Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра Эрыксана: На чале пятай калёны хадзіў, вывучаў нашу мову


Падчас размовы з журналістамі на пляцоўцы будучай Астравецкай АЭС Аляксандар Лукашэнка асобна спыніўся на фігуры ўжо былога амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана.

Ён адзначыў контрапрадуктыўную дзейнасьць дыплямата, абвінаваціўшы таго ў невытлумачальным інтарэсе да беларускай гісторыі і мовы. Нібыта яшчэ год таму швэдзкаму боку было заяўлена пра немагчымасьць далейшага падаўжэньня акрэдытацыі Эрыксана з-за дзейнасьці, якой ён займаўся ў Беларусі:

«Мы бачылі гэта. Я ўжо не кажу пра тое, што ён на чале нашай пятай калёны хадзіў, вывучаў нашу мову і гiсторыю беларускага народа. Дай бог, зараз часу больш будзе. Пытаньне ў тым, што ён разбураў усялякі пазытыў у адносінах Швэцыі і Беларусі. Гэта было год таму. Я паслухаў і кажу: ня трэба яго пазбаўляць акрэдытацыі, яму засталося папрацаваць менш за год, давайце патрываем».

Лукашэнка сьцьвярджае, што Беларусь і Швэцыя раней дамовіліся абмяняцца новымі амбасадарамі, аднак гэтыя дамоўленасьці былі парушаныя швэдзкім бокам, у выніку чаго і ўзьнік дыпляматычны канфлікт. Ён нагадаў, што Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі 7 гадоў, хоць звычайна тэрмін знаходжаньня абмяжоўваецца трыма гадамі. Як падсумаваў Лукашэнка, бясконца ісьці насустрач Стакгольму афіцыйны Менск ня мог.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG