Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каваленку ўводзяць раствор для падтрыманьня бялковай масы


Да галадоўніка Сяргея Каваленкі ў віцебскую калёнію «Віцьба-3» выклікалі рэаніматоляга. Галадоўніку зноў паставілі кропельніцу, між тым сам Каваленка па-ранейшаму спыняць галадоўку адмаўляецца.

29 сакавіка, блізу вечара, маці і жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі дачакаліся выхаду з калёніі лекара-рэаніматоляга, які аглядаў Сяргея Каваленку. Алена Каваленка кажа, што вынікам агляду стануць пэўныя мэдычныя дзеяньні па падтрыманьні стану яе мужа, які, аднак, працягвае галадоўку:

«Яго не шпіталізавалі, але нам паабяцаў лекар з калёніі, што на падставе нарадаў з рэаніматолягам яны распрацавалі схему артэрыяльнага харчаваньня. Яму ўжо нібыта паставілі кропельніцу, катэтэр паставілі на локцевую вену, і зараз будуць капаць. Дактары былі ў яго недзе больш за паўтары гадзіны, але нам зь ім пабачыцца не далі, адгарадзілі яго ад нас кардонам. Дактароў хутка вывелі і загарадзілі нам шлях, каб не пабачылі яго».

Паводле Алены Каваленкі, яе мужу будуць зараз уводзіць ня проста глюкозу, а іншы раствор для падтрыманьня бялковай масы. Пазьней могуць ужыць і зонд, сказала жонка галадоўніка.

На пачатку дня 29 сакавіка з галадоўнікам Сяргеем Каваленкам сустракаўся адвакат. Вось што пра вынікі той сустрэчы распавяла Алена Каваленка.

«Ён сказаў, што Сяргей памірае. Ён важыць ужо 45 кіляграм, незваротныя працэсы пачаліся зь пячонкай і страўнікам, але яму ніяк не дапамагаюць, чакаюць, відаць, пакуль ён памрэ. Пра тое, што ў калёніі нібыта чакаюць дазволу з суду на прымусовае кармленьне, адвакату нічога не вядома. Не выключаю, што гэта яны хлусяць. Зараз паімчуся ў калёнію, каб выклікаць Сяргею хуткую дапамогу», — паведаміла Алена Каваленка.

Сёньня ж Алена Каваленка накіравала скаргу на імя пракурора Віцебскай вобласьці ды іншых службовых асобаў з заклікам тэрмінова аказаць Сяргею Каваленку неабходную мэдычную дапамогу і папярэджаньнем аб адказнасьці за неаказаньне дапамогі.

Сяргей Каваленка галадуе з 20-дзённым перапынкам зь сярэдзіны сьнежня 2011 году. Актывіст КХП БНФ пратэстуе супроць пакараньня ў выглядзе 2 гадоў і месяца пазбаўленьня волі за парушэньне парадку адбыцьця хатняй «хіміі», якую ён атрымаў раней за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG