцкай турмы перавялі ў большую Магілёўскую.

Перавезьлі ў Магілёў і С. Белаўца. Першы запіс зьявіўся ў ягонай справе больш чым праз два месяцы пасьля арышту. Пратакол допыту кароткі, і можна прывесьці яго цалкам:

«Пытаньне: Сьледзтву вядома, што вы зьяўляецеся агентам польразьведорганаў. Раскажыце, калі і кім вы былі завэрбаваныя?
Адказ: Так, я сапраўды зьяўляюся агентам польразьведорганаў. Завэрбаваны я быў у 1934 годзе польскім агентам Казьлянковым Іванам Фёдаравічам. Казьлянкоў стаў даваць мне даручэньні дывэрсійнага характару, г. зн. паліць калгасы, даведацца пра настрой насельніцтва суседніх вёсак і пра эканамічную магутнасьць калгасаў».


Канец пытаньняў, канец адказаў. Пасьля ў справе падшытае кароткае абвінаваўчае заключэньне:

«Гэтую справу № 32355 па абвінавачаньню Белаўца (меў жонку і шасьцёра дзяцей) накіраваць на разгляд народнага камісара ўнутраных справаў СССР — Генэральнага камісара ГБ тав. Яжова».

Подпіс опэрупаўнаважанага, які вёў допыт — Гушча, адзнака «Згодны» і подпіс начальніка 3-га аддзелу Магілёўскага РА НКВД Давыдзенкі, зацьвердзіў заключэньне начальнік райаддзелу лейтэнант ГБ Шліфянсон.

Далей да архіўнай справы падшыты апошні, як меркавалі арганізатары камуністычнага будаўніцтва, дакумэнт.

«Выпіска з акту:

Пастанова НКВД СССР і Пракурора СССР ад 14 сьнежня 1937 году (пратакол № 2542) аб расстрэле Белаўца Сьцяпана Андрэевіча прыведзеная ў выкананьне 2 студзеня 1938 году ў горадзе Магілёве. Начальнік
8-га аддзелу УГБ НКВД БССР лейтэнант ГБ Розкін».

Тры з паловай месяцы прайшло ад арышту да расстрэлу Сьцяпана Белаўца. Наступны дакумэнт у ягонай справе зьявіўся толькі праз 23 гады.

У лютым 1960 году сын Белаўца Васіль, якому пад час арышту бацькі было 10 гадоў, напісаў у Вярхоўны Суд СССР прашэньне аб ягонай рэабілітацыі. У лісьце ёсьць такія радкі:

«У канцы 1937 году маці панесла перадачу, і перадачу ўзялі, але пры другім звароце ў канцы 1937 году работнікі Слуцкай турмы паведамілі, што бацька мой памёр. Мая маці памерла ў 1947 годзе ад пароку сэрца, і мы, шасьцёра дзяцей, выхоўваліся як даводзілася, бо дапамогі нам ніякай не давалі. Прашу Вярхоўны Суд разгледзець маю просьбу і аднавіць у правах пасьмяротна майго бацьку...»

Ліст сына пераслалі ў тую самую арганізацыю, якая забіла бацьку. Там яго падшылі да справы з допытам, абвінаваўчым заключэньнем і актам расстрэлу. Сын і бацька зноў былі побач, як і ў той верасьнёўскі дзень 1937-га, калі чэкісты ўвайшлі ў іхную хату. Аднак і празь дзесяцігодзьдзі пад грыфам «сакрэтна» дзяржбясьпека працягвала сваю лінію. У красавіку 1960-га сына, які жыў у Пінску, выклікалі ў мясцовы райаддзел КГБ. Пра тое, што там яму сказалі, Васіль Белавец пісаў ужо вайсковаму пракурору Беларусі:

«Работнік КГБ мне паведаміў, што мой бацька Белавец Сьцяпан, асуджаны ў 1937 годзе да 10 гадоў пазбаўленьня волі, памёр у тым жа годзе ад грыпозных ускладненьняў, і што дадзены факт сьмерці зарэгістраваны ў Старобінскім райбюро ЗАГС. За гэтае паведамленьне і чульлівыя адносіны да запытаў працоўных я ад душы дзякую. Але я прасіў аб рэабілітацыі бацькі...»

Эпідэмія «грыпу» 1937 году, мяркуючы з адказаў у 1960-м, і праз чвэрць стагодзьдзя працягвала выклікаць ускладненьні. Васіль Белавец яшчэ толькі зьбіраўся напісаць у Вайсковую пракуратуру — відавочна, з падказкі КГБ, як органы ўзяліся за работу. 7 красавіка 1960 году зь Менску паляцела аж 13 сакрэтных, з грыфам «Ліцер «А», запытаў з аднолькавым тэкстам:

«Прашу Вас даць указаньне праверыць па ўліках агентуру былой буржуазнай Польшчы (далей у стандартным блянку ішоў прабел) Сьцяпана Белаўца і паведаміць кампраматэрыялы, якія маюцца на яго».

Запыты адрасаваліся ў Цэнтральны дзяржаўны асобы архіў МУС СССР, у аддзел сакрэтных фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіву Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР, у Менскі абласны архіў, у апэратыўна-даведачную картатэку 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у картатэку фонду архіўных сьледчых справаў на асобаў, зьнятых з уліку ў КГБ пры Савеце Міністраў БССР, іншыя арганізацыі. «Ліцер «А» там, безумоўна, паважалі — адказы паступілі на працягу тыдня. Як і запыты, яны насілі мэханізаваны характар — пячатка з кароткім тэкстам, маўляў, у сьпісах ня значыцца.

У ліпені супрацоўнікі КГБ выехалі ў вёску Чэпелі і апыталі старых. Ніхто ніякіх зьвестак аб супрацоўніцтве старшыні сельсавету з «польразьведорганамі» ня даў. Наадварот. Як заявіў адзін з дапытаных, «Белавец мне запомніўся як актывіст і чыста савецкі чалавек».

Што гэта азначала ў 1937 годзе — «актывіст і чыста савецкі чалавек»? Белавец быў старшынём сельскага савету, у яго абавязкі ўваходзіла ажыцьцяўленьне ўсіх акцыяў савецкай улады, ад барацьбы з Богам да збору падаткаў. Гэта была катавая служба. У дадатак да калгаснай бясплатнай працы праз сыстэму непасільных падаткаў у прорву імпэрскай індустрыялізацыі выціскаліся апошнія кроў і пот вяскоўцаў. Калі мясцовыя ўлады не спраўляліся з плянамі калектывізацыі, выбіваньнем паставак, чысткай партыйных шэрагаў, тады «вычышчалі» іх саміх.

Раённае начальства ў сярэдзіне 30-х жыло ва ўгары бязьмежнай улады над тымі, хто быў ніжэй, і такога ж бяспраўя перад вышэйшымі. Сярод іх сустракаліся асобы, перакананыя ў непагрэшнасьці партыі і Сталіна, людзі, якія шчыра верылі ў гістарычную справядлівасьць сваёй справы. Аднак нашмат больш характэрнымі рысамі мясцовай улады рабочых і сялян былі малапісьменнасьць, разбэшчанасьць, жорсткасьць, самаўпраўства, п’янства. На месцах, як і ў НКВД, у большасьці працавалі не паталягічныя крымінальнікі альбо ідэйныя фанатыкі, а самыя звычайныя, простыя людзі, выхадцы зь бедных сялянскіх і рабочых сем’яў — плоць ад плоці народу... Яны лёгка маглі быць на месцы сваіх ахвяраў, і тады б іх саміх заганялі ў калгасы, раскулачвалі, высылалі. Аднак ім пашанцавала, і яны так аддана праводзілі партыйную лінію, што час ад часу ў Крамлі пачыналі гаварыць аб «перагібах», «парушэньнях сацзаконнасьці» ды іншых «галавакружэньнях ад посьпехаў». Кадры імпэтна распраўляліся з выбранымі «перагібшчыкамі» і займалі іх месцы, а галоўным заставалася тое, што галавакружэньне было ўсё ж такі ад посьпехаў...

З сацыяльна чужымі элемэнтамі — духавенствам, працавітымі заможнымі гаспадарамі, іх блізкімі і далёкімі сваякамі ў Старобінскім раёне пакончылі задоўга да 1937 году. Цяпер улады не цырымоніліся з калгасьнікамі, а пра тых, хто ў Старобінскім раёне працягваў трымацца за ўласны падворак, у лютым 1937-га на пленуме райвыканкаму, прысьвечаным сталінскай канстытуцыі, было сказана проста і ясна:

«аднаасобнік зьяўляецца ворагам працоўнага народу».

I гэта была ня новая палітычная ўстаноўка, а канстатацыя даўно заведзенай практыкі, што маглі пацьвердзіць усе старобінскія аднаасобнікі, якія чулі заяву (вялася трансьляцыя пленума празь мясцовае радыё). Праўда, такую раскошу, як радыё, маглі дазволіць сабе далёка ня ўсе прыватныя гаспадары, няшчадна абкладзеныя процьмай падаткаў і збораў. Калі яны не спраўляліся з новымі і новымі паборамі, у справу ўступалі сельсаветы.

У архіўнай даведцы НКВД на старшыню Чэпелеўскага сельсавету Белаўца гаварылася, што ён «за няўплату сельгаспадатку распрадаў да рэшты пяць аднаасобных гаспадарак». У НКВД інфармацыю пакінулі без увагі. Гэта была самая звычайная зьява: калі лічыць толькі паводле пісьмовых скаргаў пацярпелых, у 1936 годзе ў Старобінскім раёне сканфіскавалі маёмасьць у 117 аднаасобнікаў. Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР, якая ў рамках чарговай кампаніі супраць чарговага «галавакружэньня» правярала раён, адзначала:

«Як правіла, канфіскаваная маёмасьць прадавалася за бясцэнак, і ў выніку многія аднаасобныя гаспадаркі разбураліся. Ускрытыя факты прысваеньня асобнымі старшынямі сельсаветаў часткі канфіскаванай маёмасьці і грошай ад яе рэалізацыі».

Верагодна, сярод старшыняў сельсаветаў былі розныя людзі. Аднак Сьцяпан Белавец запомніўся людзям даволі пэўна. Яны засьведчылі ў 1960 годзе, што старшыня сельсавету

«вельмі актыўна праводзіў палітыку ўцягненьня сялянаў у калгас і на гэтай глебе часам крыўдзіў асобаў, якія не хацелі ўступаць у калгас. Да асобаў, якія не выконвалі падаткаў, Белавец ставіўся жорстка, часам паводле яго патрабаваньня ў некаторых аднаасобнікаў канфіскавалася маёмасьць».

Пяць цалкам зьнішчаных гаспадарак, пушчаных голымі ў сьвет сем’яў аднаасобнікаў пацьвярджаюць характарыстыку Сьцяпана Белаўца як «чыста савецкага чалавека». Яго паводзіны не адрозьніваліся ад дзеяньняў большасьці мясцовых уладароў сельсавецкіх пячатак.

Вось некаторыя штрыхі ў партрэт старобінскіх сельсаветчыкаў з даведкі Камісіі савецкага кантролю (ад 13 сакавіка 1937 г.):

«Аб скажэньнях дырэктываў партыі і ўраду і парушэньнях рэвалюцыйнай законнасьці ў Старобінскім памежным раёне.

... У савецкіх арганізацыях праводзілася голае адміністраваньне, якое суправаджалася зьдзекамі над калгасьнікамі і аднаасобнікамі.

Па Даманавіцкім сельсавеце: старшыня Чарняк, які зьяўляецца адначасна парторгам Даманавіцкага і Чырвонаазерскага сельсаветаў, канфіскаваў у Хаміцэвіча Мацьвея карову, цяля і дзьвюх авечак за няўплату штрафу 250 рублёў, пра які Хаміцэвіч уведаў у дзень канфіскацыі маёмасьці. Карова і цяля былі здадзеныя на базу за 455 руб. 50 кап., зь іх 125 руб. 50 кап. прысвоеныя старшынём сельсавету. Чарняк таксама канфіскаваў у Хаміцэвіча Пятра каня, кажух, адрэз сукна і тачылы без афармленьня акту пад выглядам неіснуючай нядоімкі па культзбору. Чарняк прысвоіў кажух, сукно і тачылы, а каня замацаваў за сельсаветам для разьездаў.

Па Чырвонаазерскім сельсавеце: Старшыня Мурашка (член КПБ, сыстэматычна п’янствуе) займаўся незаконнай канфіскацыяй і прысваеньнем часткі маёмасьці аднаасобных гаспадарак. Шэраг гаспадарак былі Мурашкам разбураныя ў выніку налічэньня непасільных падаткаў, шляхам налічэньня неіснуючых неземляробчых і рынкавых даходаў. Напрыклад, Паддубіцкаму Аляксею (сям’я з васьмі душ, сын у Чырвонай Арміі) вызначыў 1600 рублёў падатку на падставе заведама дутых даходаў. За няўплату такога непасільнага падатку канфіскавалі ў яго каня і адзіную карову. Мурашка прысвойваў незаконна канфіскаванае ў вяскоўцаў (карову, свіньню, футра, швэйную машынку, збожжа і інш.) Сакратар сельсавету Мацукевіч Фёдар і член Бердніковіч Васіль зьбілі калгасьніцу Казьлякевіч Стэфаніду і яе дванаццацігадовую дачку пры незаконнай канфіскацыі каровы для пакрыцьця нядоімкі яе брата-аднаасобніка. Старшыня сельсавету Мурашка і член Сівец абшукалі і канфіскавалі два кіляграмы ільнавалакна ў сьляпой
65-гадовай Ільшчыц Агаф і, якая зьбірала яго жабрацтвам.

Па Зажэвіцкім сельсавеце: У 1936 годзе старшынём быў Сьвістуноў (цяпер старшыня Пагосцкага сельсавету), які незаконна канфіскоўваў маёмасьць, прычым, апроч пяці ўлічаных выпадкаў, паводле скаргаў выяўлена яшчэ дзесяць выпадкаў канфіскацыі без афармленьня дакумэнтамі. Напрыклад, Сьвістуноў прапанаваў аднаасобніку вёскі Галіца Мікіту Рабаву запрэгчы каня і прывезьці яго ў сельсавет, а там адабраў у Рабава каня з вупражжу і санямі, заявіўшы, што гэта канфіскуецца за няўплату культзбору. Сьвістуновым за нядоімку 20 руб. у аднаасобніка Казлоўскага Канстанціна была апісаная маёмасьць на 400 рублёў, зь якой былі прададзеныя калгасу два хлявы за 60 руб., а рахункаводу сельсавету Бялько швэйная машынка за 100 руб. па падложнай расьпісцы. Сьвістуноў разарыў шэраг аднаасобных гаспадарак, напрыклад, у Лахай Марыі, апроч усіх гаспадарчых пабудоваў, была разламаная на дровы агароджа вакол хаты.

Па Чыжэвіцкім сельсавеце: Старшыня Бабаеў (член КПБ) на працягу
1935-36 гадоў займаецца незаконнай канфіскацыяй і прысваеньнем маёмасьці аднаасобнікаў. На Шэмет Хрысьціну за недавыкананьне 9 кг ільну, якія праз тры дні былі здадзеныя дзяржаве, Бабаеў наклаў вусна штраф у 200 руб. і ў той жа дзень канфіскаваў у яе 300 мэтраў тонкатканага палатна. Канфіскацыя была праведзеная шляхам узлому сякерай куфэрка. Шэмет Хрысьціна, калі Бабаеў выносіў палатно, цалавала яго рукі, прасіла не адбіраць палатно, якое атрымала ў пасаг дзясяткі гадоў таму і захоўвала для дачок. Але старшыня сельсавету быў няўмольны. Канфіскаванае палатно Бабаеў падзяліў паміж сабой, старшынём калгасу «Свабода» Далініным і аднаасобнікам Чайкоўскім, зь якім п’янстваваў.
Бабаеў ужываў зьдзеклівыя спосабы прымусу да аплаты наўмысна завышаных падаткаў. У Лойкі Антона (сям’я з шасьці малых дзяцей) была разабраная зімою (25 сьнежня 1936 г.) частка жылога дому і прададзеная за 100 руб. калгасу «Перамога». Бабаеў за ўдзел членаў сельсаветаў і панятых у канфіскацыі даваў прэмію ад 10 да 15 руб. з сумы продажу маёмасьці. Бабаеў зьбіў аднаасобніцу Ткачэню Вінадору за адмову дабраахвотна здаць ільнавалакно
».

Пра ўсе «подзьвігі» кіраўнікоў мясцовай савецкай улады ў Беларусі не расказаць. Адзін запрагаў жанчын у сані і прымушаў везьці на п’янку ў суседнюю вёску, другі гвалтаваў па чарзе калгасьніц, трэці цягнуў у хату ўсё, што ўпадабаў. Ад уладарных вырадкаў не было паратунку, і нярэдка даведзеныя да адчаю людзі накладалі на сябе рукі.

Пра арышт старшыні Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпана Белаўца, безумоўна, адразу стала вядома ў акрузе. Ня дзіва, калі многія ўспрынялі навіну са злараднасьцю — цягаў воўк, пацягнулі й ваўка. I тое, што пры гэтым была парушаная нейкая мітычная «сацзаконнасьць», наўрад ці хвалявала даведзеных да галечы вяскоўцаў, у якіх старшыня сельсавету канфіскаваў маёмасьць за няўплату падаткаў.

Магчыма, Белавец і не валок у хату жабрацкае багацьце (на восем ратоў на падворку Белаўца на момант арышту налічвалася ўсяго адна карова і пяць сьвіней — цяжка ўявіць, як сям’я кармілася нават тады, калі бацька быў на волі. А ўжо пасьля арышту напэўна зьведалі і голад, і холад). Аднак старшыня сельсавету, як і ягоны сьледчы Гарбачэўскі, быў часткай бязьлітаснага мэханізму гвалту, што ўрэшце пажор і яго самога. Не такі ўжо й рэдкі выпадак для сыстэмы, якая замяніла чалавечыя дачыненьні партыйнай маральлю і знайшла вялікае мноства ахвотнікаў гэтую мараль праводзіць у жыцьцё.

У жніўні 1960 году Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі, як напісана ў даведцы, спыніў справу Сьцяпана Белаўца «за адсутнасьцю складу злачынства». Магчыма, яго дзецям, якія зьведалі ўсе «выгоды» званьня членаў сям’і здрадніка радзімы, прынесла палёгку афіцыйнае пацьверджаньне, што іх бацька — ня польскі шпіён. Старшыня сельсавету і сапраўды ня быў агентам замежных разьведак...

1961. «ДА ГЭТЫХ СПРАВАЎ Я НІЯКІХ АДНОСІНАЎ НЯ МЕЎ»

Блякнот Гарбачэўскага танчэў: даводзілася пісаць новыя й новыя тлумачэньні, каб давесьці сваю правату і заслугі перад партыяй. Пэрсанальная справа хутка расла ў аб’ёме. Пра амурныя прыгоды ніхто ўжо ня згадваў, а чамусьці пачалі выторгваць іншыя факты.

Магчыма, яму проста не шанцавала. Пасьля сьмерці Сталіна парадку менш стала паўсюдна. Вось і перагляд справаў рэпрэсаваных даручылі не спэцыялістам, якія гэтыя справы добра ведалі, бо самі некалі вялі, а пабочным, ня надта дасьведчаным асобам з вайсковай пракуратуры. Іх увагу і прыцягнуў ягоны подпіс, які стаяў пад мноствам розных дакумэнтаў.

Вайсковы пракурор І.Пастрэвіч прыводзіў прозьвішчы і характарыстыкі некаторых асобаў, якіх ён выкрыў: непісьменны калгасьнік Міканор Кулакоўскі, старшыня калгасу, бацька пяцёх дзяцей Уладзімір Герасіменя, лясьнік Фёдар Сідарук, намесьнік старшыні калгасу Аляксандар Бялькевіч, лясьнік Аляксандар Аліноўскі, калгасьнікі Марыя Лазоўская, Баляслаў Корбут, Юльян Смоліч...

«Ня ведаю, навошта зьбіраць рознага роду выпадкі і недахопы за 25 гадоў працы, у кожнага яны бываюць. Падаваць іх агулам, не канкрэтызаваць, выпустошваць увесь зьмест, як і чаму тая ці іншая акалічнасьць здарылася, і толькі ў бок абвінавачаньня. Я і так перажыў у сувязі з гэтымі справамі, што паслужыла прычынай звальненьня з органаў...»

Радкі нататніка перапаўняла шчырая крыўда, і пошта разносіла лісты адрасатам. Аднак яму пачалі прад’яўляць архіўныя дакумэнты з імёнамі, пратаколамі, ордэрамі на арышт бяз санкцыяў пракурора. Так, там стаяў ягоны подпіс, але ж хіба ўсё запомніш. Можа, і афармляў якія-небудзь паперы. Але сам сьледзтва ня вёў, а толькі падпісваў першапачатковыя дакумэнты — астатнім займаліся ў Слуцку і Менску.

Ён тлумачыў зноў і зноў:

«Згодна з пастановамі ў той час вышэйстаячых органаў і пракуратуры, афармленьне справаў рабілася наступным чынам: паводле матэрыялаў, якія меў той ці іншы орган МУС (агентурныя распрацоўкі, пратаколы допыту сьведкаў, дакумэнтацыя і да т. п.), складалася апэратыўным работнікам абагульненая даведка, пісалася пастанова на арышт, бралася санкцыя пракурора, і ўвесь пазначаны матэрыял накіроўваўся ў акруговы аддзел (у той час Слуцкі) для вядзеньня сьледзтва з арыштаваным. Як там вялося сьледзтва, хто яго вёў, якія матэрыялы атрыманыя сьледчым, хто накіроўваў справы паводле падсуднасьці і пісаў абвінаваўчае заключэньне, мне невядома, бо да гэтых справаў і матэрыялаў я ніякіх адносінаў ня меў і больш іх ня бачыў».

Спраўдзілі. Зь дзевяці выбарачна паднятых справаў сем ад пачатку і да канца, да адсылкі ў Маскву наркаму Яжову на зацьверджаньне сьмяротнага прысуду, былі складзеныя і аформленыя ўласнаручна Макарам Гарбачэўскім. Тады, у 1961-м, не змаглі ці не захацелі спраўдзіць словы Гарбачэўскага пра тое, што больш справаў арыштаваных ім людзей ён ня бачыў...

1937. «УДЗЕЛЬНІК СЛУЦКАГА ПАЎСТАНЬНЯ»

Ордэр на арышт і вобыск № 231 Макар Гарбачэўскі мог выпісваць з асаблівым задавальненьнем. У сакрэтнай даведцы, якую ён склаў на падставе даносу на 42-гадовага Міхаіла Сямёнавіча Бунцэвіча, беларуса, пісьменнага, ахоўніка Старобінскага дзяржбанку, гаварылася:

«У 1920 годзе, пры арганізацыі Беларускай Рады, выступаў супраць Савецкай улады і змагаўся супраць Чырвонай Арміі. Каля мястэчка Семежава, пад націскам чырвоных частак крычаў паўстанцам не адступаць, а змагацца да апошняга, і калі іх атрад быў разьбіты, Бунцэвіч Міхаіл пасьпеў схапіць сьцяг Беларускай Рады, які цяпер захоўваецца ў яго альбо яго брата Піліпа, арыштаванага органамі НКВД».

Сьцяг у Бунцэвіча не знайшлі. Яго допыт Гарбачэўскі, загружаны іншымі справамі, даручыў правесьці свайму намесьніку Казлову. Бунцэвіч адмовіў усе абвінавачаньні. Тады Казлоў узяўся за сьведкаў.

Дапытаны работнік банку Ісак Голуб заявіў, што Бунцэвіч браў удзел у Слуцкім паўстаньні і падтрымліваў контррэвалюцыйную сувязь са сваім братам Піліпам, арыштаваным НКВД. Праўда, сам Голуб нічога напэўна ня ведаў і спаслаўся на двух чалавек, якія гэта яму расказвалі. Адзін з тых двух, Кандрат Караба, пацьвердзіў, што бачыў, як Бунцэвіч ехаў на кані ў бок Семежава, а таксама дадаў, што Бунцэвіч агітаваў яго не падпісвацца на заём, бо карысьці ад яго ніякай няма. Пацьвердзіў удзел Бунцэвіча ў Слуцкім паўстаньні і яшчэ адзін сьведка, Шлома Левітан. Прынамсі, менавіта так былі запісаныя іх паказаньні ў пратаколах допытаў.

Невядома, як праходзілі вочныя стаўкі і ці праводзіліся яны наогул, але сьледчы так і ня змог выбіць з арыштаванага прызнаньня. Пра тое, чаго гэта каштавала Бунцэвічу, можна толькі здагадвацца. Але факт застаецца фактам: памочнік опэрупаўнаважанага Казлоў мусіў запісаць у пратакол катэгарычнае адмаўленьне арыштаваным усіх абвінавачаньняў.

Справу без «царыцы доказаў» — уласнаручнага прызнаньня — старобінскія чэкісты перасылаць наркаму Яжову (што азначала верную сьмерць) не рызыкнулі, а накіравалі на разгляд «Асобай тройкі НКВД БССР». «Тройка» прызнала Бунцэвіча вінаватым толькі ў тым, што ён вёў контррэвалюцыйную агітацыю супраць мерапрыемстваў партыі і ўраду і даказваў непазьбежнасьць гібелі савецкай улады. Пра ўдзел у Слуцкім паўстаньні ня згадвалася.

Згодна з выпіскай з пратаколу № 66 ад 3 лістапада 1937 году, «тройка» пастанавіла адправіць Бунцэвіча ў папраўча-працоўны лягер тэрмінам на 10 гадоў. Яго нават не пазбавілі права перапіскі.

Пасьля 1937-га ішоў 1938 год. Сталін зьмяніў непатрэбнага больш Яжова на Берыю, і пасьля партыйнага пленуму на пачатку 1938-га адныя каты пачалі душыць іншых — цяпер ужо каралі за парушэньні «сацыялістычнай законнасьці». Пачалі мяняць кадры НКВД у рэспубліках: у Менск замест Бермана прыехаў Наседкін, якога неўзабаве зьмяніў Цанава. Ратацыя ішла на ўсіх узроўнях, партыйныя, савецкія і чэкісцкія кадры перакідваліся з аднаго раёну ў іншы — каб не «зрасталіся» зь мясцовымі насельнікамі, праводзілі лінію жорстка і рашуча, без сэнтымэнтаў.

Макара Гарбачэўскага пасьля году пасьпяховай працы ў Старобіне перавялі на пасаду начальніка райаддзелу НКВД у Шклоў.

Пакуль Гарбачэўскі выкараняў ворагаў на Магілёўшчыне, зьняволены Тайшэцкага лягеру Бунцэвіч пісаў лісты, якія акуратна падшываліся да ягонай справы. Першым зь іх стаў ліст пракурору БССР. На 12-ці старонках Бунцэвіч апісваў сваё жыцьцё, сваякоў, і даводзіў, што сьведкі ў ягонай справе гаварылі супрацьлеглае таму, што запісанае сьледчым. Да архіўнай справы падшыты і ліст сына Бунцэвіча Кастуся, вучня 7-е клясы, адрасаваны Сталіну.

Малы бацькаў заступнік пісаў кату:

«Мой бацька ніколі нідзе ня быў, ні за мяжой, ні ў белых. Усе грамадзяне мястэчка Старобіна са зьдзіўленьнем гавораць: „За што Бунцэвіча Міхаіла арыштавалі, здаецца, ён быў сумленны чалавек?“ Таварыш Іосіф Вісарыёнавіч! Пераканаўча прашу разглядзець маю прапанову. Цераз людзей-паклёпнікаў яму давялося несьці незаслужанае пакараньне».

На аркушы, вырваным са школьнага сшытку, стаіць дата: 9 кастрычніка 1939 году. Ліст хутчэй за ўсё напісаны пад дыктоўку кагосьці са старэйшых, якія спрабавалі надаць яму «афіцыйны» стыль. Аўтар дакладна называе непасрэдную прычыну зьняволеньня Бунцэвіча: «людзі-паклёпнікі», хоць, безумоўна, ніколі ня бачыў кардоннай папкі са справай НКВД. Яшчэ шэсьць лістоў у абарону мужа напісала жонка арыштаванага Клаўдзія Бунцэвіч.

Далейшыя матэрыялы архіўнай справы Бунцэвіча сьведчылі пра нараджэне цуду, які набываў усё больш выразныя формы з кожным новым перагорнутым дакумэнтам. Згодна з загадам НКВД СССР № 00116, які патрабаваў у выпадку пратэсту перагледзець і дасьледаваць справу на працягу 10-ці дзён, управа Тайшэцкага лягеру накіравала заяву Бунцэвіча пракурору БССР. У сакавіку 1940-га сьведку Ісака Голуба зноў выклікалі ў Старобінскі райаддзел НКВД. Там ужо сядзелі іншыя людзі.

У пратаколе допыту Голуба зьявіўся зусім новы запіс:

«Аб правядзеньні контррэвалюцыйнай агітацыі Бунцэвічам Міхаілам я нічога не магу паказаць, бо я за ім гэтага ніколі не заўважаў, за выняткам таго, што ў прыватных размовах Ка-раба Кандрат у 1937 годзе летам гаварыў, што Бунцэвіч прыняў удзел у Беларускай Радзе. Але чамусьці да лета 1937 году ён аб гэтым нічога не гаварыў».

Канец сьведчаньня. У адзін дзень з Голубам быў зноў дапытаны Шлома Левітан, які ўвогуле заявіў, што ніякіх паказаньняў аб удзеле Бунцэвіча ў Слуцкім паўстаньні не даваў.

Лаўрэнці Цанава, народны камісар унутраных справаў БССР (1938-1941), міністар дзяржбясьпекі БССР (1943 — 1951). Фота з сайту КДБ

Лаўрэнці Цанава, народны камісар унутраных справаў БССР (1938-1941), міністар дзяржбясьпекі БССР (1943 — 1951). Фота з сайту КДБ

У Старобінскім райаддзеле падрыхтавалі пастанову на імя новага наркама Лаўрэнція Цанавы, у якой гаварылася:

«Рашэньне асобай тройкі НКВД БССР ад 3 сьнежня 1937 году адмяніць, Бунцэвіча Міхаіла Сямёнавіча з-пад варты вызваліць. Гэтую пастанову для выкананьня праз 1 спэцаддзел НКВД БССР накіраваць у Тайшэцкі лягер НКВД СССР, 2-гі агульналягерны пункт „Ударны“ па месцы знаходжаньня».

I — подпісы новых работнікаў Старобінскага райаддзелу і Менскай абласной управы НКВД — Герасімаў, Васілеўскі, Масквічоў. 6 красавіка 1939 году Цанава ўласнаручна зацьвердзіў пастанову.

Як вынікае з датаў на дакумэнтах, яшчэ за два дні да подпісу Цанавы старшы опэрупаўнаважаны сяржант ГБ Пракоф’еў, які працаваў у 1 спэцаддзеле НКВД БССР, накіраваў дэпэшу пад грыфам «Вельмі тэрмінова. Вызваленьне. Зусім сакрэтна» ў Тайшэцкі лягер і копію ў 1 спэцаддзел НКВД СССР у Маскву. Пастанова аб адмене рашэньня «тройкі» і вызваленьні Бунцэвіча паляцела ў Сібір.

З кожным дакумэнтам, які знаходзіўся ў архіўнай справе Міхаіла Бунцэвіча, усё больш рэальным рабіўся цуд, амаль мітычны выпадак вызваленьня. Сваёй выключнасьцю ён быў абавязаны і стойкасьці самога Бунцэвіча, і клопатам сям’і, якая не адраклася ад бацькі, але, у першую чаргу, страху Сталіна перад сваімі памагатымі. Любы дыктатар жыве ў пастаянным страху перад занадта актыўнымі паплечнікамі і час ад часу робіць папераджальную рубку галоў — калі пасьпявае. Сталін заўсёды пасьпяваў, і палітычная кан’юнктура ў справе Бунцэвіча, такім чынам, склалася выключна спрыяльна. Трэба было не прапусьціць момант.

Аднак кароткі адказ з Тайшэту ў Менск прыйшоў толькі ў лістападзе 1940-га. Паведамлялася, што Бунцэвіч этапаваны з Тайшэтлагу ў Карлаг і запыт НКВД БССР перапраўлены туды. Сем месяцаў маўчаньня ў адказ на патрабаваньне «вельмі тэрміновага вызваленьня» выклікалі недаўменьне: ці гэта была норма? Ці Бунцэвічу перастала шанцаваць? Ці, можа, зноў мяняліся часы?..

Чаму і дзе блукала папера аб вызваленьні Бунцэвіча? Адну зь верагодных вэрсіяў падказаў сам архіўны дакумэнт. Яго мусілі былі падпісаць дзьве службовыя асобы: непасрэдны выканаўца сяржант ГБ Пракоф’еў, і ягоны подпіс стаіць, і начальнік 1 спэцаддзелу НКВД БССР — гэтага подпісу няма.
Імя начальніка, які проста мог пакласьці пастанову аб вызваленьні пад сукно — Макар Гарбачэўскі.

Пасьля сямі месяцаў службы ў Шклове ён быў пераведзены на працу ў Менск і заняў пасаду спачатку начальніка аддзяленьня, а празь пяць месяцаў узначаліў 1 спэцаддзел. Усе дакумэнты на вызваленьне Бунцэвіча клаліся яму на стол. Адмена прысуду і зьняцьце абвінавачаньняў маглі падарваць імклівую кар’еру маладога пэрспэктыўнага супрацоўніка...

Наступная сакрэтная паперка ў справе Бунцэвіча зьявілася праз восем месяцаў пасьля пастановы аб яго вызваленьні: усю справу адправілі зь Менску ў Старобін — для дасьледаваньня. Загадвалася сьведку Кандрата Карабу перадапытаць з мэтай «удакладненьня і пацьверджаньня паказаньняў».

Заданьне было недвухсэнсовае, і 9 студзеня 1941 году ахоўнік Старобінскага банку Караба, як і патрабавалі зь Менску, свае паказаньні супраць Бунцэвіча пацьвердзіў. У пратаколе допыту запісаныя яго адказы:

«Паміж удзельнікаў банды „Беларускай Рады“ знаходзіўся Бунцэвіч, які разам зь іншымі накіроўваўся ў Завішчыцы. З размоваў удзельнікаў банды ведаю, калі з майго возу здымалі скрыню з патронамі, дык павінны былі накіравацца ў Семежава. I больш аб удзеле Бунцэвіча ў бандзе „Беларуская Рада“ мне нічога не вядома. Бунцэвіч гаварыў, што жывецца дрэнна, няма хлеба, раней жылося ў некалькі разоў лепей, чым цяпер».

Сьледчыя папрасілі Карабу назваць сьведкаў антысавецкіх размоваў Бунцэвіча. Той адказаў так:

«У памяшканьні банку я зьмяняў Бунцэвіча, і ён адразу дахаты не пайшоў, бо быў моцны дождж, і ўсе размовы, апроч яго і мяне, ніхто ня чуў».

Сьледчыя дапыталі яшчэ сем чалавек. Ніхто болей не пацьвердзіў ніякіх абвінавачаньняў. Тым ня менш, сьледчы ўправы НКВД па Менскай вобласьці сяржант ГБ Парахневіч напісаў і падпісаў пастанову, згодна зь якой папярэдняе рашэньне аб вызваленьні Бунцэвіча адмянялася, скарга асуджанага прызнавалася неабгрунтаванай. Гэтую пастанову трэба было падпісаць начальніку ўправы НКВД Менскай вобласьці Васілеўскаму, начальніку сьледчай часткі Сімахіну, зацьвердзіць пастанову павінен быў сам наркам Цанава. Ні даты, ні патрэбных подпісаў, апроч подпісу сяржанта ГБ Парахневіча, на дакумэнце няма.

Як будзе сьцьвярджаць у 1959 годзе пракурор Менскай вобласьці І.Шнітко пад час перагляду справы, пастанова, якая адмаўляла Бунцэвічу ў вызваленьні, ня мела ніякай юрыдычнай сілы нават у тыя часы. Але былі іншыя сілы, зацікаўленыя, каб арыштаваныя на падставе іхных ордэраў не вызваляліся датэрмінова...

Бунцэвіч адбыў у лягеры ўвесь тэрмін і вярнуўся ў Старобін у 1946 годзе. Жыць яму заставалася нядоўга — праз тры гады, на 54-м годзе жыцьця, ён памёр. Удава прасіла назначыць ёй пэнсію, але ёй адмовілі. Ворагам народа і членам іх сем’яў пэнсіяў не давалі — трэба было забясьпечваць пэнсіянэраў НКВД.


1961. «ПРАШУ ПЕРАКАНАЎЧА ЎСЁ ЎЛІЧЫЦЬ»

Новыя запісы ў схуднелым блякноце адзін да аднаго паўтаралі тое, што Гарбачэўскі пісаў амаль чвэрць стагодзьдзя таму. У лютым 1961-га яму ўдалося дамагчыся доступу да справаў, якія ён вёў у 1937-м. Перагарнуў пажоўклыя старонкі, перагледзеў пастановы на арышт і свае подпісы, выпіскі з рашэньняў НКВД і паведамленьні аб іх выкананьні.

Не, яму няма чаго саромецца перад партыяй — усе арыштаваныя былі сапраўднымі ворагамі. Органы не памыляліся, сьцьвярджаць адваротнае — значыла абвінавачваць органы ў шкодніцтве, паклёпнічаць, паўтараць злобныя контррэвалюцыйныя выдумкі. Аднак часы дзіўна памяняліся. Арыштавалі Берыю, зьнік Цанава, замахнуліся на самога Сталіна. Правадыр ляжыць у маўзалеі побач зь Леніным і сам ня можа за сябе пастаяць. Быў бы жывы, хіба давялося б тлумачыць відавочнае?.. Ён вырываў чарговыя аркушы з блякноту.

«У дадатак да майго тлумачэньня адносна справаў 1937 году паведамляю. Бунцэвіч М. удзельнік атраду, створанага Беларускай Радай, змагаўся супраць чырвонага войска, праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю; Белавец С. займаўся кантрабандавай дзейнасьцю, меў сувязі з Польшчай, дзе пражывалі маці і стрыечны брат; Герасіменя В. у Польшчы меў сястру, зь якой у 1933 годзе меў падазроныя сустрэчы. У 1935 годзе за азначаную дзейнасьць выключаны з ВКП(б); Аліноўскі А. былы кулак, меў 20 га зямлі, чатыры каровы, быў завэрбаваны для правядзеньня контррэвалюцыйнай агітацыі польшпіёнам Сасноўскім; Лазоўская М. таксама мела непасрэдную сувязь з польшпіёнам Сасноўскім; Сідарук Ф. працаваў лесьніком, перадаваў матэрыял аб настроях сялянаў і разьмешчаньні частак РККА, дрэнна адпускаў матэрыял для дзяржбудоўляў... Паводле ўказаньняў таго пэрыяду, яны падлягалі арышту, тым болей, што Старобінскі раён быў памежным, і на ўсіх гэтых асобаў меліся ў райаддзеле матэрыялы агентурных справаў. Прашу пераканаўча пры разглядзе пытаньня ўсё гэта ўлічыць...»

Матэрыялы агентурных справаў былі першаснай і найважнейшай крыніцай інфармацыі, паводле якой выбіраліся ворагі. Гарбачэўскі ведаў напэўна, што пераправерыць іх, нават калі б захацелі, будзе немагчыма. У 1941-м, пад час маланкавага наступу немцаў, у райаддзелы паступіў загад паліць апэратыўныя дакумэнты. Пасьля вайны, працуючы намесьнікам Цанавы, ён на свае вочы мог бачыць справаздачу супрацоўніка Старобінскага райаддзелу НКВД Бялько, якая пацьвярджала зьнішчэньне першаснай дакумэнтацыі.

Праўда, зьвесткі аб некаторых памочніках органаў меліся ў архіўных справах арыштаваных, ён сам часам упісваў іх у даведкі, паводле якіх арыштоўваў ворагаў. Але Гарбачэўскі мог спадзявацца, што аб тых запісах паклапоцяцца калегі.

I сапраўды, пад час кампаніі рэабілітацыі, калі органы пераглядалі справы — пісалі даведкі, правяралі былых так званых «польскіх шпіёнаў» з выездам на месца, — у КГБ не забываліся і на сваіх верных памочнікаў. Вырываць аркушы са справы было строга забаронена інструкцыяй, але ніякая інструкцыя не перашкаджала ставіць густыя чарнільныя кляксы на мянушкі і прозьвішчы асьведамляльнікаў. Некаторыя акалічнасьці і дакумэнты дазваляюць датаваць адну з такіх замазак у архіўнай справе, пачатай Старобінскім НКВД і перададзенай у спэцархіў у Менск, 10 сакавіка 1953 года. I тыдня не мінула, як сканаў Сталін, а нечая спрытная рука пачала клапаціцца пра памочнікаў катаў.

У 1961 годзе ніхто сапраўды ня стаў корпацца ў агентурных матэрыялах — доказаў віны палкоўніка хапала і бязь іх. Аднак Гарбачэўскі памыляўся, калі думаў, што ніхто ніколі ня ўведае імёнаў старобінскіх юдаў...


1992. «МАТЭРЫЯЛ АСЬВ. «ГОРКІ»

Пад час кароткай беларускай адлігі, калі кампартыя была зацугляная пасьля путчу 1991 году, пад ціскам грамадзкасьці КГБ пачаў даваць абмежаваны дазвол навукоўцам, журналістам, кінематаграфістам на знаёмства зь некаторымі справамі. Як член парлямэнцкай камісіі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, непрацяглы час меў магчымасьць пазнаёміцца са справамі закатаваных і я.

Справы Сьцяпана Белаўца, Міхаіла Бунцэвіча, як і іншых ахвяраў Гарбачэўскага, адкрываліся даведкамі, паводле якіх іх арыштоўвалі, выносілі пастановы і расстрэльвалі альбо везлі ў лягеры. У справе Бунцэвіча, напрыклад, пасьля апісаньня яго ўдзелу ў Слуцкім паўстаньні рукой энкавэдыста ў дужках было нешта пазначанае, але разабраць заштрыхаваны запіс было няпроста.

Папера, на якой друкаваліся даведкі і прозьвішчы асьведаміцеляў, як знарок падабраная, каб ня можна было прачытаць з адваротнага боку — грубая і тоўстая. I літары звычайнай друкарскай машынкі не праціскалі яе.

Безумоўна, сучасная крыміналістычная тэхніка лёгка справілася б з задачай: разабраць замазаныя, схаваныя прозьвішчы даносчыкаў, але наіўна было б чакаць дапамогі з боку тых органаў, якія такой тэхнікай валодаюць. Іх задача адваротная — каб ніхто не прачытаў і не назваў імёны верных сяброў чэкістаў.

Але паспрабаваць прачытаць імёны памочнікаў катаў усё ж можна, нават калі атрымаў архіўную справу ўсяго на пару гадзінаў, і ў цёмны службовы пакой, які ў КГБ Беларусі часова адвялі пад чытальную залю, незнарок заходзяць прапаршчыкі і заглядаюць афіцэры. Пад мініятурным павелічальным шклом вугалкі характэрнага шрыфту друкарскай машынкі Старобінскага НКВД, якія выступалі з-пад чарнільных плямаў, складваліся ў літары, літары — у словы. Вось словы, якімі называлі даносчыкаў у Старобіне, і якія стаяць на пачатку многіх справаў НКВД:

«Горкі» — менавіта паводле даносаў таго, хто зашыфраваны пад псэўданімам аўтара знакамітага афарызму «Калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць», быў арыштаваны Міхаіл Бунцэвіч, расстраляны жыхар вёскі Застарыньне Станіслаў Главінскі, які пакінуў сіротамі двух дзяцей; таксама расстраляны ягоны аднавясковец Вікенці Кальчынскі.

«Сексот» Ігнаценка — паводле ягоных даносаў арыштаваны і загінуў у Бурлагу селянін вёскі Залесьсе Сямён Чарнецкі, бацька чатырох дзяцей; арыштаваны і расстраляны калгасьнік зь вёскі Застарыньне Юльян Смоліч, бацька трох дзяцей; расстраляны лясьнік зь вёскі Саковічы Андрэй Аліноўскі, бацька двух дзяцей. Прозьвішчы даносчыкаў Старобінскага НКВД Шацкага, Бобрыка, Дрызгаловіча таксама значацца ў тых некалькіх зь незьлічонай колькасьці справаў, якія ўдалося разгарнуць.

У адным з адкрытых для наведнікаў менскіх архіваў захоўваецца таўсьценны фаліянт, які невядома, як туды патрапіў. У яго доўгая назва: «Настольны рэестар сеткі асобага аддзелу ўправы дзяржбясьпекі НКВД БССР за 1939 год. Экзэмпляр № 447. Зусім сакрэтна. Захоўваць нароўні з шыфрам». Нароўні з шыфрам захоўвалі сьпіс даносчыкаў асобага аддзелу НКВД СССР пры 15-м пагранатрадзе НКВД БССР. Такім чынам, даносчыкі, якія «працавалі» ў войсках НКВД, падпарадкоўваліся Маскве, а не мясцовым чэкістам. Друкарскім спосабам выдадзеная кніга мела спэцыяльныя табліцы з разьдзеламі, куды ўпісваліся мянушкі даносчыкаў, іх службовае становішча і пасада. Сапраўдныя прозьвішчы не пазначаліся, але іх пры жаданьні лёгка знайсьці, калі падняць дакумэнты асабовага складу і паглядзець пасады.

Падбор мянушак сакрэтных памочнікаў органаў, якія слухалі і запісвалі любое неасьцярожнае слова сваіх саслужыўцаў, сьведчыць пра густы і схільнасьці іх куратара. У 15-м пагранатрадзе працу выконвалі асобы зь мянушкамі «Сурыкаў», «Жукаў», «Пушкін», «Волгін», «Лермантаў», «Чайкоўскі», «Чалюскін», «Фурманаў». Відаць, даносы, падпісаныя імёнамі паэтаў, гучалі больш прыемна для вытанчанага вуха энкавэдыста. Мянушка даносчыка, які працаваў у гаражы, «Руль», — выключэньне з гэтай юдавай партытуры, складзенай аматарам высокага мастацтва з НКВД.

Сьпіс пасадаў, якія займалі даносчыкі, сьведчыць пра некаторыя прынцыпы арганізацыі працы зь імі. Сярод іх ёсьць шавец гаспадарчай каманды, памочнік загадчыка прамскладу, кухар, шафёр, камандзір аддзяленьня, штабны пісар, намесьнік палітрука, памочнік начальніка штаба. Гэта пасады, якія даюць шмат магчымасьцяў для нефармальных кантактаў з саслужыўцамі, дазваляюць сачыць за паводзінамі начальства. Апроч таго, даносчыкі кантактавалі паміж сабой і даносілі адзін на аднаго, такім чынам, НКВД мог надзейна кантраляваць усю сетку.*

*Невялікае адступленьне: у 1989 годзе, пасьля краху ўлады КПСС у Літве, у Вільні апублікавалі некаторыя сакрэтныя дакумэнты КГБ, у іх ліку інструкцыі, фармуляры, анкеты. Стандартная анкета агента-асьведамляльніка складалася з 29 графаў. Апроч біяграфічных зьвестак, афіцэр-вярбоўшчык, які запаўняў анкету, мусіў напісаць адказы на шэраг пытаньняў, у тым ліку падрабязна выкласьці мэту вярбоўкі. Аднак, паколькі справа была пастаўленая на паток, дык для зручнасьці ў падрадкоўніку дробным шрыфтам прыводзіліся тыповыя адказы. Графа нумар 23 «Завэрбаваны» прадугледжвала наступныя варыянты працягу: «на патрыятычнай глебе, з выкарыстаньнем кампраматэрыялаў, з варожага асяродку». Пытаньне нумар 24 «Супрацоўнічаць пагадзіўся» мела такія верагодныя адказы: «ахвотна, хістаўся, пасьля доўгага перакананьня, паставіў умовы і г. д.» У наступнай графе адзначаліся «Каштоўныя асабістыя якасьці» агента: «памяць, назіральнасьць, аналітычныя здольнасьці, здольнасьць уваходзіць у давер, фізычная сіла, валявыя якасьці, здольнасьць да пераўвасабленьня і г. д.» Далей у анкеце ішло пытаньне «Якія мае спэцыфічныя магчымасьці». Падрадкоўнік прыводзіў некаторыя зь іх: «выезды ў іншыя раёны, наведваньне прыватных кватэраў паводле характару працы, мае дачу, уласную аўтамашыну, умее вадзіць аўтатранспарт і інш.» Пытаньне нумар 27 фіксавала «Асабістыя інтарэсы, зацікаўленьні і схільнасьці», сярод іх «спорт, паляваньне, музыка, мастацтва, зьбіраньне калекцыяў, турызм, радыёаматар, кінафотааматар, аматар гульні ў карты і іншых азартных забаваў». Перадапошняе пытаньне ацэньвала «Надзейнасьць агента». Трэба было адзначыць, ці агент «спраўджаны праз агентуру, з выкарыстаньнем апэратыўна-тэхнічных сродкаў і інш.» Завяршала анкету агента новая анкета: «Зьвесткі пра асабістыя сувязі, якія маюць апэратыўны інтарэс». Сюды заносіліся імёны, адрасы, прафэсіі знаёмых новасьпечанага агента і зьвесткі пра іх, якія «заслугоўваюць апэратыўнай увагі». Такім чынам, зь якіх бы меркаваньняў ні пачынаў супрацоўнічаць чалавек з органамі, як бы ні пераконваў сябе і іншых у намеры выкарыстаць свае магчымасьці выключна ў высакародных мэтах, ня ён кантраляваў сытуацыю. Органы кантралявалі ня толькі яго, але і ягоных сяброў, знаёмых, калег. Завяз кагаток — усёй птушцы пагібель.

Даносчыкаў бераглі, і яны прыцягваліся для дачы паказаньняў у ролі сьведкаў у рэдкіх выпадках. Зрэшты, патрэбных сьведкаў НКВД заўсёды знаходзіла. У чорны панядзелак Гарбачэўскага, 18 верасьня 1937 году, на падставе даносу асьведамляльніка Ігнаценкі ў вёсцы Саковічы Старобінскага раёну быў арыштаваны чарговы «польскі шпіён» — лясьнік Лістападаўскага лясьніцтва Аляксандар Мацьвеевіч Аліноўскі, 1887 году нараджэньня, беларус, беспартыйны, бацька двух дзяцей. Апроч даносу, падставай для абвінавачаньня сталі паказаньні сьведкі — Марка Ціханавіча Нікалаевіча, лесьніка таго ж лясьніцтва.

Нікалаевіч заявіў, што Аліноўскі, з аднаго боку, эксплюатаваў і няшчадна штрафаваў сялян, а з другога, — разбазарваў дзяржаўную маёмасьць і раздаваў людзям сенакос, а таксама ў 1919 годзе ўдзельнічаў у бандзе. Лёгікі ў паказаньнях сьведкі не было, але Гарбачэўскі дапоўніў іх выбітым у арыштаванага прызнаньнем: маўляў, штрафаваў сялян па заданьню польскіх шпіёнаў. Пасьля гэтага справа была накіраваная на «разгляд» Яжову. Пастанова НКВД ад 27 сьнежня 1937 году, пратакол 646, была прыведзеная ў выкананьне 24 лютага 1938 году ў Слуцку.

Праз дваццаць два гады, у студзені 1960-га, калі страх крыху адпусьціў, удава расстралянага зьвярнулася з просьбай паведаміць, што з мужам: жывы ці памёр, вінаваты ці не, і даць ягоны адрас. «Кампэтэнтныя органы» пачалі разьбірацца, ці правільна яны расстралялі лесьніка з Саковічаў. Знайшлі і зноў дапыталі адзінага сьведку Марка Нікалаевіча. Вось тэкст таго паўторнага дыялёгу:

«Пытаньне: Якія ўзаемаадносіны былі ў вас з Аліноўскім?
Адказ: Дрэнныя. Я зь ім працаваў у адным лясьніцтве і ён на мяне скардзіўся начальству. За гэта я меў на яго злобу і мы не размаўлялі.
Пытаньне: Што вам вядома аб прычынах арышту Аліноўскага?
Адказ: Аб прычынах мне нічога не вядома. Я толькі ведаю, што ён быў благі чалавек, бо скардзіўся на мяне начальству.
Пытаньне: Ці быў у бандзе Аліноўскі ў пэрыяд грамадзянскай вайны?
Адказ: Не, ня быў. Жыў у Саковічах.
Пытаньне: Вам зачытваліся вашыя паказаньні ад 12 лістапада 1937 году. Ці давалі вы такія паказаньні сьледзтву?
Адказ: Я тады казаў, што Аліноўскі благі чалавек. Што ён быў у бандзе, не гаварыў. Магчыма, і гаварыў. Але ў бандзе Аліноўскі ня быў. Ці рабіў ён што-небудзь дрэннае для савецкай улады, я ня ведаў і ня ведаю».


Вайсковы трыбунал пасьмяротна рэабілітаваў А. Аліноўскага. Жонцы і дзецям абвясьцілі радасную навіну і паведамілі, што іх муж і бацька ні ў чым перад савецкай уладай не вінаваты, а памёр сам, ад прастуды ці грыпу; апошні адрас нябожчыка — безыменную яму пад Слуцкам — не ўказалі. Сям’я ніколі ня ўведала і прозьвішча «сьведкі» Марка Нікалаевіча...

У Старобіне мясцовая жыхарка, былая настаўніца, бацька якой згінуў у сібірскіх лягерах пасьля даносу асьведаміцеля «Ігнаценкі», на маё пытаньне, што б яна зрабіла, калі б ведала, хто загубіў бацьку, раптам заплакала бязгучнымі сьлязьмі, а потым, як даўно вырашанае, ціха, але цьвёрда сказала: «Я хацела б, каб ім было тое самае, што і людзям, якіх яны прадалі».

Там, у Старобіне, я адшукаў дом, дзе жыў адзін з сакрэтных памочнікаў НКВД. Гаспадар ляжаў на ложку. На мае спробы распытаць пра падзеі 30-х гадоў ён захрыпеў і пачаў паказваць пальцам на сьцяну.

Хварэе, — сказала дачка.— Вы б раней прыйшлі, ён добра расказваў пра савецкую ўладу, заўсёды ў прэзыдыюме сядзеў. Ганаровым піянэрам абралі...

Побач з фатакарткамі на сьцяне вісеў чырвоны гальштук і стаяў барабан бяз палачак. Вочы старога глядзелі некуды ўбок, па твары блукала дзікаватая ўсьмешка. Ён пераваліў на дзявяты дзясятак...


1961. ПЕРАМОГА СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ

Гарбачэўскі сьпісваў старонку за старонкай, асабіста адносіў заявы, тлумачэньні і скаргі ў гаркам, потым у абкам партыі, слаў заказныя лісты ў ЦК. Ён адчуваў, што яго ня чуюць, чамусьці ня хочуць чуць, і гэтая несправядлівасьць балюча крыўдзіла.

У 1927-м, напярэдадні калектывізацыі, дзевятнаццацігадовым сялянскім хлопцам ён пакінуў бацькоўскі падворак і з таго часу верна служыў партыі на самым адказным участку — выкрываў ворагаў партыі. Нічога іншага рабіць ён ня ўмеў, у чым сам прызнаваўся ў скарзе сакратару ЦК КПБ П. Машэраву:

«Я праслужыў больш за 25 гадоў, маю інваліднасьць, спэцыяльнасьці ніякай няма, атрымліваю 120 рублёў, сям’я, і маці старая, 80 гадоў, чаму ніхто не падумаў аб маім далейшым жыцьці...»

Былы намесьнік наркама пісаў гэты ліст 13 красавіка 1961 году; у гэты дзень партыі было не да скаргаў сваіх гадаванцаў. Партыя сьвяткавала чарговую сусьветна-гістарычную перамогу — палёт Гагарына. Што з таго, што людзі з ночы займалі чэргі па хлеб, туліліся ў зямлянках, паміралі ад недахопу лекаў — партыя ішла да новых перамог, пераступаючы, як звычайна, празь лёсы і жыцьці.

Праўда, так здаралася звычайна з шараговымі камуністамі. Каштоўным кадрам, такім, як Гарбачэўскі, шанцавала. Пасьля пасады намесьніка Цанавы, якую ён заняў адразу пасьля вызваленьня Беларусі ад немцаў, быў паступовы спуск зь небясьпечнай намэнклятурнай вышыні — зноў мацаваў дзяржаўную бясьпеку ў Пінску, потым у Віцебску, затым у Бабруйску. Партыі патрэбныя былі ягоны досьвед, ягоныя здольнасьці, ягонае пачуцьцё сацыялістычнай законнасьці. Як бясспрэчны доказ сваёй ляяльнасьці й адданасьці, выодзіў ён пяром у блякноце:

«З 1929 году я ў партыі і за гэты час партыйных спагнаньняў ня меў».

Праўда, пад час працы ў Віцебску яму запісалі ў асабістую справу «вымову з апошнім папярэджаньнем». Ён арыштаваў нейкага Азарэнку і дамогся ад яго, як гаварылася ў даведцы, «выдуманых сьведчаньняў». Але ж у тым раёне быў масавы падзёж сьвіней, і трэба было праявіць рашучасьць, у абкаме чакалі хуткіх вынікаў, і ён іх даў. Гэтаксама ён ня мог пагадзіцца зь яшчэ адным запісам у сваёй асабістай справе:

«неабгрунтавана арыштаваў грамадзянку Глушанкову Н. Л., паводле выдуманых сьведчаньняў якой пасьля была арыштаваная яе сястра Глушанкова В. Л.»

Па-першае, ня памятаў ён тых сясьцёр, ці мала каго арыштавалі, па-другое, іх паказаньні былі запісаныя і падпісаныя, так што ўсё законна. Ды хіба ўсё растлумачыш на паперы!.. Ён хадзіў на гутаркі, дамагаўся прыёму ў першага сакратара, але той не прымаў...

Гарбачэўскі меў бясплатную кватэру, вялікую пэнсію — калгасьнікі столькі не зараблялі за паўгода працы без выхадных, колькі палкоўнік запасу атрымліваў за месяц. Але хацелася большага: адчуваньня маральнай праваты, звыклага пачуцьця ўпэўненасьці й далучанасьці да асаблівага закрытага кола, якое называлі партыяй.

Аднак пасьля XX зьезду КПСС у партыйныя органы прыйшло шмат новых людзей, якія верылі ў намер партыі ачысьціцца ад злачынстваў «культу асобы» і спадзяваліся на перамены да лепшага. Гэта аб’ектыўна супадала з інтарэсамі вышэйшай партнамэнклятуры, якая хацела застрахаваць сябе ад паўтарэньня крывавых чыстак.

Члены парткамісіі пры берасьцейскім гаркаме Губарэвіч і Куракевіч праверку справы палкоўніка НКВД закончылі высновай:

«Са свайго боку лічым, што за ўсе зьдзейсьненыя злачынствы перад народам і партыяй Гарбачэўскі ня можа надалей заставацца ў шэрагах КПСС».

Берасьцейскі абкам нават пастанавіў хадайнічаць перад Вярхоўным Саветам СССР аб пазбаўленьні палкоўніка дзяржаўных узнагародаў. Акцыя посьпеху ня мела — адстаўнік па-ранейшаму мог з гонарам апранаць кіцель, густа абвешаны ордэнамі і мэдалямі за адданую службу.

У траўні 1961 году парткамісія пры ЦК КПБ пацьвердзіла выключэньне Гарбачэўскага з партыі. Ён зьвярнуўся ў вышэйшую інстанцыю — бюро ЦК і 3 ліпеня прыехаў у Менск, каб даведацца, ці задаволеная ягоная апэляцыя. Расьпіска ў азнаямленьні з пастановай бюро — апошні дакумэнт, які захоўваюць архівы ў справе члена партыі з 1929 году. Яму адмовілі.

Вячаслаў Молатаў у Бэрліне

Вячаслаў Молатаў у Бэрліне

Гарбачэўскі мог апэляваць далей да зьезду партыі, але безь вялікіх шанцаў вярнуць членскі білет — занадта сьвежыя былі выкрыцьці, зробленыя Хрушчовым, ды і самога першага сакратара пакуль яшчэ ня скінулі таварышы па партыі. Пазьней, у 70-80-я, тое сталася магчымым — аднавілі ж у партыі аднаго з бліжэйшых сталінскіх падручных, чый подпіс стаяў на дзясятках расстрэльных сьпісаў, — Молатава. Але Гарбачэўскі да ціхай рэанімацыі сталінізму не дажыў.

Ён памёр сваёй сьмерцю і пахаваны пад прыстойным помнікам, які нічым не адрозьніваецца ад іншых падобных знакаў памяці і шанаваньня. Да канца дзён ён лічыў сябе незаслужана пакрыўджаным — верна служыў партыі, выконваў усе яе пісаныя і непісаныя законы, а партыя здрадзіла яму, адхрысьцілася ад сваёй палітыкі і ўсклала віну за злачынствы выключна на тых, хто ажыцьцяўляў партыйную лінію на практыцы. У апошняй сваёй пісьмовай заяве, на блянку расьпіскі ЦК, былы супрацоўнік НКВД цьвёрда вывеў:

«З рашэньнем ня згодны, бо фальсыфікацыі не было, і гэта ня праўда».


Абсалютная большасьць арыштаваных, якія прайшлі праз рукі Макара Гарбачэўскага, ляжаць з прастрэленымі патыліцамі ў магілах НКВД пад Слуцкам, Менскам, Магілёвам, у безыменных ямах Сібіры і Поўначы.

За тысячы зьнішчаных лёсаў, закатаваных, расстраляных людзей Макар Давыдавіч Гарбачэўскі расплаціўся кардоннай кніжачкай у барвова-чырвонай вокладцы, так падобнай колерам на знаёмы яму колер крыві.

Справядлівасьць перамагла.



Тайна сьмерці харошых камуністаў
Цанава
Прыродныя бальшавікі
Тайная вячэра
«За кіпучай чэкісцкай работай».
Пеможцы сацспаборніцтва
Баліць чэкісцкае сэрца
Лісты на «волю»
195 прозьвішчаў катаў
XS
SM
MD
LG