Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч: пра расейскі крэдыт дамовіліся


Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін, 19 траўня

Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін, 19 траўня

Сёньня ў Менску прайшлі пасяджэньні Савету кіраўнікоў урадаў СНД, Міждзяржаўнага савету ЭўрАзЭС і вышэйшага органу Мытнага саюзу. У Менск прыбылі кіраўнікі ўрадаў большасьці краін Садружнасьці. Многіх зь іх прыняў у сябе Аляксандар Лукашэнка. Ягоная сустрэча з расейскім прэм’ерам Пуціным заплянаваная на позьні вечар 19 траўня.

Галоўным пунктам парадку дня пасяджэньня Савету кіраўнікоў урадаў СНД стаўся праект Дамовы аб зоне вольнага гандлю ў рамках Садружнасьці.

Дамова прадугледжвае зьвядзеньне імпартнага мыта ў рамках СНД да мінімуму і паступовае скасаваньне экспартнага. Праект быў распрацаваны Расеяй два гады таму для таго, каб замяніць аналягічнае пагадненьне 1994 году, якое, на думку Масквы, маральна састарэла. Але фактычна тое пагадненьне так і не ўступіла ў сілу — толькі з-за таго, што яго не ратыфікаваў расейскі парлямэнт. Гандлёвыя войны, якія вяла Расея амаль з усімі краінамі СНД, паказалі, што да згоды ў гэтым пытаньні далёка.

Не ўдалося падпісаць праект новай дамовы аб вольным гандлі і сёньня. Паводле выканаўчага сакратара СНД Сяргея Лебедзева, гэты праект зноў адкладзены на дапрацоўку, бо прэм’еры не змаглі ўзгадніць шэраг пытаньняў.

Плёну ад гэтай дамовы ў любым выпадку мала, мяркуе менскі эканаміст Сяргей Чалы, бо гэты дакумэнт толькі пераводзіць у шэраг сталых цяперашнія выключэньні з зоны вольнага гандлю:

Гэта будзе не дамова пра зону вольнага гандлю, а ўгода, якая фіксуе статус-кво — пра тое, што зоны свабоднага гандлю не атрымалася.

«Фактычна гаворка ідзе пра тое, што гэта будзе не дамова пра зону вольнага гандлю, а ўгода, якая фіксуе статус-кво — пра тое, што зоны свабоднага гандлю не атрымалася».

Паводле спадара Чалага, праблема ў тым, што Расея не пагаджалася і не пагаджаецца на дамовы, якія б паставілі пад сумнеў яе манаполію ў фармаваньні рынку энэрганосьбітаў. Нафту і газ яна цалкам выключае з зоны вольнага гандлю, што руйнуе саму яе ідэю.

Прыезд у Менск прэм’ераў з краін СНД актыўна выкарыстаў Аляксандар Лукашэнка, які сустрэўся зь некаторымі зь іх. У прыватнасьці, ён асабіста выказаў падзяку віцэ-прэм’еру Азэрбайджану Ягубу Эюбаву за тое, што ягоная краіна разам з Вэнэсуэлай «падставіла Беларусі плячо ў цяжкую хвіліну», прадаючы ёй сваю нафту. Надзвычай прыязна Лукашэнка гутарыў з кіраўніком ураду Ўкраіны Міколам Азаравым:

«Беларусь як была, так і застаецца вернай сваім прынцыпам, як была надзейнай саюзьніцай братэрскай Украіны, гэтак і застаецца. У нас вельмі добрыя, цёплыя пачуцьці ў адносінах да вашай дзяржавы і народу».

Аляксандар Лукашэнка папрасіў Міколу Азарава перадаць гэтыя словы прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу. Гэта можна разглядаць як спробу дэзавуіраваць ягонае ранейшае рэзкае выказваньне на адрас афіцыйнага Кіева, які не пусьціў яго на чарнобыльскую канфэрэнцыю з удзелам Барозу. Тады Лукашэнка заявіў пра «вашывасьць» украінскага кіраўніцтва.

А самая важная для Аляксандра Лукашэнкі сустрэча з расейскім прэм’ерам Уладзімерам Пуціным была аднесеная на позьні вечар. Беларускі кіраўнік спадзяецца атрымаць ад Расеі на падтрымку нацыянальнай валюты ў выглядзе розных пазык каля 6 мільярдаў даляраў. Расея ж настойвае, што пазыкі павінны быць абумоўленыя прыватызацыяй аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці Беларусі. З Пуціным у Менск прыбыў і міністар фінансаў Аляксей Кудрын, які заняў адносна просьбаў афіцыйнага Менску жорсткую пазыцыю.

Фактычна Расея можа даць Беларусі тры мільярды з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС цягам трох гадоў. Міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец сёньня заявіў, што Менск узгадніў з Масквою праграму эканамічных рэформаў, што адкрывае перад беларускімі ўладамі магчымасьць атрымаць першы мільярд гэтага крэдыту.

Расейцы гатовыя дапамагчы Беларусі ў выпадку допуску іх да прыватызацыі беларускага «фамільнага срэбра»: «Гродна-Азоту», двух НПЗ, «Беларуськалію», «Белтрансгазу», беларускага ўчастку нафтаправода «Дружба», зазначыў эканаміст Сяргей Чалы:
Чым мацней нам патрэбныя грошы, тым больш умоваў яны могуць выстаўляць.

«Чым мацней нам патрэбныя грошы, тым больш умоваў яны могуць выстаўляць. Зразумела, што гэта не братэрскія адносіны, але мне падаецца, што і нашыя ня мелі ілюзіяў наконт таго, што мы зь імі ў адных зямлянках гнілі. У рэшце рэшт, мы самі сябе ў кут загналі, і яны карыстаюцца такім нашым уразьлівым станам».

Паводле Сяргея Чалага, любое выдзяленьне беларускаму ўраду крэдытаў пойдзе толькі на працяг агоніі нерэфармаванай эканомікі.

Беларускі прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч на выніковай прэсавай канфэрэнцыі прызнаў, што ўсіх праблем расейскі крэдыт ня вырашыць:

«Але я хачу падкрэсьліць яшчэ раз: асноўныя грошы знаходзяцца ва ўнутранай эканоміцы, і ніякія крэдыты ня могуць вырашыць гэтае пытаньне. Таму калі ідзе гаворка аб прыцягненьні пазыковых сродкаў з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, то гэта робіцца для таго, каб назапашаныя праблемы вырашыць досыць хутка, а ў далейшым ужо працаваць па сцэнары, які б забясьпечыў збалянсаваную працу эканомікі».

Паводле Мясьніковіча, урад Беларусі дамовіўся з Расеяй пра тое, што праз сыстэму Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС атрымае 3–3,5 мільярда даляраў цягам трох гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG