Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Аляксандар Лукашэнка незадаволены палітыкай Швэцыі?


У чацьвер кіраўнік Беларусі выказаў сваю пазыцыю наконт чарговага замежнапалітычнага канфлікту. Чаму афіцыйнаму Менску быў не даспадобы швэдзкі амбасадар? Як гэты канфлікт паўплывае на адносіны Беларусі з Эўразьвязам?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і журналіст Анджэй Пачобут.

Чаму Менску быў не даспадобы швэдзкі амбасадар?


Валер Карбалевіч: «Лукашэнка ў чацьвер прарэагаваў на беларуска-швэдзкі дыпляматычны канфлікт. Відавочна, што афіцыйны Менск незадаволены амбасадарам Швэцыі ў Беларусі Эрыксанам. У заяве Лукашэнкі прагучалі розныя прэтэнзіі да яго. Што ён падтрымліваў апазыцыю, што ведае беларускую мову культуру і гісторыю, што мае датычнасьць да гісторыі са швэдзкім самалётам. Дык якая прычына сапраўдная?»

Аляксандар Класкоўскі: «Эрыксан адказаў па сукупнасьці. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што швэдзкі амбасадар раздражняў беларускія ўлады даўно. Думаю, яшчэ пасьля Плошчы яго хацелі мякка, бязь лішняга шуму выціснуць зь Беларусі, скарыстаўшыся тым, што чарговы тэрмін акрэдытацыі сышоў.

Бо Эрыксан ня ўтойваў сваіх кантактаў з грамадзянскай супольнасьцю, культурным андэграўндам Беларусі. Ён, у адрозьненьне ад некаторых іншых амбасадараў, рабіў гэта адкрыта. І гэта раздражняла нашы ўлады. Папрокі амбасадара ў тым, што той любіць беларускую культуру, паказваюць своеасаблівую перакручаную мэнтальнасьць. Яны думаюць: мы тут жывем, але ня ведаем беларускую культуру, а тут чалавек зь іншай краіны вывучыў — гэта падазрона.

Лукашэнка пачаў з таго, што выдаленьне Эрыксана не зьвязана з „плюшавым дэсантам“. Аднак, як кажуць, пачаў „за здравіе, кончыў за ўпакой“. Ён прызнаў, што арганізатары гэтай акцыі падчас знаходжаньня ў Беларусі кантактавалі з Эрыксанам. Дарэчы, я дапускаю, што швэдзкія грамадзяне, прыехаўшы ў Менск, кантактавалі са сваёй амбасадай. Само па сабе гэта не зьяўляецца крыміналам. Але ў нас падазраюць усіх: і фотажурналіста-студэнта, які выклаў у інтэрнэт фота зь мішкамі, і рыэлтара, які, мусіць, здаваў кватэру ўдзельнікам гэтага „плюшавага дэсанту“.

І яшчэ. Беларускія ўлады ня першы раз выказваюць жаданьне фільтраваць замежных амбасадараў. Увесну, калі амбасадары краін ЭЗ выехалі зь Беларусі, Лукашэнка казаў, што мы будзем прымаць рашэньні каго пускаць назад, а каго не. Але гэта ня справа беларускіх уладаў, каго накіроўваць сюды ў якасьці амбасадараў і на які тэрмін. Кожная краіна сама вырашае гэтае пытаньне.

Увогуле, у гэтых выказваньнях выявіліся ўсе комплексы беларускага кіраўніцтва. Усё гэта выліваецца ў элемэнтарную помсту на грубым побытавым узроўні».

Анджэй Пачобут: «Асоба Эрыксана сапраўды раздражняла беларускія ўлады. Раней Швэцыя не праводзіла актыўнай палітыкі на Беларусі. І вось сытуацыя памянялася. Тут зьявілася швэдзкая амбасада, амбасадар. Швэцыя разам з Польшчай ініцыявалі праграму „Ўсходняе партнэрства“. Швэцыя падтрымлівае тэлеканал „Белсат“, швэдзкія паліткі робяць крытычныя выказваньні на адрас беларускіх уладаў. Афіцыйны Менск незадаволены ня толькі дзейнасьцю Эрыксана ў Беларусі, але і яго здольнасьцю пераконваць улады Швэцыі праяўляць актыўнасьць у беларускім пытаньні.
Падаецца, што Лукашэнку на час выбарчай кампаніі патрэбен канфлікт з ЭЗ, каб трымаць у тонусе дзяржаўны апарат, грамадзтва, спэцслужбы

Беларускія ўлады і раней так рабілі. То бок імкнуліся выжыць нейкага амбасадара, які ім не даспадобы, разьлічваючы, што новы амбасадар будзе менш актыўны.

Таксама працуе чыньнік выбарчай кампаніі. Заўсёды падчас такіх кампаній адбываецца абвастрэньне палітычнага супрацьстаяньні і ўнутры краіны, і з Захадам, з ЭЗ. Яшчэ да гісторыі са швэдзкім самалётам улады ўзмацнілі рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў. Падаецца, што Лукашэнку на час выбарчай кампаніі патрэбен канфлікт з ЭЗ, каб трымаць у тонусе дзяржаўны апарат, грамадзтва, спэцслужбы. У дадзены момант галоўным ворагам абвешчана Швэцыя».

Як гэты канфлікт паўплывае на адносіны Беларусі з ЭЗ?


Карбалевіч: «Ці застанецца гэты канфлікт толькі беларуска-швэдзкім, ці да яго падключыцца ЭЗ. Дарэчы, Лукашэнка папракае і нават пагражае ня толькі Швэцыі, але і Літве за датычнасьць да гэтага скандалу са швэдзкім самалётам. Ці можна чакаць зноў поўнамаштабнай дыпляматычнай вайны Беларусі з ЭЗ.

Сёньня зьявілася выказваньне вядомага нямецкага палітоляга Аляксандра Рара наконт таго, што ня варта Швэцыі ўцягваць ЭЗ у свой двухбаковы канфлікт зь Беларусьсю. А Рар — каньюнктурны экспэрт, таму, магчыма, ён атрымаў нейкія сыгналы зь нямецкай эліты наконт гэтага пытаньня?»

Класкоўскі: «Рар ня першы раз выступае ў ролі адваката д’ябла. Менск імкнецца да таго, каб гэты канфлікт застаўся толькі двухбаковым. Беларускія ўлады імкнуцца вырашыць піяраўскія задачы. Яны імкнуцца адцягнуць увагу ад нявыгаднай тэмы пра дзіравую супрацьпаветраную абарону, пераключыць увагу на скандал у адносінах са Швэцыяй.

Другі момант — беларускія ўлады імкнуцца хоць са спазьненьнем, няўклюдна, але перавесьці пытаньне ў прававое рэчышча. Маўляў, швэдзкія грамадзяне парушылі заканадаўства некалькіх краін, у нас ёсьць дамовы пра супрацоўніцтва, хай Літва і Швэцыя нам дапамагаюць.

Але наўрад ці Літва і Швэцыя разгоняцца дапамагаць. Літва памятае пра справу Бяляцкага. І Швэцыя наўрад ці здасьць сваіх грамадзян беларускім спэцслужбам, ведаючы іх норавы. Яны будуць хутчэй імітаваць нейкую актыўнасьць. Але гэта можа даць беларускім уладам падставу папракаць улады Швэцыі і Літвы. Маўляў, кажаце пра вяршэнства права, а самі ў кусты.
Для кіраўніцтва ЭЗ цяперашняя сытуацыя — гэта такі пункт біфуркацыі

У Брусэлі вельмі вагаюцца наконт захадаў у адказ. Цяпер разгар ратацый эўрапейскіх амбасадараў, некаторыя з паслоў ЭЗ цяпер у адпачынку. Таму прыгожа зьязджаць са сталіцы апошняй дыктатуры няма і каму. І ўвогуле, калі паслы пачнуць езьдзіць туды-сюды, гэта выглядае сьмешна. Да таго ж у Эўропы хапае шмат іншых клопатаў у сфэры эканомікі, бясьпекі (забурэньні на арабскім Усходзе). А Беларусь — хоць дыктатура, але стабільная, транзыт ідзе, мігрантаў адлоўліваюць, хоць і шантажуюць гэтым пытаньнем раз-пораз. Магчыма, Брусэль абмяжуецца сымбалічнымі крокамі, будзе вытрымліваць паўзу. А можа, ЭЗ зноў, як у пачатку года абвергне высновы пра сваю слабасьць. Таму для кіраўніцтва ЭЗ цяперашняя сытуацыя — гэта такі пункт біфуркацыі.

Пачобут: «ЭЗ будзе вымушаны рэагаваць на гэты канфлікт. Падчас мінулага канфлікту сёлета Эўропа прадэманстравала салідарнасьць. Цяпер таксама будзе салідарнае рашэньне. Цяжка казаць, як далёка Брусэль гатовы пайсьці цяпер у гэтым канфлікце. Прынамсі, на ўзроўні рыторыкі адказ будзе жорсткім».

Пра карупцыю ва ўсясьветным спорце


Карбалевіч: «Яшчэ Лукашэнка выкрыў карупцыю ва ўсясьветных спартовых арганізацыях, змову супраць Беларусі. Ня першы раз ён займаецца такім выкрыцьцём. З пачаткам усясьветнага эканамічнага крызысу Лукашэнка даводзіў, што прычыны яго палягаюць у карупцыі. Чым патлумачыць ягоныя цяперашнія выказваньні?»

Класкоўскі: «Карупцыя — гэта канёк Лукашэнкі. Ён успомніў маладосьць, гэта дапамагло яму стаць прэзыдэнтам. Прайшло 18 гадоў, але днямі прыйшло паведамленьне, што ствараецца чарговая камісія для барацьбы з карупцыяй. Дык, можа, лепей у сваёй краіне трэба разабрацца з карупцыяй, то бок выканаць свае перадвыбарчыя абяцаньні 1994 году?

Па-другое. Тут бачна дзіцячая крыўда. Гэтая тэма ўсплыла пасьля таго, як Лукашэнку не пусьцілі ў Лёндан».

Пачобут: «Сапраўды, як толькі Лукашэнку не пусьцілі ў Лёндан, там стала ўсё вельмі дрэнна. Другі момант. Беларускім спартоўцам давялі плян: заваяваць 25 мэдалёў. Відавочна, што гэты плян ня будзе выкананы. І беларускія спартовыя чыноўнікі, напэўна, даводзяць прэзыдэнту, што прычынай невыкананьня пляну зьяўляецца карупцыя і змова, палітычная помста Беларусі. Часта, калі Беларусь не перамагае на нейкіх міжнародных спаборніцтвах (Эўрабачаньне і інш.), то прычынамі называюць сусьветную змову супраць Лукашэнкі».

Класкоўскі: «Гэта клясыка жанру. Усе дыктатуры свае няўдачы звальваюць на нейкія варожыя сілы».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG