Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найгоршы сцэнар


З гэтай непрыемнай гісторыі з швэдзкім самалётам улады Беларусі маглі б выйсьці больш-менш прыстойна як зь міжнароднага, так і з прапагандысцкага гледзішча. Можна было паспрабаваць ператварыць мінус у плюс і нават атрымаць палітычныя дывідэнды. Дзеля гэтага трэба было з самага пачатку паставіць расьсьледаваньне плюшавага скандалу на чыста прававую глебу.

Справа ў тым, што парушэньне паветранай мяжы, несанкцыянаванае пранікненьне на тэрыторыю іншай дзяржавы – незаконнае ў любой краіне. Швэдзкі грамадзянін, заснавальнік піяр-кампаніі Studio Total Пэр Кромвэл і яго сябры публічна прызналіся ў тым, што гэта яны ажыцьцявілі скандальны пэрформанс з «плюшавым дэсантам».

І калі б праваахоўныя органы Беларусі ў межах крымінальнай справы аб незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы зьвярнуліся да праваахоўных органаў Швэцыі з просьбай экстрадзіраваць падазраваных у злачынстве швэдзкіх грамадзян у Менск ці хоць бы прыцягнуць іх да адказнасьці на радзіме, то паставілі б швэдзкія ўлады ў складанае становішча. Бо, з аднаго боку, Кромвэл і кампанія рабілі высакародную справу, то бок змагаліся з апошняй дыктатурай Эўропы.

А зь іншага боку, як ні круці, яны парушылі закон, прычым ня толькі беларускі, але, трэба меркаваць, і літоўскі, і швэдзкі. А прынцып прававой дзяржавы для Эўропы – гэта сьвятое. Да таго ж пасьля трагедыі 11 верасьня 2001 году ў ЗША стаўленьне ў заходнім сьвеце да парушэньне правілаў паветранага руху вельмі нэгатыўнае.

Пры такім сцэнары ўлады Беларусі выйгралі б у любым выпадку. Калі б Швэцыя выдала сваіх грамадзян для беларускага суду, то кіраўніцтва Беларусі атрымала б маральную і палітычную сатысфакцыю і дало б паказальны ўрок усім ахвотным паўтарыць падобны экспэрымэнт.

Калі б улады Швэцыі адмовіліся (што найбольш верагодна) супрацоўнічаць зь беларускімі праваахоўнымі органамі ў гэтым пытаньні, дык тады Стакгольм можна было б абвінаваціць у недружалюбнай пазыцыі. Дарэчнаю была б апэляцыя да эўрапейскай грамадзкасьці, да міжнародных арганізацый, міжнароднага суду. І з гледзішча прапаганды на ўнутраную аўдыторыю гэта было б выйгрышна – маўляў, глядзіце, якія ў іх дваістыя стандарты і інш. Пасьля гэтага высылка швэдзкага амбасадара выглядала б ня так адыёзна. У такой двухсэнсоўнай сытуацыі іншым краінам ЭЗ было б больш складана праяўляць салідарнасьць з Швэцыяй, уводзіць у адказ новыя санкцыі супраць Менску.

Але ўлады Беларусі прарэагавалі традыцыйна, у сваім стылі. То бок – груба, тапорна, справакаваўшы міжнародны скандал. Яны не прыдумалі нічога лепшага, як выслаць швэдзкага амбасадара, абвінаваціўшы яго ў тым, што ён не наладжваў двухбаковых адносін, падтрымліваў апазыцыю, занадта шмат гадоў займае сваю пасаду і, вось жа жах, ведае беларускую мову. Усё гэта выглядае недарэчна і абсурдна. І толькі пасьля рашэньня аб закрыцьці амбасады КДБ зьвярнуўся да ўладаў Швэцыі і Літвы па дапамогу ў расьсьледаваньні гэтай справы. Зразумела, што цяпер, пасьля такіх дзеяньняў афіцыйнага Менску, разьлічваць на дапамогу швэдзкіх і літоўскіх уладаў не выпадае.

Больш за тое, высылкай Эрыксана ўлады Беларусі стварылі прэцэдэнт. Яны прысвоілі сабе права вырашаць за іншыя краіны, хто можа быць амбасадарам у Беларусі і колькі часу. Таму варта чакаць крокаў у адказ з боку Эўразьвязу.

Чаму ж улады нават з гледзішча ўласных інтарэсаў выбралі найгоршы варыянт паводзін? Па-першае, у беларускім кіраўніцтве даўно няма людзей, здольных лічыць хаця б на два хады наперад. Там засталіся толькі простыя выканаўцы і рэтрансьлятары.

Па-другое, скандал – гэта спосаб існаваньня беларускага рэжыму, сродак пераадоленьня комплексаў. Гэта інструмэнт, з дапамогай якога Лукашэнка нагадвае сьвету пра сваё існаваньне. Маўляў, ня хочаце са мной дружыць, дык я прымушу вас ваяваць са мной, няхай і ў форме дыпляматычнай вайны. Паводле той лёгікі, якую калісьці сфармуляваў Уладзімер Жырыноўскі, зьвяртаючыся да мэдыяў: «Пішыце што хочаце, толькі не маўчыце!»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG