Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Грыбаўскайце: Нельга мірыцца з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі

  • Тацяна Поклад

Даля Грыбаўскайце і Гілары Клінтан у Вільні

Даля Грыбаўскайце і Гілары Клінтан у Вільні

Сёньня ў Вільні канчаюцца імпрэзы і сустрэчы краін Супольнасьці дэмакратыяў, якія завяршаюць старшынёўства Літвы ў гэтай арганізацыі. Пытаньні аб сытуацыі ў Беларусі былі ў ліку асноўных на мерапрыемствах Супольнасьці.

У мерапрыемствах бралі ўдзел кіраўнікі і дыпляматы больш як 40 краін, у іх ліку дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан і кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан, якія гаварылі пра неабходнасьць гучна заяўляць пра рэпрэсіі ў Беларусі і пра эканамічныя санкцыі супраць рэжымаў, падобных да беларускага. У той час, як кіраўнікі Літвы адзначалі неабходнасьць ня крыўдзіць несправядлівымі санкцыямі шараговых беларусаў, прадстаўнікі іншых краін падкрэсьлівалі жорсткасьць цяперашняга рэжыму ў РБ і заклікалі да рашучых крокаў супраць аўтарытарызму.

«У сьвеце мы бачым шмат прыкладаў, калі народ ня мірыцца з існуючым у іх краінах рэжымам, жадае зьменаў, – адзначыла прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце. – Усім недэмакратычным рэжымам трэба выстаўляць аднолькавыя патрабаваньні ў сфэры правоў чалавека. Нельга мірыцца з парушэньнем правоў чалавека, – адзначыла яна. – Зь іншага боку, ужываючы санкцыі за тое, што кіраўнік дзяржавы недэмакратычны, мы занадта часта і несправядліва караем шараговых людзей. Наступствы гэтага – рост супраціву вонкавым уплывам і зьмяншэньне магчымасьцяў зьменаў знутры. Упэўненая, што ключ да посьпеху – большая адкрытасьць. Літва сьмела прапаноўвае трымацца гэтага прынцыпу і часьцей ужываць такія сродкі, як палёгкі ў перасячэньні мяжы для людзей, інтэнсіўнае супрацоўніцтва ў навуцы і адукацыі. Цешуся, што Сойм Літвы ухваліў дамову аб спрашчэньні памежнага рэжыму для Беларусі. Таксама мы прапаноўваем ЭЗ і Беларусі пачаць перамовы аб візавай лібэралізацыі і рэадмісіі», – сказала, у прыватнасьці, прэзыдэнт Літвы.

У сваю чаргу дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заўважыла: «Пераход да дэмакратыі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе суправаджаўся шматлікімі выклікамі. У такіх постсавецкіх рэспубліках, як Беларусь, вярнуўся аўтарытарны рэжым і жалезны кулак. Мы будзем дапамагаць дэмакратыям у небясьпецы. Мы павінны гаварыць гучна, калі такія краіны, як Беларусь, брутальна рэпрэсуюць правы іх грамадзянаў".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG