Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супольнасьць дэмакратыяў узнагародзіла беларускую апазыцыю

  • Тацяна Поклад

Выступае Гілары Клінтан

Выступае Гілары Клінтан

У Вільні завяршыліся мерапрыемствы Супольнасьці дэмакратыяў – міжурадавай арганізацыі, якая аб'ядноўвае больш як 100 краін сьвету. У часе імпрэзы адным з асноўных пытаньняў была сытуацыя ў Беларусі.

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што беларускі рэжым павінен вызваліць палітзьняволеных:

«Мы усе разам патрабуем, каб Беларусь вызваліла палітычных вязьняў і пачала дэмакратычныя рэформы. Сумна, што становішча жыхароў Беларусі так адрозьніваецца ад сытуацыі ў іх суседзяў. Гэта нагадвае нам, што стварэньне свабоднай Эўропы яшчэ не завершанае».

Шостая міністарская канфэрэнцыя Супольнасьці дэмакратыяў у Вільні. Выступае прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце.

Уладзімер Някляеў пасьля віленскіх сутрэчаў адзначыў: «Гілары Клінтан сказала нам вельмі ясна, што пытаньне адносна палітвязьняў у Беларусі павінна быць вырашанае тэрмінова, а тое, што недзе яшчэ нешта значнае адбываецца ў сьвеце, не азначае, што гэтае пытаньне павінна быць адсунатае на другі плян».

У часе шостай міністарскай канфэрэнцыі Супольнасьці беларуская апазыцыя была ўрачыста ўзнагароджаная прэміяй імя Браніслава Герэмэка (Geremek Award), былога міністра замежных спраў Польшчы, аднаго з заснавальнікаў Супольнасьці дэмакратыяў.

Гэтая прэмія адзначае дасягненьні ва ўмацаваньні дэмакратыі з мэтай прыцягнуць больш увагі да дзейнасьці актывістаў дэмакратыі, асабліва тых, хто працуе ў складаных умовах.

Уладзімер Някляеў прымае прэмію імя Герэмэка для беларускай апазыцыі — статуэтку, якая сымбалізуе дэмакратычныя каштоўнасьці. Побач выканаўчы дырэктар сакратарыяту Супольнасьці Дэмакратыяў прафэсар Браніслаў Мішталь.

Міністр замежных спраў Літвы Аўдроніс Ажубаліс перадаў прэмію Уладзімеру Някляеву.

Някляеў: «Гэта прэмія для ўсёй беларускай апазыцыі, якая адзначае яе заслугі. Я разумею гэтую прэмію як пасыл да Беларусі ад сусьветнай супольнасьці, як заклік трымацца. Трымайся, Андрэй! Трымайся, Зьміцер! Трымайцеся, усе хлопцы! Трымайся, Беларусь, — кажа нам увесь сьвет гэтай прэміяй, мы з табой! І я веру, што разам мы пераможам!»



Перад цырымоніяй узнагорады ў часе прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік дыпляматычнага ведамства Літвы сказаў: «Няма адназначнага адказу, як дзейнічаць найбольш эфэктыўна, падтрымліваючы апазыцыю, і трымацца сувэрнітэту. Але гэта не азначае, што мы павінны перастаць спрабаваць розныя спосабы вызваленьня людзей Беларусі ад дыктатуры».

Аўдронюс Ажубаліс раней сказаў, што верыць, што «ўсе рэпрэсіўныя рэжымы неўзабаве стануць мінулым».

Гілары Клінтан і Аўдронюс Ажубаліс
Год таму ў Літве быў створаны парлямэнцкі форум Супольнасьці дэмакратыяў, да 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці ў Літве.

Станіслаў Шушкевіч, які браў удзел у парлямэнцкім форуме «Парлямэнтарыі за дэмакратыю», адзначыў, што «яшчэ ніколі не бачыў такога добрага стаўленьня да беларускага пытаньня, да таго, што адбываецца ў Беларусі, жаданьня дапамагчы». У рэзалюцыі, прынятай парлямэнцкім форумам, асуджаюцца рэпрэсіі супраць палітзьняволеных у Беларусі.



Шушкевіч: «Людзі кажуць — мы шчыра на вашым баку, мы бачым, што ўчыняе зь людзьмі гэты жудасны рэжым, як іх зьбіваюць, калі яны проста маўчаць. І ведаеце, цяпер нічога тлумачыць ня трэба аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Ўсе ведаюць. Рэзалюцыя была прынятая цудоўная. Я узьняў пытаньне аб тым, каб была арганізаваная пэрсанальная дапамога пацярпелым. Пытаньне будзе вырашанае на самым высокім узроўні, мне гэта абяцалі дакладна. Усе прапановы ад беларускіх удзельнікаў былі прынятыя. І мне цяпер асабліва прыемна хадзіць па Вільні, бо калі раней я сустракаў тут літоўскіх, польскіх сяброў Беларусі, сяброў зь іншых эўрапейскіх краінаў, то цяпер я асабліва ўзрушаны, калі людзі з Афрыкі, Азіі, тайляндцы вось, да прыкладу, гавораць мне — мы разумеем вас, мы перажывалі самі нешта падобнае, мы на вашым баку. Я цешуся, бо бачу — сьвет разумее, што адбываецца ў Беларусі, разумее цемрашальства беларускай улады».

Удзельнікі зь Беларусі ў часе цырымоніі перадачы прэміі імя Герэмэка для беларускай апазыцыі.

Імпрэзы і сустрэчы форуму праходзілі цягам некалькіх дзён у розных фарматах.

Някляеў: «Такія мерапрыемствы даволі бюракратычныя ў сваёй пабудове, але яны даюць магчымасьць кулюарных перамоваў з тымі людзьмі, зь якімі цяжкавата спаткацца проста на вуліцы. І мы гэтыя перамовы правялі — зь міністрамі замежных справаў Швэцыі і Нідэрляндаў, і яшчэ некалькімі значнымі асобамі, якія вырашаюць сёньня эўрапейскую і сусьветную міжнародную палітыку. Чым яшчэ для мяне адметны гэты высокага ўзроўню форум, так гэта тым, што пытаньне Беларусі тут ня нейкае шараговае, у сярэдзіне сьпісу ці пад ягоны канец, а на самым версе». Пра гэта сьведчаць і тое, што казала Гілары Клінтан гэтымі днямі адносна Беларусі, дадаў Уладзімер Някляеў.

Удзельнікі імпрэзаў Супольнасьці дэмакратыяў у Вільні

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG