Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч: Верагоднасьць таго, што мяне выдадуць Беларусі, была малая


Суд горада Прагі адхіліў запыт беларускай пракуратуры аб выдачы экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Алеся Міхалевіча на радзіму.

Паводле Міхалевіча, такое рашэньне прынятае ў сувязі з тым, што гэта «супярэчыць міжнародным пагадненьням». Алесь Міхалевіч, вярнуўшыся з суду, падзяліўся з Радыё Свабода сваімі першымі ўражаньнямі.

Радыё Свабода: Ці чакалі вы такога выніку судовага разгляду? Ці не было ў душы нейкай трывогі - што вас могуць выдаць у Беларусь?

Міхалевіч: Такога прысуду чакаў. Верагоднасьць таго, што мяне выдадуць Беларусі, была дастаткова малая. Я ўжо быў азнаёмлены з матэрыяламі праверкі беларускай пракуратуры, якая запатрабавала маёй экстрадыцыі. Там было сказана ўсё тое самае - пра масавыя беспарадкі, пра пашкоджаную маёмасьць і так далей. Таму я ў прынцыпе бачыў, што чэхі гэта разглядаюць як палітычны перасьлед, і чэская пракуратура, якая мяне дапытвала, як я і спадзяваўся, выступіла з прапановай мяне не выдаваць.

РС: Ці гэта канчатковае рашэньне? Ці маюць беларускія ўлады яшчэ нейкія юрыдычныя шляхі, каб дамагацца вашай экстрадыцыі?

Міхалевіч: Яшчэ павінна быць рашэньне чэскага Міністэрства юстыцыі, якое можа апратэставаць гэтае рашэньне суду. Але верагоднасьць гэтага вельмі малая. І тады гэтае рашэньне будзе перададзенае беларускім уладам. Больш беларускія ўлады праз чэскае правасудзьдзе нічога зрабіць ня змогуць.

РС: А праз агульнаэўрапейскае?

Міхалевіч: Праз агульнаэўрапейскае – я надалей знаходжуся ў міжнародным вышуку, і таму калі мяне арыштуюць дзе-небудзь у іншай краіне, то будзе адбывацца вельмі падобны працэс у якой-небудзь іншай краіне.

РС: За час, што вы ўжо не ў Беларусі, чаго ўдалося дасягнуць у справе прыцягненьня міжнароднай увагі да катаваньняў у беларускіх турмах?

Міхалевіч: Удалося ўзьняць гэтае пытаньне, і адбываецца разгляд некалькіх скаргаў упаўнаважаным па катаваньнях Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў -- на жаль, пакуль няма рашэньня. Былі дадзеныя сотні інтэрвію, сама па сабе інфармацыя пра тое, што ў Беларусі адбываюцца катаваньні пайшла вельмі шырока ў міжнароднай прэсе. Пра гэта ўжо гаворыцца ў дзясятках рэзалюцыяў міжнародных арганізацый, у тым ліку ў рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Таму само па сабе гэта ўжо вялікае ўзьняцьце гэтага пытаньня. Спадзяюся, што гэта паспрыяе таму, каб катаваньні спыніліся.

Алесь Міхалевіч — абвінавачваны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Ён быў затрыманы ў ноч на 20 сьнежня. 19 лютага яго адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.

28 лютага Міхалевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю, на якой паведаміў, што быў вызвалены пасьля таго, як даў згоду стаць агентам КДБ. На такі крок, растлумачыў палітык, ён вымушаны быў пайсьці «з-за жудасных умоў утрыманьня ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаваньні».

У сакавіку Міхалевіч таемна выехаў зь Беларусі, патлумачыўшы гэта «рэальнай пагрозай», і празь некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG