Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баліць чэкісцкае сэрца

  • Аляксандар Лукашук

Чэкіст. Плякат 1937 году.

Чэкіст. Плякат 1937 году.

Штодня на сайце "Свабоды — некаторыя фрагмэнты, з дадаткамі і папраўкамі кнігі Аляксандра Лукашука "За кіпучай чэкісцкай работай".

«Празьмерная стомленасьць, болі ў раёне сэрца », — запісвалі лекары паказаньні чарговага пацыента. Той расказваў, што апошнія пяць гадоў рэгулярна прымае душ Шарко, а таксама цыркулятарны, вэерны, дажджавы, сасновыя ванны, але ўсё роўна адчувае перастому.

— Трэба берагчы сябе, таварыш наркам, Вы патрэбныя партыі. Вось выпішам рэцэпт, адпачніце, а потым зноў, калі ласка, да нас на абсьледаваньне.

Берман Барыс. Наркам унутраных справаў Беларусі (1937 — 1938). З сайту КДБ Беларусі.

Берман Барыс. Наркам унутраных справаў Беларусі (1937 — 1938). З сайту КДБ Беларусі.

Барыс Давыдавіч Берман, а такое было імя пацыента, які наведаў паліклініку санітарнага аддзелу НКВД 13 сьнежня 1937 году, больш да лекараў не прыйшоў: праз тыдзень, да 20-й гадавіны ЧК, наркам атрымаў ордэн Леніна за ўдарнае выкрыцьцё ворагаў народу ў Беларусі, а потым быў адкліканы ў Маскву, дзе ад перастомы і боляў у сэрцы лячылі куляй у патыліцу.

Але радыкальныя меры дарэчы толькі ў канцы. Абвастрэньне клясавае барацьбы вымагала мець на службе мноства здаровых двухногіх істотаў бязь пер’я — так адзін старажытны філёзаф вызначаў чалавека. I хоць партыя не зважала на чысьціню іх рук і тэмпэратуру сэрца, на чым настойваў некалі рамантычны кат-заснавальнік ЧК, пра страўнік, стан зубоў і мачапалавой сыстэмы сваіх супрацоўнікаў НКВД клапаціўся.

Многія ворагі працягвалі шкодніцтва і пасьля арышту: не падпісвалі паказаньняў, не прызнаваліся ў шпіянажы, не называлі саўдзельнікаў. Даводзілася працаваць дзень і ноч, каб выконваць нормы выкрыцьця ворагаў, і гэта псавала здароўе.

За працай унутраных органаў работнікаў унутраных справаў пільна сачылі ў санітарным аддзеле адміністрацыйна-гаспадарчае ўправы НКВД. На кожнага супрацоўніка быў заведзены санжурнал, у якім падрабязна фіксавалі ўмовы службы і быту: колькі гадзінаў у суткі працуе, колькі разоў у дзень есьць, ці хапае ежы, ці гарачая яна, колькі сьпіць, і ці глыбокі сон. На працягу верасьня 1937-га ў санчастцы НКВД БССР такім чынам абсьледавалі восемдзесят чатыры пацыенты, зь іх трыццаць — навабранцы.

Большая частка папаўненьня, 22 чалавекі, ішла служыць у НКВД з арміі. Гэта былі камсамольцы, сярэдні ўзрост на момант паступленьня ў НКВД — 23 гады. Да арміі займаліся, хто чым: Уладзімер Іваноў быў калгасьнікам, Аляксей Папутчык вучыў дзяцей у школе, Іван Сакалоў сталярнічаў, Васіль Ісакаў сьлясарыў, Піліп Каралёў падбіваў балянсы ў бугальтэрыі, Леанід Альтшулер займаўся статыстыкай, Кузьма Васіленка здабываў торф... Таксама паступалі ў НКВД цывільныя асобы зь ліку тых, хто, відаць, раней дапамагаў органам на аматарскіх пачатках: журналіст Іосіф Сакалоўскі, студэнты Георгі Бібікаў, Сава Федарцаў, Сяргей Якавіцкі, Барыс Хвашчынскі. У ліку будучых опэрработнікаў праходзілі абсьледаваньне піянэрважатая менскай школы нумар 21 дзевятнаццацігадовая Ліза Далінка і васямнаццацігадовы Мікалай Сергяенка.

Ва ўсіх навабранцаў аказаўся ідэальны ўзровень ацэтону ў мачы і гемаглябіну ў крыві, востры слых і зрок, моцнае сэрца і выдатныя рэфлексы. Камісія прызнала ўсіх трыццацёх асобаў вартымі папоўніць шэрагі катаў.

Начальнік турмы ў Магілёве Іван Карнеевіч Петрусенка, як адзначыла мэдкамісія, меў «лёгкі трэмар пальцаў рук, чэрапна-мазгавую інэрвацыю, пры хваляваньні — ваніты»

Наперадзе іх чакала неблагая кар’ера: берыеўскую чыстку органаў 1938-39-га бальшыня зь іх, хутчэй за ўсё, праскочыла, бо зусім нядаўна пачала служыць. Пры Хрушчове ўсё сьпісалі на Сталіна і Берыю, а непасрэдных выканаўцаў амаль не зачапілі. Яны запоўнілі кадравыя вакансіі, якія адкрыліся пасьля выбарачнай выразкі яжоўскай пляяды катаў, і працягнулі іхную справу.

Праўда, з мэдычнага пункту гледжаньня іх будучыня выглядала ня так бясхмарна, калі меркаваць паводле стану здароўя старэйшага пакаленьня катаў.

А ў тых са здароўем было няважна. Начальнік турмы ў Магілёве Іван Карнеевіч Петрусенка 1898 году нараджэньня ўзяў у рукі чэкісцкі маўзэр у 1921 годзе. У выніку ў 1937-м, як адзначыла мэдкамісія, меў «лёгкі трэмар пальцаў рук, чэрапна-мазгавую інэрвацыю, пры хваляваньні — ваніты». На тры гады маладзейшы за яго Іосіф Аляксандравіч Жыдкоў не займаў кіраўнічых пасадаў у НКВД: усе дзевяць з паловай гадоў быў байцом, проста націскаў на курок. Але ўвосені 37-га мэдкамісія зафіксавала ў яго пастаянныя болі ў сэрцы, нясьцерпны галаўны боль і чэрапна-мазгавую інэрвацыю. Калі начальніка турмы камісія прызнала «абмежавана прыдатным» да службы, дык насупраць прозьвішча байца стаіць вэрдыкт — «непрыдатны».

Здароўем не маглі пахваліцца нават тэхнічныя работнікі. У сакратара-машыністкі Кацярыны Навіцкай прыступы сьмеху перамяжаліся з прыпадкамі сьлёз, пасьля друкаваньня пратаколаў допытаў і пастановаў яна дрэнна спала; яе калега Лілія Быкоўская таксама пакутавала на нэўрастэнію.

Апошні дыягназ самы распаўсюджаны. За чатыры гады апэратыўнай працы ў органах нэўрастэнікам стаў 26-гадовы Сямён Бягун, 35-гадовы Аляксандар Жураўлёў меў такі ж дыягназ пасьля сямі гадоў службы, 37-гадовы Сямён Барысаў — пасьля адзінаццаці. Памочнік опэрупаўнаважанага Гомельскага гараддзелу 33-гадовы Дамінік Віткоўскі празь няпоўныя сем гадоў вядзеньня допытаў пачаў заікацца, 32-гадовы Аляксандар Драздоў за дванаццаць гадоў клясавай барацьбы зарабіў нэўрастэнію другой ступені, а ягоны аднагодак Іван Колас пасьля васьмі гадоў змаганьня ўвогуле мусіў звольніцца з НКВД: нэрвовыя прыпадкі, эпілепсія — ворагі народу давялі...

Распрацоўшчыкі анкеты ўлічвалі спэцыфіку свайго кантынгенту і прапаноўвалі верагодныя адказы на гэтае пытаньне: «запойнае п’янства, звыклае п’янства, напіваецца час ад часу, п’е памяркоўна, піў раней», і апошняя вэрсія адказу — «ня п’е»

Хіба думаў мянчук Яўсей Іасілевіч, калі ў 1926 годзе зьмяніў брытву цырульніка на карны меч партыі, што за гераічную пасаду дзяжурнага камэнданта НКВД БССР давядзецца заплаціць «галаўным болем, неспакойным сном, расстройствам харчаваньня, вяласьцю страўніка, палавой слабасьцю, панурасьцю настрою, зьніжанай працаздольнасьцю» ды іншымі сымптомамі нэўрастэніі?

На гэтым фоне экзотыкай выглядае дыягназ «агульнае атлусьценьне», ад якога пакутаваў начальнік 8 аддзяленьня 3 аддзелу НКВД 40-гадовы Аляксандар Васільеў. Зрэшты, прычына гэтай хваробы таксама ў нэрвовай 17-гадовай чэкісцкай службе пацыента.

Самае дзіўнае, што якраз на нэўрастэнію — прафэсійнае захворваньне чэкістаў — супрацоўнікі НКВД увогуле ня мусілі былі пакутаваць. Так вынікае зь Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі, аўтар якой у тым самым 1937 годзе бачыў прычыны гэтага захворваньня ў «напружанай барацьбе за існаваньне» пры капіталізьме. Спрыяльнымі для нэўрастэніі лічыліся «ўмовы капіталістычнай вытворчасьці, зьвязаныя з аднастайнасьцю працоўных працэсаў, адсутнасьцю цікавасьці да працы, заўсёднай пагрозай беспрацоўя». Беспрацоўе пры будаўніцтве камунізму катам не пагражала, а вось працоўныя працэсы сапраўды былі аднастайныя: паставіў ворага на канвэер і — бі, бі, бі...

Найлепшая прафіляктыка нэўрастэніі — сацыялістычная рэвалюцыя. Энцыкляпэдыя сьцьвярджала: «Зьнішчэньне беспрацоўя, правільнае рэгуляваньне працы і адпачынку, поўнае зьнішчэньне эмоцыяў адмоўнага характару, зьвязаных з працай на капіталістычным прадпрыемстве, і замена іх эмоцыямі станоўчымі на сацыялістычных прадпрыемствах, „Праца — справа гонару, годнасьці, справа доблесьці і геройства“, пашырэньне фізкультуры і здаровых забаваў замест традыцыйньгх у капіталістычных краінах алькагольных эксцэсаў — вось аснова прафіляктыкі нэўрастэніі».

Калі ўсё ж занаходзіліся асобы, якія і пры сацыялізме гублялі цікавасьць да працы ці няправільна рэгулявалі справу геройства і справу адпачынку, энцыкляпэдыя раіла «выдаленьне ад звычайных умоваў — лепш за ўсё ў дамы адпачынку, санаторыі, псыханэўралягічныя здраўніцы».

У 1937 годзе санаторыяў для чэкістаў яшчэ не хапала: толькі двойчы на ўвесь санжурнал сустракаюцца адзнакі аб адпачынку ў Кіславодзку і на паўднёвым беразе Крыму...

У пэрыяд абвастрэньня клясавае барацьбы санаторыяў для шараговых чэкістаў не хапала, а напружаньне пасьля допытаў і расстрэлаў трэба было здымаць. Як расслабляюцца супрацоўнікі, у НКВД ведалі, і таму ў мэдычную карту была ўведзеная графа «спажываньне алькаголю». Распрацоўшчыкі анкеты ўлічвалі спэцыфіку свайго кантынгенту і прапаноўвалі верагодныя адказы на гэтае пытаньне: «запойнае п’янства, звыклае п’янства, напіваецца час ад часу, п’е памяркоўна, піў раней», і апошняя вэрсія адказу — «ня п’е».

Усе апытаныя ў графе «спажываньне алькаголю» сьціпла прызнаваліся, што п’юць выключна піва. Гэтак заўсёды адказваў і былы сьлесар Міхаіл Бычкоў, чэкіст з 1921 году. Увосені 1937-га мэдкамісія знайшла ў адказнага дзяжурнага па наркамату хранічны алькагалізм на фоне цяжкай нэўрастэніі. Выснова — да службы непрыдатны, тым болей, што дзяжурны страціў усю адказнасьць і перастаў зьяўляцца на працу. А вось Леў Тамарчанка, хоць і здымаў стрэс, як высьветліла камісія, з дапамогай опіюму, змог працягнуць апэратыўную работу.

Пасьля мэдагляду змаглі вярнуцца да сваіх месцаў на чэкісцкім канвэеры былы кацельшчык Барыс Лапцёнак, шафёр у мінулым Валяр’ян Корсак, колішні памочнік машыніста Мікалай Васілеўскі, шавец Сяргей Дудзенка, а таксама былыя электразваршчык Мікалай Чатанаў, чыгуначнік Рыгор Маўчан, дарожны майстар Сяргей Зотаў і мноства іншых, на чыё рабоча-сялянскае здароўе пакуль аніяк не паўплывала спэцыфіка заняткаў.

Двухногія істоты бязь пер’я ў стане выконваць любую работу, на якую пашле партыя: у газавых камэрах і кабінэтах сьледчых, у канцлягерах і на будоўлях. А што сэрца часам баліць — дык ворагі вінаватыя...


Далей чытайце

ПЕРАМОЖЦЫ САЦСПАБОРНІЦТВА

Супрацоўнікі ГБ любілі паўтараць: мы таксама пацярпелі ад таталітарызму, 20 тысячаў чэкістаў загінулі пад час рэпрэсіяў. Сапраўды, у 1938 годзе пачалася чарговая ўнутрыпартыйная бітва павукоў у слоіку, і з ласкі Сталіна берыеўцы пачалі грызьці яжоўцаў. Прычым з гэтай спэцкатэгорыяй арыштаваных сьледчым нічога ня трэба было выдумляць — верныя салдаты партыі былі па калені ў крыві, як і сама партыя...


Лісты на «волю»

«За кіпучай чэкісцкай работай»

195 прозьвішчаў катаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG