Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Костка: «Значыць, Манаеў меў рацыю ў сваіх дасьледаваньнях»


Валер Костка

Валер Костка

Былы падпалкоўнік КДБ Валер Костка пракамэнтаваў папраўкі ў закон «Аб органах дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь», якія Саўмін унёс для прыняцьця Нацыянальным сходам.

Валер Костка мяркуе, што папраўкі ў пэўнай ступені пашыраюць паўнамоцтвы КДБ. Ставіцца мэта, па-першае, яшчэ больш запалохаць незадаволеную справамі ў краіне частку грамадзтва, па-другое — на выпадак, калі пры спыненьні масавых пратэстаў будуць чалавечыя ахвяры, вывесьці супрацоўнікаў спэцслужбаў з-пад адказнасьці і гэтым забясьпечыць іх ляяльнасьць.

Валер Костка заўважае, што спэцслужбы ўжо маюць дастаткова паўнамоцтваў для ўжываньня зброі. Дзейны закон гэта дазваляе ў адмысловых выпадках і ў мэтах абароны, але папраўкі, якія прапанаваныя, фактычна здымаюць усялякую адказнасьць за памылкі пры ўжываньні зброі. «Вельмі лёгка можна ўсё сьпісаць на «ўмовы абгрунтаванай прафэсійнай рызыкі» — заўважае Валер Костка. Што да права ўварваньня ў любы час у дамы грамадзянаў і офісы арганізацый, гэта ў сілавікоў ужо ёсьць, заўважае назіральнік.
Вельмі лёгка можна ўсё сьпісаць на «ўмовы абгрунтаванай прафэсійнай рызыкі.

Валер Костка пракамэнтаваў таксама папраўку адносна «шыфроўкі» супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бясьпекі. Як былы супрацоўнік КДБ спадар Костка заўважыў, што тайныя супрацоўнікі спэцслужбаў, гэтак званыя агенты, на законных падставах дзейнічаюць у самых розных сфэрах. «Але калі адкрытых супрацоўнікаў пачнуць „шыфраваць“ — гэта ўжо нонсэнс. Яны проста спрабуюць ня даць магчымасьці зафіксаваць іх супрацьпраўныя дзеяньні дзеля далейшай адказнасьці».

Магчымасьць ужываньня супрацоўнікамі спэцслужбаў шырокага набору спэцсродкаў, у тым ліку супроць асобаў, якія парушаюць грамадзкі парадак, таксама выклікае ў Валера Косткі зьдзіўленьне:

«Такое складаецца ўражаньне, што КДБ — гэта апошні бастыён і таму ўсе функцыі МУС перадаюцца яшчэ і КДБ як найбольш надзейнаму ахоўніку гэтага рэжыму. Накладаюць на іх усё: і адміністрацыйныя парушэньні, і правапарадак, і іншыя функцыі, якія ўвогуле да КДБ не адносяцца. Гэта ж атрымліваецца палітычны вышук, яны цалкам уваходзяць у ролю палітычнага вышуку. Чаму гэта робіцца зараз? Яны ведаюць, што наперадзе абвал эканомікі, рэзкае падзеньне ўзроўню жыцьця і выбух народных пратэстаў, а ня проста выступы апазыцыі. І вось да гэтага яны рыхтуюцца, бо добра ведаюць і рэальны курс даляра, і рэальны стан эканомікі. Яны ведаюць, які рэальны настрой насельніцтва. Манаева ж ня проста так арыштоўвалі. Значыць, Манаеў меў рацыю ў сваіх дасьледаваньнях».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG