Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мы знойдзем адэкватны адказ на плюшавыя справы


Аляксандр Лукашэнка камэнтуе дыпляматычны канфлікт са Швэцыяй і папярэджвае, што і «Літве ў гэтым пляне мала не падасца».

Лукашэнка ў часе паездкі на будпляцоўку АЭС у Астраўцы зьвярнуўся да тэмы дыпляматычнага скандалу са Швэцыяй:

«Некаторыя зьвязваюць гэтую праблему ці то з плюшавымі мядзьведзямі, ці тое са сланамі. Гэта абсалютна розныя рэчы», — сказаў ён.

Лукашэнка заяўляе, што да дыпляматычнага скандалу са Швэцыяй дзьве краіны дамовіліся аб абмене новымі амбасадарамі ў працоўным парадку, але Швэцыя пайшла на абвастрэньне сытуацыі.

«Мы праз МЗС, праз Фюле, Більта дамовіліся, што мы спакойна разрулім гэтую сытуацыю: яны дашлюць новага пасла, і мы новага, і яны акрэдытавалі яго без праблем, і будзем працаваць», — заявіў журналістам Лукашэнка.

«Літве мала не падасца»


Што тычыцца інцыдэнту з палётам над Беларусьсю швэдзкага самалёта, Лукашэнка сказаў:

«Гэта іншая тэма. І гэтая тэма патрабуе адказу паводле міжнародных стандартаў ад Швэцыі і Літвы, чым мы сёньня і займаемся. І калі гэтых адказаў згодна з міжнароднымі нормамі ня будзе, мы знойдзем адэкватны адказ на плюшавыя справы».

«І хай моляць Бога, што нашы "памяркоўныя" беларусы пашкадавалі гэтых летуноў. Іх зарэгістравалі адразу над мяжой. Пашкадавалі, бачыце, фанэрны самалёт, а з гэтага выйшаў скандал. Але гэта было парушэньне ўсіх дамоўленасцяў. І Літва — хай не сядзяць як мышы пад венікам. Яны нам павінны адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэньня дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым пляне мала не падасца.»

У канцы Лукашэнка ўсё ж прызнаў, што высылка амбасады зьвязаная з плюшавым дэсантам:

«Калі мы пачалі расььследаваць (пасол хай ня круціцца, што ён дэмакратыю ў нас абараняе), тыя, хто прыяжджалі і рыхтавалі парушэньне дзяржаўнай мяжы, працавалі разам з пасольствам. У нас ёсьць гэтаму доказы. Сьледчыя іх прадставілі. Таму мы яшчэ разьбярэмся, якую ролю адыграла былое швэдзкае пасольства».

Гісторыя «мядзьвежага дэсанту»


КДБ затрымала 20-гадовага студэнта Інстытуту журналістыкі БДУ Антона Сурапіна, які першым выклаў на сваім сайце фатаграфіі скінутых швэдамі цацачных мядзьведзяў, і Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэраў на кароткі тэрмін, і ў якога швэды — ўдзельнікі акцыі маглі або плянавалі здымаць жыльлё.

КДБ, які расьсьледуе справу пра незаконнае перасячэньне мяжы, вінаваціць Сурапіна і Башарымава паводле крымінальных артыкулаў «пасобніцтва ў зьдзяйсьненьні злачынства» і «незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай ўсіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сілаў і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад пасадаў старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньню нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», паведаміла прэс-служба прэзыдэнта.

Аб няпоўнай службовай адпаведнасьці папярэджаны міністар абароны Юры Жадобін і начальнік Генштабу Ўзброеных сілаў — першы намесьнік міністра абароны генэрал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчана вымова дзяржсакратару Савета бясьпекі Леаніда Мальцава і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

ЗША выказалі «глыбокую занепакоенасьць нядаўнімі падзеямі ў Беларусі, у тым ліку рашэньнем беларускага ўраду выправадзіць швэдзкага амбасадара і прымусіць Швэцыю адклікаць ўсіх дыпляматаў зь Менску».

«Гэтыя дзеяньні, як і выгнаньне ў 2008 годзе амэрыканскага амбасадара, толькі пагаршае самаізаляцыю Беларусі», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартамэнту Патрыка Вэнтрэлы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG