Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея гатова нам даць 6 мільярдаў. А мы гатовыя аддаць 36 мільярдаў, якія мы напазычалі?!»


Расейскі віцэ-прэм’ер Аляксей Кудрын пацьвердзіў, што антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС разглядае пытаньне пра выдзяленьне Беларусі крэдыту ў 3 мільярды даляраў. Таксама ён заявіў, што Беларусь мае дастаткова актываў, каб дапоўніць крэдытную праграму. Маўляў, трэба выйсьці на пэўны аб’ём прыватызацыі. Як ставяцца адмыслоўцы да парадаў расейскага боку?

Кірыл Коктыш
Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш мяркуе, што ў выніку продажу актываў размова ідзе толькі пра тое, каб падтрымаць існуючы лад жыцьця ў Беларусі, а не пра тое, як трансфармаваць беларускую эканоміку. Паводле спадара Коктыша, існуюць сур’ёзныя засьцярогі, што праз тры-чатыры месяцы ў Беларусі можа скласьціся такая ж сытуацыя, але ўжо ня будзе тых актываў, якія можна будзе прадаваць. У такім выпадку ці не атрымліваецца, што Расея падштурхоўвае Беларусь да небясьпечнага варыянту?

«Беларусь вырашае свае праблемы, Расея свае. Калі вы можаце нешта танна купіць і пры гэтым за даволі нізкі кошт, то чаму гэта не зрабіць? Калі ваш сусед вымушаны прадаваць тыя рэчы, якія яму самому вельмі патрэбныя, то гэта ж яго праблемы. Расея проста прадэманстравала, што яна ня будзе вырашаць чужыя праблемы. Яна дазваляе Менску вырашаць праблемы, як Менск сам тое вырашыць. І гэта ўсё. Наступствы — гэта галаўны боль Менску, а не Масквы. Жадае прадаваць — можа прадаваць. Не жадае — можа не прадаваць. Але як ён вырашыць, так яно і будзе. І тыя праблемы і тая адказнасьць перад беларускім грамадзтвам — гэта адказнасьць беларускага ўраду і беларускага прэзыдэнта».

Міхась Залескі
Эканаміст Міхась Залескі мяркуе, што Ўладзімер Пуцін прыехаў у Менск па чарговы прэзыдэнцкі тэрмін. Ён пачынае піяр-кампанію дзеля сваёй выбарчай кампаніі.

«Што тут камэнтаваць? Мы ўжо ходзім з працягнутай рукой. Памагатыя і паплечнікі грамадзяніна Лукашэнкі вішчалі, што няма ніякага крызісу. А зараз яны, бачыш, у антыкрызісны фонд зьвяртаюцца. Дык у нас ёсьць крызіс ці няма, ён быў ці няма? Гэта хлусьня ўжо проста ўсім абрыдла. Ну дадуць нам мільярд. Мы яго, мякка кажучы, праямо. І што далей? Расея гатова нам даць 6 мільярдаў. А мы гатовы аддаць 36 мільярдаў, якія мы напазычалі?! Вось пра што гаворка павінна ісьці».

Паводле спадара Залескага, Расея хоча забраць у Беларусі «Белтрансгаз», «Беларуськалій», два нафтаперапрацоўчыя заводы.

«Пытаньне не пра тое, колькі нам гатовы хто даць. Пытаньне пра тое, колькі мы гатовы вярнуць. Мы не гатовы вярнуць ні капейкі. У нас няма чым вяртаць. Як у тым анэкдоце — хоць сама кладзіся. Дык вось, пачынаем класьціся. Гэта ўяўляе небясьпеку для нацыі, бо яна пераўтвараецца ў нішто. Спачатку страцілі мову, потым веру, потым фабрыкі і заводы. І нарэшце, саміх сябе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG