Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абяцаны мільярд запаволіць хваробу, але ня вылечыць


Фінансавы рынак Беларусі прыціх, пераварваючы навіну пра вусныя дамоўленасьці аб выдзяленьні першага траншу стабілізацыйнага крэдыту з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС на падтрымку беларускага рубля. Паколькі сродкі гэтыя на 90% расейскага паходжаньня, напярэдадні такія намеры пацьвердзіў спачатку міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын, а пазьней і прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін. Канчатковае рашэньне будзе агучанае на пачатку чэрвеня. Аднак ці здольны 1 мільярд даляраў спыніць хваробу, якую многія спэцыялісты лічаць ужо невылечнай?

Наколькі ўратавальны абяцаны крэдыт ва ўмовах стратаў, якія вымяраюцца многімі мільярдамі даляраў? Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч пасьля перамоваў са сваім расейскім калегам Уладзімерам Пуціным зрабіў выснову, што гэтых сродкаў будзе дастаткова, каб цягам ужо бліжэйшага часу выйсьці на рэальны курс нацыянальнай валюты на падставе попыту і прапановы. Навуковы дырэктар Беларускага эканамічнага дасьледчага адукацыйнага цэнтру BEROC Міхайла Сальнікаў таксама схільны лічыць, што нават 1 мільярда дастаткова, каб істотна паправіць становішча:

«На дадзены момант вось гэты 1 мільярд прыблізна эквівалентны 20% золатавалютных рэзэрваў. То бок мы гаворым пра імгненнае павелічэньне золатавалютных рэзэрваў на 20%, што досыць істотна. Такім чынам, калі глядзець на курсавую сытуацыю толькі з гледзішча золатавалютных рэзэрваў, то ў прынцыпе гэты мільярд дастаткова істотна паўплывае на курсавую дынаміку і можа, у прынцыпе, супакоіць настроі ў грамадзтве».

Жыцьцё ў крэдыт пераўтвараецца для беларускіх уладаў у практыку. На думку эканаміста Міхала Залескага, неэфэктыўная беларуская эканоміка, адпачатку арыентаваная на паразытаваньне на танных расейскіх энэргарэсурсах, паказала сваю поўную недзеяздольнасьць у рынкавых умовах. Таму ніякія зьнешнія ўліваньні не ўратуюць, калі ня будуць зробленыя глыбокія і кардынальныя рэформы:

«Я ўжо неяк прыводзіў такі прыклад: у цябе ёсьць бервяно і ў мяне ёсьць бервяно. І калі ты яго расьпілуеш упоперак, у цябе будуць дровы, а калі я расьпілую ўздоўж, то ў мяне будуць дошкі. Натуральна, што пры такім раскладзе я зараблю больш. Але калі казаць у маштабах дзяржавы, то мы нават не спрабуем расьпілоўваць гэныя бярвеньні. Звалілі ды аддалі — вось такая ў нас эканоміка. А зь іншага боку, калі яшчэ больш пільна на нашу эканоміку паглядзець, у нас атрымліваецца што: мы купляем пілы, мы купляем боты, мы купляем усё іншае, і вось кошт таго, ува што нам абыходзіцца зваліць тое бервяно. Ён большы, чым цана гэнага бервяна на ўсясьветным рынку. Таму мы ўвесь час у прагары. Вось у нас ужо зноў 3 мільярды даляраў адмоўнае сальда».
Мы купляем пілы, мы купляем боты, мы купляем усё іншае, і вось кошт таго, ува што нам абыходзіцца зваліць тое бервяно.

Тым часам кіраўніцтва Беларусі падлічыла, што з дапамогай расейскага бюджэту і капіталу агулам можна прыцягнуць у эканоміку больш за 6 мільярдаў даляраў. Аналітыкі ўжо паставілі пад сумнеў аб’ектыўнасьць такой арытмэтыкі, паколькі 3 мільярды з фонду ЭўрАзЭС у лепшым выпадку будуць выдзеленыя цягам трох бліжэйшых гадоў, а астатнія грошы — гэта меркаваны прыбытак ад будучай прыватызацыі стратэгічных прадпрыемстваў. Аднак, як кажа аналітык Міхайла Сальнікаў, рацыянальнае зерне ў падобных разьліках усё ж ёсьць:

«Вы гаворыце пра цікавую арытмэтыку: 3 мільярды + 3 мільярды за прыватызацыю, у выніку 6 мільярдаў. З эканамічнага пункту гледжаньня гэта абсалютна правільная арытмэтыка, бо насамрэч мы гаворым пра грошы, якія паступяць на фінансавы рахунак. У нас два рахункі, уключна з гандлёвым балянсам, якія знаходзіцца ў вельмі істотным дэфіцыце — за І квартал ён склаў 27% ВУП, што досыць сур’ёзна. Ва ўмовах дэфіцыту гандлёвага балянсу краіна можа існаваць, калі ёсьць прыток па фінансавым рахунку і рахунку апэрацыяў з капіталам. Зьнешнія даўгі і наўпроставыя замежныя інвэстыцыі, у тым ліку і прыватызацыя, — гэта ўсё павялічвае сальда апэрацый па фінансавым рахунку і рахунку апэрацый з капіталам. Мы зараз гаворым пра тое, што плацёжны балянс, які ёсьць сумай гандлёвага балянсу і фінансавага рахунку, выходзіць у сур’ёзны плюс — у выніку вось гэтых дадатковых 3 мільярдаў + 3 мільярдаў. І такім чынам будзе згладжаная сытуацыя на валютным рынку».

Фінансавы кансультант Сяргей Чалы кажа, што сытуацыя з абслугоўваньнем крэдытных сродкаў, памер якіх імкліва разрастаецца, пакуль не нясе сьмяротнай пагрозы для беларускага бюджэту. Тым больш што расейскія пазыкі маюць палітычны складнік і ўрэшце могуць быць папросту сьпісаныя. Аднак надалей спадзявацца толькі на дапамогу звонку прынамсі неабачліва:
Сапраўдны камэрцыйны доўг у нас — гэта толькі эўрабонды і крэдыт МВФ.

«Ня ведаю, па вялікім рахунку тыя ж амэрыканцы з 1960-х гадоў у доўг жывуць, і ніколі іх не аддаюць. Проста абслугоўваюць, то бок выплачваюць працэнты ды ўсё. Разумееце, зноў жа, тут гаворка ідзе пра тое, што ў нас ільвіная доля дзяржаўных даўгоў — яны ж былі менавіта міждзяржаўнымі. Сапраўдны камэрцыйны доўг у нас — гэта толькі эўрабонды і крэдыт МВФ, а ўсё астатняе — гэта даўгі, якія могуць быць забясьпечаныя якімісьці палітычнымі пагадненьнямі, чымсьці яшчэ. У любым выпадку гэта будзе пытаньне перамоўнае, і далёка ня факт, што так і давядзецца іх аддаваць».

Карэспандэнт: «То бок маюцца на ўвазе перадусім расейскія пазыкі…».

«Так, і Вэнэсуэла яшчэ была ў канцы 2008 году. Па-мойму, дзесьці 500 мільёнаў даляраў, нешта такое».

Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын напярэдадні заявіў, што ліквідацыя множнасьці курсаў беларускай валюты ўваходзіць у лік умоваў аказаньня Расеяй крэдытнай падтрымкі эканоміцы Беларусі. Апроч таго, падставай, каб даць крэдыт на тры гады ў памеры 3 мільярды даляраў, будзе зацьвярджэньне трохгадовай праграмы прыватызацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG