Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пачаўшы, як усе дасьледнікі сталінізму ў 80-я гады, са збору ўспамінаў ахвяраў, у 90-я я засяродзіўся на праблеме катаў, іх адказнасьці — дакладней, поўнай яе адсутнасьці. Як прадстаўнік «Мартыралёга Беларусі», у 1990 годзе я быў абраны ў склад Камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га скліканьня ў справе рэабілітацыя ахвяраў сталінізму. Карыстаючыся афіцыйным статусам, я атрымаў доступ да розных архіўных крыніцаў у дзяржаўных сховішчах — абмежаваны, кароткачасовы, фрагмэнтарны.

Некалькі гадоў матэрыялы знаходак, гутарак з людзьмі, лістоў, якія я атрымліваў, гучалі ў эфіры «Свабоды», і сталі падставай для кнігі «За кіпучай чэкісцкай работай», якая выйшла у выдавецтве «Наша Ніва» ў 1997. У наступным годзе кніга была адзначана прэміяй імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-Цэнтру, якую ўручаў Васіль Быкаў. З таго часу кніга не перавыдавалася. Як казаў мне гісторык і архівіст Віталь Скалабан, зь якім я раіўся незадоўга да яго сьмерці пра мэтазгоднасьць перавыданьня, нічога ў ёй, на жаль не састарэла. Сёньня мы пачынаем друкаваць некаторыя фрагмэнты, з дадаткамі і папраўкамі.




ЗА КІПУЧАЙ ЧЭКІСЦКАЙ РАБОТАЙ



У адрозьненьне ад ацалелых вязьняў ГУЛАГу, якія пакінулі свае ўспаміны аб перажытым, каты мэмуараў не пісалі. А калі й пісалі, дык пра свае подзьвігі ў засьценках ня згадвалі. Між тым, архіўныя сьведчаньні пра «ўнутранае» жыцьцё НКВД існуюць — яны напісаныя катамі, якія праз іронію лёсу сталі ахвярамі.

Адзін з такіх, начальнік 4-га сакрэтна-палітычнага аддзелу НКВД БССР Васіль Ермалаеў, дае даволі падрабязную панараму нораваў і традыцыяў, якія панавалі ў НКВД БССР у сярэдзіне 30-х гадоў. Гэты шматстаронкавы допіс патрапіў на імя новага сакратара ЦК КП(б)Б П. Панамарэнкі прыйшоў зь Менскай турмы НКВД:

«Турма абмяжоўвае паперай. Прасядзеўшы ў адзіночнай камэры 10 сутак, вельмі многае ўсплыло ў памяці, чаго за кіпучай чэкісцкай работай, магчыма, і не ўзгадаў бы».

Васіль Ермалаеў, член партыі з 1919 году, прыйшоў у органы ў 1924 годзе. У Беларусь з Расеі яго накіравалі ў 1935 годзе, і тут чэкісцкая кар’ера Ермалаева сапраўды «ўскіпела». Пачаў у Менску опэрупаўнаважаным, і ўжо празь некалькі месяцаў быў прызначаны начальнікам Асобага аддзяленьня кавалерыйскай дывізіі, якая фармавалася. Менш чым праз год, у кастрычніку 1936-га, Ермалаеў стаў начальнікам аддзелу НКВД Лепельскай акругі, у якую ўваходзілі 4 раёны. Службу ведаў: на ўвесь СССР прагучала так званая «Лепельская справа», паводле якой нават ЦК ВКП(б) прымаў спэцыяльную пастанову. Лепельская акруга лічылася памежнай, кожны другі жыхар меў сваякоў альбо знаёмых на польскім баку, і таму недахопу ў «польскіх шпіёнах» лепельскія чэкісты ня мелі.

Менш чым праз паўтары гады заслугі Ермалаева былі ацэненыя, і з асабістай ласкі наркама ўнутраных справаў Бермана ён атрымаў новае падвышэньне — быў пераведзены ў Менск, у апарат НКВД БССР.

Барыс Берман, наркам унутраных справаў Беларусі (1937-1938)З сайту КДБ Беларусі.

Барыс Берман, наркам унутраных справаў Беларусі (1937-1938)З сайту КДБ Беларусі.

Чацьверты, самы жахлівы аддзел НКВД займаўся сьледзтвам, г. зн. фабрыкацыяй справаў. Ягоныя супрацоўнікі катавалі арыштаваных, складалі пратаколы допытаў, перасылалі іх на разгляд «троек» і асобых нарадаў. Апроч таго, з райаддзелаў НКВД сюды накіроўвалі свае сьледчыя справы для разгляду, вынясеньня заключэньня і далейшага накіраваньня паводле падсуднасьці. Праз аддзел напрасткі праходзілі арыштаваныя наркамы, акадэмікі, прафэсары, пісьменьнікі.


Ермалаеў, які дагэтуль выяўляў польскіх агентаў паміж сялянаў і раённай намэнклятуры, падзяліўся зь Берманам сваімі сумневамі: маўляў, у такім маштабе ніколі не працаваў. Берман, паводле сьведчаньня Ермалаева, спытаўся:




«У вас калі-небудзь хістаньні былі ад генэральнай лініі партыі?
— Не.
— Дык астатняе прыкладзецца.
Пасьля гэтага я пайшоў, сеў за стол і прыступіў да працы».


Працы хапала: неабходна было ліквідаваць завалы сьледчых справаў. На пачатак лютага 1938 году за аддзелам, дзе працавалі 54 чалавекі, налічвалася больш за 450 арыштаваных, многія зь якіх чакалі свайго лёсу год і болей. Каля 600 сьледчых справаў з пэрыфэрыі ляжалі доўгія месяцы без адказу. Ермалаеў скрадзіўся Панамарэнку:

«Я знайшоў у аддзеле поўны развал дысцыпліны, наяўнасьць групаўшчыны на глебе маральна-бытавога разбэшчаньня. Сувязь зь невядомымі жанчынамі, наведаньне іх групай, выкарыстаньне для нізкіх мэтаў кансьпіратыўных кватэраў. У гэтую групу ўваходзілі Слукін, Кунцэвіч, Быхоўскі, Шэйнкман, Якімаў, Перавозчыкаў ды іншыя».

Сваіх папярэднікаў на пасадзе новы начальнік ахарактарызаваў каротка, але ёміста:

«Клейнберг, які аказаўся ворагам народу — прайдзісьветам, пасьля яго Урачоў, пра якога старыя работнікі кажуць, што ён прапіў 4-ты аддзел, зачыняўся ў кабінэце штодзень з пахмельля і нікога не прымаў. Пасьля яго Волчак, які быў арыштаваны за сувязь з трацкістамі. Да майго прыезду сярод работнікаў 4-га аддзелу была ўскрытая і ліквідаваная трацкісцкая група».

Лаўрэнці Цанава, наркам унутраных справаў БССР (1938-1941), міністар дзяржбясьпекі БССР(1943 — 1951) З сайту КДБ Беларусі.

Лаўрэнці Цанава, наркам унутраных справаў БССР (1938-1941), міністар дзяржбясьпекі БССР(1943 — 1951) З сайту КДБ Беларусі.

Зь ліста Васіля Ермалаева паўстае яшчэ адна дэталь кіпучых чэкісцкіх будняў — узаемныя даносы:

«У аддзеле кадраў ёсьць заява, што Кунцэвіч, начальнік аддзяленьня ў справе царкоўнікаў і сэктантаў, у 1930 годзе заганяў адміністрацыйна сялян у калгасы, абагульняў інвэнтар аж да курэй. У гэтай заяве гаворыцца, што Кунцэвіч меў сувязь з жонкай арыштаванага і што ёй расказваў пра мужа. Гэтыя зьвесткі я ўведаў за некалькі дзён да свайго арышту і даклаў наркаму Цанаву».

У адзіночнай камэры турмы НКВД Ермалаеў узгадаў і іншых сваіх падначаленых і даў ім шматколерныя характарыстыкі. Ён пісаў:

«У аддзеле было 8 аддзяленьняў. Аддзяленьне ў справах трацкістаў і правых узначальваў Шэйнкман, разбэшчаны чалавек, стары халасьцяк, заляцаўся да кожнай спадніцы. Нацыянал-фашыстоўскае аддзяленьне ўзначальваў Быхоўскі — садыст, маральна разбэшчаны, фанабэрысты, ганарлівы, падхалім, кар’ерыст, распусны нізкі чалавек, які інтымна жыў з многімі невядомымі жанчынамі, у тым ліку з машыністкай 4-га аддзелу. Аддзяленьне ў справах эсэраў і меншавікоў узначальваў Артамонаў — п’яніца, гультай, прагульшчык. Аддзяленьне абслугі савецкага апарату і рабочае клясы ўзначальваў Гарбаты, які меў сумнеўныя сувязі. Аддзяленьне ў справах сельскай гаспадаркі начальніка ня мела аж да выдзяленьня з 4-га аддзелу самастойнага сельгасаддзелу».

Ахарактарызаваўшы такім чынам частку сваіх найбліжэйшых памочнікаў — кіраўнікоў аддзяленьняў, Ермалаеў перайшоў да астатніх, і зноў не пашкадаваў фарбаў. Са сваёй камэры ён пісаў у ЦК:

«Аддзяленьне ў справах моладзі ўзначальваў Слукін, распусьнік, разбэшчаны ў полавых адносінах, маральна нізкі. Выкарыстоўваў у нізкіх мэтах кансьпіратыўную кватэру — вадзіў туды жанчын.

Аддзяленьне ў справах царкоўнікаў, сэктантаў і былых людзей (так ў тэксьце) узначальваў Кунцэвіч, разбэшчаны ў бытавым пляне чалавек, меў шырокія сувязі на глебе палавой распусты зь невядомымі жанчынамі. Са словаў Быхоўскага мне вядома, што Кунцэвіч знаходзіўся ў сужыцьці з 15 жанчынамі толькі супрацоўніцамі наркамату. Для гэтай мэты выкарыстоўваў кватэру Слукіна, дзе прымалася агентура».*


* Прозьвішчы сьледчых, якія згадвае Ермалаеў у апісаньні Садому і Гаморы, якія ўяўляў сабой НКВД БССР у 30-я гады, вядомыя і паводле ўспамінаў ахвяраў рэпрэсіяў — беларускіх пісьменьнікаў Станіслава Шушкевіча, Сяргея Грахоўскага, іншых. Сьледчы Быхоўскі з кампаніяй праводзілі допыты Цішкі Гартнага, Тодара Кляшторнага, вядомых прадстаўнікоў беларускай навуковай інтэлігенцыі. Не аб тым, вядома, гаворка, што высокамаральныя каты на месцы дэградаваных катавалі б ня так бязьлітасна-жорстка. Высокамаральных катаў не бывае. У Менскім НКВД працавалі самыя звычайныя супрацоўнікі.

У дакумэнтальным фільме «Дарога на Курапаты», які мы рабілі з рэжысэрам Міхаілам Жданоўскім, ёсьць аповед былога вываднога Менскай турмы НКВД. Пасьля начных расстрэлаў у Курапатах іх чакаў накрыты стол з гарэлкай у сталоўцы НКВД — оргіі цягнуліся да раніцы. Глушылі сьпіртам зробленае, дзялілі гадзіньнікі ды іншыя рэчы забітых. Служба ў органах прадугледжвала адсутнасьць усякіх чалавечых бар’ераў. Таму, дарэчы, не маглі разьлічваць на спагаду саслужыўцаў і арыштаваныя энкавэдысты — запраграмаваная на зьнішчэньне зграя адразу ж пажырала іх саміх.


Як вынікае з допісу Ермалаева, у НКВД БССР былі такія ж парадкі, як і ў іншых савецкіх канторах: поўнае самаўпраўства ў межах інструкцыяў, бюракратычны бедлам і неразьбярыха.

«Улік у аддзеле зусім адсутнічаў. Паводле паказаньняў выкрытых праходзіла звыш 2000 чалавек — ня ўлічаныя. Улік і зараз вельмі дрэнны, але ўсё ж створаная картатэка, і ў ёй улічаныя асобы, якія праходзяць больш чым у пяцістах пратаколах допытаў. Замест практычнай дапамогі ў камплектацыі апарату асабовым складам ад былога кіраўніцтва наркамату я атрымаў адваротнае».

Да моманту арышту ў студзені 1939-га Ермалаеў узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел на працягу году. За гэты час, паводле ягоных словаў, апарат з 54 апэратыўнікаў зьмяніўся тры разы, ад двух да чатырох разоў зьмяняліся начальнікі аддзяленьняў. Ермалаеў пералічвае:

«Аддзяленьне ў справах трацкістаў і правых — начальніка не было, потым прызначылі Шэйнкмана, потым Ашышкевіч, потым Архангельскі, цяпер сумяшчае Тараканаў. У справе нац-фашыстаў — Быхоўскі, потым Фёдараў, потым Гарбачэўскі, цяпер зноў Фёдараў. У справе эсэраў, меншавікоў — Артамонаў, потым Архангельскі, потым Палітыка, цяпер Тараканаў. У справе савецкага апарату і рабочае клясы — Гарбаты, потым Лягаеў, цяпер начальніка няма. Усе прыёмы і здачы аддзяленьняў пастаянна праходзілі чамусьці насьпех, і таму той, хто прымаў аддзяленьне, быў ня ў курсе ўсіх справаў і прыступаў зноў да азнаямленьня замест практычнай працы».

Многія былыя вязьні ў сваіх успамінах пішуць пра загадкавы перапынак у допытах, калі арыштаваныя месяцамі, а то часам і больш за год чакалі ў турме выкліку на допыт і вырашэньня свайго лёсу. Яны разглядаюць гэта, як адзін з мэтадаў сьледзтва. Верагодна, у некаторых выпадках так яно і было. Але ў масе сваёй, для так званых шараговых ворагаў народу паўзы паміж выклікамі на катаваньні тлумачыліся хаосам і бардаком унутры самога НКВД, які перажываў чарговую чыстку.

У памяці арыштаванага Ермалаева сапраўды, як ён пісаў, «усплыло многае». Але ўсплыло далёка ня ўсё. Прынамсі, ён забыўся пра вячэру ў канцы лістапада 1938 году, на якую запрасіў да сябе ў дом калегаў...



Раскопкі ў Курапатах




Чытайце заўтра:

ПРЫРОДНЫЯ БАЛЬШАВІКІ

«Такушэвіч Канстанцін Мікалаевіч, білі на допытах і катавалі, яму пад пазногці запускалі голкі, зрывалі пазногці, пры катаваньні атрымаў больш чым 50 ранаў, 49 дзён ляжаў у шпіталі, пасьля катаваньняў рабілі апэрацыю на плячы. Заявіў сьледчаму, што піша хлусьню, на што сьледчы яму сказаў: «пішы, мне ўсё роўна».....



195 прозьвішчаў катаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG