Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: «Папраўкі супярэчаць нават Канстытуцыі 1996 году»


Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
Былы сьпікер Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб назваў «вельмі небясьпечнымі» папраўкі, прапанаваныя Саўмінам у закон «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», і выказаў меркаваньне, што неўзабаве законапраект прымуць без істотнай карэкціроўкі.

«Гэтым праектам КДБ надаюцца неабмежаваныя правы, што мяне вельмі насьцярожвае. Як я разумею, яны самі распрацоўвалі гэты праект закону і заклалі ў яго тое, што хацелі. І гэта будзе азначаць, што КДБ, прыкладам, зможа ўварвацца ў любы час у ваш дом, можа ўжыць зброю і спэцсродкі ня толькі падчас спыненьня злачынстваў, але і падчас масавых беспарадкаў, і гэтак далей».

Мечыслава Грыба вельмі непакоіць прапанаваны дадатак у закон, паводле якога «супрацоўнікі органаў дзяржаўнай бясьпекі маюць права на ўжываньне зброі, у тым ліку агнястрэльнай, у іншых выпадках, якія вызначае прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь». Экс-сьпікер бачыць у такой няпэўнасьці лазейку для неабмежаванага і незаконнага ўжываньня сілы.
Вось летась 19 сьнежня калі б такія папраўкі ўжо дзейнічалі і ён бы прыняў рашэньне ўжыць зброю — то і ўжылі б, супроць мірных людзей. І ніякай адказнасьці.

«Ужываньне зброі рэглямэнтуецца законам, але паводле гэтай папраўкі, калі Лукашэнка аддасьць загад на ўжываньне зброі, то сілавікі мусяць гэта рабіць. Вось летась 19 сьнежня калі б такія папраўкі ўжо дзейнічалі і ён бы прыняў рашэньне ўжыць зброю — то і ўжылі б, супроць мірных людзей. І ніякай адказнасьці», — кажа Мечыслаў Грыб.

Экс-сьпікер не сумняваецца, што папраўкі будуць прынятыя Нацыянальным сходам хутка і без істотных карэкціровак. «Калі даляр перасягнуў мяжу ў 9 тысяч рублёў, а сход нават не паставіў у парадак дня пытаньне пра крызіс, то хіба гэта парлямэнт? Яны ж, наадварот, сталі на пазыцыю, каб ня даць людзям выявіць сваё незадавальненьне, раз прынялі на разгляд такія прапановы», — мяркуе Мечыслаў Грыб.

Мечыслаў Грыб лічыць, што прапанаваныя зьмены ў закон супярэчаць Канстытуцыі Беларусі «нават у варыянце 1996 году», бо шмат у чым парушаюць правы грамадзянаў. Тое, што ў вышэйшых эшалёнах улады нарадзіўся такі законапраект, былы сьпікер Вярхоўнага Савету назваў «спараджэньнем страху ўлады». «Улада баіцца і хоча абараніць сябе праз закручваньне, як кажуць, гаек. Але гайкі круцяцца да пэўнага часу, пакуль дазваляе разьба, а потым гайка можа сарвацца і зьляцець з балта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG