Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

За законапраект аб КДБ дэпутаты яшчэ не галасавалі


Палата прадстаўнікоў яшчэ не разглядала законапраект «Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі», паведамілі сёньня «Свабодзе» ў прэсавай службе Палаты.

Тут кажуць, што гэты дакумэнт унёс у парлямэнт урад краіны 30 верасьня. Дэпутаты камісіі па нацыянальнай бясьпецы працуюць над законапраектам і рыхтуюць яго да абмеркаваньня ў першым чытаньні.

Згодна з графікам працы Палаты дэпутаты цяпер знаходзяцца ў сваіх выбарчых акругах. Бліжэйшае пленарнае паседжаньне заплянаванае на 20 кастрычніка. Пералік пытаньняў, які будуць абмяркоўваць у гэты дзень, яшчэ не вядомы.

У Палаце прадстаўнікоў не даюць адказу на пытаньне, ці прынялі дэпутаты папраўкі ў законы аб грамадзкіх аб’яднаньнях, аб партыях і ў Крымінальны кодэкс. Згодна з гэтымі папраўкамі, атрыманьне замежнага фінансаваньня недзяржаўнымі арганізацыямі будзе разглядацца як крымінальнае злачынства.

3 кастрычніка дэпутаты на закрытым паседжаньні прынялі папраўкі і зьмены ў закон аб масавых мерапрыемствах у Беларусі. Як паведамілі «Свабодзе» ў апараце Палаты прадстаўнікоў, сярод гэтых паправак не было палажэньня аб атрыманьні замежнага фінансаваньня недзяржаўнымі арганізацыямі.
XS
SM
MD
LG