Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыродныя бальшавікі


Штодня на сайце "Свабоды — некаторыя фрагмэнты, з дадаткамі і папраўкамі кнігі Аляксандра Лукашука "За кіпучай чэкісцкай работай".

«Адбылася найвялікшая правакацыя ворагаў народа — гэтай банды фашыстаў, якая рабіла сваю подлую справу супраць партыі Леніна-Сталіна, народа вялікага Саюзу ССР. Гэтая банда, знаходзячыся ў турме, працягвае сваю гнюсную справу — абгаворвае невінаватых супрацоўнікаў НКВД у іх подлых намерах і справах, вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамі, ужываць да абгавораных ворагамі і невінаватых работнікаў НКВД шэраг мераў узьдзеяньня маральна-фізычных, у сілу якіх, ня вытрымаўшы незаслужаных пакутаў, страціўшы сілы і розум, у адчаі і цалкам несьвядома гэтыя абгавораныя павінныя былі даць сьледзтву хлусьню, абгаварыўшы сябе і іншых работнікаў, спадзеючыся, што сьледзтва, аб’ектыўна правёўшы расьсьледаваньне, установіць хлусьню і паклёп ворагаў, і вымушаны агавор невінаватымі сябе і іншых, на падставе праверкі дакумэнтацыі і фактаў пераканаецца у паклёпе ворагаў, але сьледзтва, паверыўшы паклёпу ворагаў, зрабіла няправільныя вывады, клясыфікуючы асобныя памылкі і парушэньні ў апэратыўна-сьледчай рабоце, зробленыя ў сілу сьляпога выкананьня дырэктываў і ўказаньняў варожага кіраўніцтва, увёўшы гэтым самым у зман і суд, які на падставе варожага паклёпу вынес мне такі суровы прыгавор, пазбаўляючы жыцьця».

Гэта самы доўгі сказ са скаргаў, які даводзілася бачыць.

Ён пазначаны грыфамі «Уручыць неадкладна. Зусім тэрмінова. Абсалютна сакрэтна. Асабіста» і адрасаваны сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку.

Адправіцель — дэпутат Вярхоўнага Савету БССР Пётар Радноў, член ВКП(б) з 1924 году, былы член бюро абкаму партыі, ардэнаносьбіт і выхадзец зь сялянаў (адукацыя ніжэйшая). Да 19 студзеня 1939-га ён узначальваў НКВД Віцебскай вобласьці, а далучыўся да жалезнай кагорты амаль за два дзесяцігодзьдзі да таго. Але ўсё гэта было ў мінулым: заява пісалася ў камэры-адзіночцы Менскай турмы НКВД.

Лаўрэнці Цанава. Кіраўнік КДБ БССР (1943-1951). З сайту КДБ
Лаўрэнці Цанава. Кіраўнік КДБ БССР (1943-1951). З сайту КДБ
Новы наркам Цанава праводзіў кадравую чыстку: Раднова, як і Левіна, Наседкіна, Стаяноўскага і яшчэ групу кіраўнічых энкавэдыстаў у Беларусі абвінавацілі ў тым, што яны сумленна выконвалі свае абавязкі: афармлялі расстрэлы мінулымі датамі і катавалі арыштаваных. Супрацоўнікаў Магілёўскага НКВД Каралько, Сідарэнку, Дударава, Ціханцова і Петрусенку арыштавалі ўвогуле за дробязі — марадзёрства, крадзёж каштоўнасьцяў, рэчаў і вопраткі зьняволеных.

Ішла звычайная бальшавіцкая чыстка і, натуральна, у НКВД працавалі са сваімі былымі супрацоўнікамі тымі ж унівэрсальнымі мэтадамі, якія ўжываліся супраць сялянаў і прафэсараў, паэтаў і чыгуначнікаў.

Плынь чэкісцкай сьвядомасьці, зафіксаваная ў лісьце Раднова, цікавая адной псыхалягічнай асаблівасьцю: і ў турме, пасьля катаваньняў галоўны кат Віцебшчыны захоўвае вернасьць НКВД. Нават гаворачы пра свой лёс, Пётар Радноў выгароджвае катаў: маўляў, подлая банда фашыстаў абгаворвае нявінных супрацоўнікаў НКВД, проста вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамі, ужываць меры маральна-фізычнага ўзьдзеяньня.

Прайшоўшы праз рукі сваіх калег і прызнаўшыся ва ўсіх грахах, як гэта рабілі некалі ягоныя ўласныя ахвяры, Радноў піша сакратару ЦК:

«Я клянуся вам усім, сваёй дачкой 8-мі месяцаў, якую яшчэ ня бачыў, я ня быў ворагам, змоўнікам. Я вырас і выхаваны партыяй, камсамолам, Савецкай уладай. Ня дайце загінуць ад паклёпу ворагаў, малю Вас, праверце і захавайце мне жыцьцё. Я настойлівай працай выкуплю віну і злачынствы, якія зрабіў».

Радноў адхіляе абвінавачаньні ў катаваньнях арыштаваных, у стварэньні спэцрэжыму ў Віцебскай турме:

«Я не даваў загаду ствараць рэжымныя камэры быццам для зьбіваньня арыштаваных, каб прымусіць іх агаварыць сябе і іншых. Камэры для зручнасьці сьледзтва былі замацаваныя паводле просьбы аддзелаў за імі і, паводле распараджэньня НКВД зь Менску, была створаная агентура для асьвятленьня настрояў арыштаваных, а не для правакацыяў. У выніку наплыву арыштаваных сапраўды мелі месца парушэньні нормаў, і камэры былі перапоўненыя, сапраўды, з боку асобных агентаў была правакацыя, але мне пра гэта не казалі...»

Радноў прызнае толькі несьвядомы падлог дакумэнтаў, калі беларускія чэкісты сьпешна расстрэльвалі вязьняў насуперак загаду з Масквы:

«Я паверыў, што ёсьць указаньні НКВД акты складаць мінулай датай».

Сын, як ён пісаў, калгасьніка-селяніна Радноў прасіў даць яму магчымасьць ударнай працай выкупіць няправільныя даты пад актамі расстрэлаў. Яго былы віцебскі падначалены, сын краўца Сямён Левін хацеў «ударнай працай у органах НКВД выправіць сваю грубую палітычную памылку».

«Спадзяюся, што камуністычная партыя, якая зрабіла зь мяне бальшавіка, падыдзе да мяне чульліва, як гэтаму вучыць наш правадыр тав. Сталін, бо я ня вораг, а адданы нашай радзіме баец, які першы раз у жыцьці памыліўся».

Іх менскі калега Васіль Ермалаеў таксама пісаў з камэры:

«Усё сьвядомае жыцьцё прысьвяціў справе партыі Леніна-Сталіна, і чым бы мой лёс ні скончыўся, апроч расстрэлу, я і далейшае жыцьцё прысьвячу гэтай самай партыі — Леніна-Сталіна».

Яшчэ адзін былы супрацоўнік НКВД, менскі міліцыянэр Райхліновіч перажыў пасьля арышту зьдзеклівыя катаваньні: яго зьбівалі ва ўтаймавальнай кашулі, аблівалі вадой на 30-градусным марозе, мачыліся ў твар, цягалі за полавы орган. Пасьля сямі месяцаў у лягеры яго нечакана вызвалілі. Вярнуўся ў Менск і даведаўся, што сям’ю выкінулі з хаты, рэчы прапалі. Былы кавалерыст, Райхліновіч выгадаваў каня, якога пакінулі ў міліцэйскай частцы і яму не вярталі.

Райхліновіч напісаў у райкам партыі просьбу:

«Прашу ўлічыць маё цяжкае становішча, дапамагчы аднавіць здароўе, аднавіць на працы і вярнуць кватэру і каня, зь якім я спадзяюся пры першай патрэбе выступіць у абарону нашай любімай Радзімы і зьнішчыць ворагаў, якія паспрабуюць замахнуцца на нашую сьвятую тэрыторыю. Ворагі народу пахіснулі маё здароўе, але не пахіснулі маёй бальшавіцкай волі, я з прыроды народжаны бальшавіком і такім памру, памру за рабочую справу, за справу Леніна-Сталіна».

Падобных радкоў у допісах арыштаваных, асуджаных, закатаваных да паўсьмерці людзей (ня толькі чэкістаў) — безьліч. Частка клятваў у вернасьці партыі, магчыма, прадыктаваная разьлікам, але значная большасьць — шчырае выказваньне перакананьняў, наіўнай веры, што іх невінаватасьць пацьвярджаецца іх вернасьцю сталінізму. Хоць яшчэ на лютаўска-сакавіцкім пленуме ЦК ВКП(б) у 1938 годзе Сталін вылучыў шэсьць умоваў пабудовы камунізму і перамогі над ворагамі, дзе даў энкавэдыстам урок лёгікі. Правадыр сказаў, у прыватнасьці, што некаторыя ворагі такія хітрыя, што спэцыяльна працуюць ударна і робяцца стаханаўцамі, выстаўляюць сябе адданымі камуністамі, каб лепш шкодзіць, і іх трэба выкрываць.

«Я сумленны сын сваёй радзімы і партыі, якой належу ўсёй сваёй сутнасьцю да скону».

Так запэўніваў сакратара Панамарэнку былы чэкіст, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР ад Старадароскай выбарчай акругі, а потым вязень камэры нумар 8 менскай турмы НКВД Мікалай Быстроў. Ягоная біяграфія сапраўды магла ўпрыгожыць любы падручнік гісторыі ВКП(б).

«Сам я рабочы, бацька і два браты працуюць у г. Туле на збройным заводзе. У Кастрычніцкую рэвалюцыю ў лістападзе 1917-га я ўступіў у чырвонагвардзейскі латыскі атрад спэцпрызначэньня ў Смольным у Петраградзе. Браў удзел у ліквідацыі белагвардзейскіх бандаў і разгоне Ўстаноўчага сходу. У сакавіку 1918-га разам з урадам атрад пераехаў у Маскву-Крэмль, дзе мне неаднаразова даводзілася ахоўваць кабінэт У.І.Леніна. Браў удзел у падаўленьні мецяжу анархістаў і паўстаньні левых эсэраў. Асабіста ўдзельнічаў у вызваленьні з палону левых эсэраў у Пакроўскіх казармах Ф. Э. Дзяржынскага. У траўні 1919-га я паступіў на працу ў органы ВЧК-ОГПУ, у якіх на розных апэратыўных пасадах працаваў па дзень арышту».

Быстрову паставілі ў віну якраз тое, чым ён ганарыўся. Туляк, прысланы для барацьбы з нацыянал-фашызмам у Беларусі, быў абвінавачаны ў членстве ў нацыянал-фашыстоўскай латыскай шпіёнскай арганізацыі. Пасьля арышту Быстроў скардзіўся:

«мяне амаль голага пасадзілі ў сыры халодны казэмат, дзе пратрымалі 82 дні. Пагражалі расплюшчыць у блін, лаялі, прымушалі пісаць хлусьлівыя сьведчаньні».

I запэўніваў:

«Наша бальшавіцкая партыя выхавала зь мяне страснага патрыёта нашай вялікай радзімы. Я ганарыўся сваёю краінай, гатовы ў любы момант аддаць жыцьцё за справу партыі, за справу народа».

Ленінскі вартавы зашмат дазваляў сабе. Ён, як і іншыя ягоныя калегі — «прыродныя бальшавікі», ужо ня меў такой раскошы, як права распараджацца ўласным жыцьцём. Ім распараджалася партыя.

Чытаць далей

ЦАНАВА

Самай вострай праблемай у пасьляваенным Менску была жыльлёвая. Кватэраў у разбураным горадзе не хапала нават супрацоўнікам НКВД. Даводзілася месяцамі чакаць чаргі ў інтэрнатах і гасьцініцах. Калі абураныя чэкісты зьвярталіся па дапамогу да свайго наркама, той карцінна разводзіў рукамі:

— Нэ магу, кацо. Як камуніст камуністу кажу: сам ня маю кватэры ў Менску...

Тайная вячэра
«За кіпучай чэкісцкай работай»
Пераможцы сацспаборніцтва
Баліць чэкісцкае сэрца
Лісты на «волю»
195 прозьвішчаў катаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG