Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савіных супакойвае швэдаў


Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных назваў «паклёпам» здагадкі аб тым, што ў швэдаў ёсьць падставы быць асьцярожнымі ў Беларусі.

Гэтак Савіных адрэагаваў на інфармацыю на сайце амбасады Швэцыі ў Менску з заклікам аб патрэбе асьцярожнасьці для швэдаў падчас знаходжаньня ў Беларусі.

«Гэта звычайны паклёп. Нават дзіўна, што швэдзкі МЗС апускаецца да такога ўзроўню. Гэта лішні раз даказвае, што яны зусім не разумеюць Беларусь. Усе, хто хоць трохі ведаюць нашу краіну і не спрабуюць яе мэтанакіравана дэманізаваць, разумеюць, што такія інцыдэнты ў нас немагчымыя», — заявіў Савіных у інтэрвію БелаПАН.

Амбасада Швэцыі ў Менску паведаміла, што нядаўна атрымала пагрозы на адрас швэдзкіх грамадзян у Беларусі.

"Швэдзкая амбасада атрымала пагрозы, накіраваныя на адрас швэдаў па ўсёй Беларусі«,— напісала пасольства на швэдзкамоўным варыянце сваёй афіцыйнай старонкі.

«У сувязі з апошнімі падзеямі, у тым ліку высылкай амбасадара Швэцыі ў Беларусі, ёсьць падставы для швэдаў быць асабліва пільнымі і праяўляць асьцярожнасьць пры паездках у і знаходжаньні ў краіне», — гаворыцца ў паведамленьні.

Амбасада рэкамэндуе суайчыньнікам у Беларусі пазьбягаць выяўляць сябе як швэдаў, выкарыстоўваючы нацыянальнаю сымболіку, адзеньне ці нешта яшчэ.

Гэта здарылася пасьля нядаўняй высылкі швэдзкага амбасадара Стэфана Эрыксана, рашэньня афіцыйнага Менску адклікаць сваіх дыпляматаў са Стакгольму і пачатку прапагандысцкай кампаніі супраць Швэцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG