Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імкнучыся ўкласьці беларускія рублі хоць у што-небудзь больш надзейнае, беларусы пачалі скупляць спажывецкія тавары. Найперш набываюць соль, гарэлку, запалкі, пральныя парашкі, бытавую тэхніку ды іншае.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Трэба збыць беларускія грошы!»

Усьлед за цукрам і алеем жыхары Гомелю пачалі назапашваць соль, мясныя прадукты. Павысіўся таксама попыт на айчынную бытавую тэхніку.

Да назапашваньня харчоў і прамысловых тавараў падштурхоўваюць цэны, якія пусьціліся ў галёп за ростам курсаў цьвёрдай валюты.

Апавядае жыхарка 17-га мікрараёну спадарыня Тамара:

«Купляла філе курынае, не замарожанае, яшчэ як бы стары кошт — 17 тысяч рублёў. Вось крама насупраць — там яно каштуе ўжо 21 180. Учора там не было наагул нічога на прылаўку, а сёньня яны выклалі. Замарожанае — гэта ж яны ня сьвежае прывезьлі, усё адно — 21 180. Розьніца ёсьць?! Чатыры тысячы — гэта ж грошы».

Маладая маці дадае, што ажыятажны попыт спарадзіў чэргі, якіх раней не назіралася:

«Каб купіць сьвежую курыцу дзіцяці на суп, трэба на Прудкоўскі рынак ісьці. А там — кілямэтровая чарга. Кілямэтровая чарга! Мне трэба было сьвежую кураціну купіць дзіцяці на суп, і я не магу яе свабодна купіць».
Грашовая дапамога на дзіця — каля 300 тысяч рублёў, а пакунак пампэрсаў ужо каштуе 150 тысяч.

Маладая маці жаліцца, што запасы асабліва рабіць няма за што:

«Для таго, каб рабіць запасы, трэба хоць якія вольныя грошы, а іх няма. Дапамога на дзіця ў межах 300 тысяч, а пакунак пампэрсаў каштуе 150. Дык з чаго іх рабіць? Мы прывыклі хадзіць у крамы й купляць на кожны дзень, бо такога не было. А зараз нейкі неверагодны ажыятаж».

У каго з гараджанаў ёсьць пэўныя сумы грошай, той запасаецца харчамі доўгатэрміновага захоўваньня.

Гаворыць спадарыня Алена, якая толькі што затаварылася марожаным мясам:

«Усё купіла — цукру мяшок, соль, алею крыху ўзяла. Даражэе ўсё. Была курыца 8 тысяч, а зараз — 20–22 тысячы. А грошы тыя ж самыя зарабляем — ня больш. Таму трэба паднакупляць».

Поруч з харчамі абачлівыя гамельчукі купляюць і бытавую тэхніку. Попыт на яе заўважна вырас у сетцы крамаў «Аблгандальсаюзу» на вуліцы Магілёўскай, у іншых спэцыялізаваных гандлёвых цэнтрах.

Кабета ў гадах так патлумачыла сваё жаданьне набыць новую бытавую тэхніку:

«Каб грошы ўсунуць хоць куды-кольвечы! Абы кошт быў прыймальны — тэлевізар з плязмавым экранам, лядоўню, мікрахвалёўку. Трэба збыць беларускія грошы!».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Няма пэўнасьці ў заўтрашнім дні

Учора ў берасьцейскай краме «Купецкая» гараджане скупілі практычна ўвесь наяўны тавар.

Дырэктарка адной з найбольшых крамаў абласнога цэнтру пацьвярджае, што попыт на ўсё ажыятажны:

«У цэлым найбольш набываюць макароны, крупы, воцат, соль. У чым прычына? Не магу сказаць. Я сёньня была на базе, там цэны такія ж самыя, што і былі. Я зноў замовіла новы тавар, які быў скуплены. Учора ўсё раскупілі, сёньня ізноў усё будзе прывезена. Прычым па старых коштах. Але што будзе заўтра — я ня ведаю. Прыходзьце заўтра, будзем параўноўваць».

Прадаўцы кажуць, што цяпер зьнятыя абмежаваньні па гандлёвых надбаўках на вараныя каўбасныя вырабы, рыбу, соль, бананы, апэльсіны, сыры да іншыя прадукты. З-за гэтага яны істотна падаражэлі. Але пакупнікі на гэта нібыта не зважаюць.

Скупілі практычна ўсе тавары ў краме.
«Раней людзі, якія прыходзілі ў краму, набывалі на нязначныя сумы. Казалі, што няма грошай, скардзіліся на цяжкае жыцьцё. А за апошнія два дні далі такую вялізную выручку. Скупілі практычна ўсе тавары ў краме».

Супрацоўнікі крамаў сьцьвярджаюць, што кошты на новы тавар не павышаюцца. Гараджане аспрэчваюць гэта. Гаворыць жыхарка Берасьця Аляксандра:

«Кажуць, што цэны на соль вырастуць да 4000 рублёў за кіляграм. Таму, калі ў крамы прывозяць соль, яе скупляюць літаральна мяхамі. Попыт вялізны на воцат. Неўзабаве распачнуцца закаткі розныя, таму яго паўсюль не хапае. Ажыятаж нават на запалкі. Перад мной у краме людзі бралі цэлымі скрынямі запалкі. Ажыятаж нават на туалетную паперу. Бачыла, як у краме жанчына набыла каля 20 рулёнаў. Што ж зробіш, калі цэны падымаюцца ў крамах штодня?».

Жыхарка Берасьця Сьвятлана Ігнатаўна кажа, што няма пэўнасьці ў заўтрашнім дні. Такой сытуацыі, як мяркуе пажылая жанчына, у краіне раней ніколі не было:

«Ня ведаю, людзі проста ў паніцы. Жахліва, калі з паліцаў крамаў зьнікаюць тавары. Дзіўная сытуацыя склалася, на маёй памяці ніколі такога раней не было яшчэ. А што будзе далей — страшна падумаць».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Каб зьбіць ажыятаж, соль фасуюць не ў мяхі, а ў пакеты

Жыхары Гарадзеншчыны таксама актыўна раскупляюць харчы, соль, запалкі, тавары бытавой хіміі, бытавую тэхніку і іншае. Людзі чакаюць значнага падаражэньня.

Апошнімі днямі актыўнасьць пакупнікоў, як кажуць прадаўцы ў крамах, ператварылася ў сапраўдны ажыятаж. Шмат у якія крамы не пасьпяваюць завозіць соль. Яе раскупляюць, бо цэны на яе павінны нібыта вырасьці да 4 тысяч рублёў за адзін кіляграм.

Вось што кажа пра ажыятаж жыхар Астравецкага раёну:

«Усё расхапалі: і соль, і воцат, і не пасьпяваюць завозіць цукар у краму, бо бралі цэлымі мяхамі. Цяпер ужо мяхамі не завозяць, а толькі ў пакетах. Сталі меней браць, бо ў пакетах выходзіць даражэй».

У Слоніме разьбіраюць ня толькі харчы, а і бытавую тэхніку. Вось што кажуць спадары са Слоніма:

Першы спадар: «Соль буйную раскупляюць, хіміі бытавой ужо няма ў крамах, у прыватнасьці — пральных парашкоў. Бачыў, што і гарэлку цягнуць з крамаў. Людзі лічаць, што даляр яшчэ паднімецца і кошты падрастуць».

Другі спадар: «Соль выграбаюць з крамаў мяхамі па 25 кг. А я вось хадзіў курыцу бройлерную купіць, то адзін падскочыў — адразу шэсьць узяў, другія па пяць, па чатыры — раней такога не было. А ў „Юбілейным“ паразграбалі тэхніку бытавую: пральныя машыны, тэлевізары… А зараз раскупляюць, дзе якія ёсьць крупы і таньнейшыя, макарону, ды ўсё, што толькі можна».

А вось у Наваградку людзі, раскупляючы харчы, не саромеюцца крытыкаваць і прэзыдэнта.
Лукашэнка іх дапёк, страцілі ўжо страх.

Спадарыня: «Ажыятаж на будаўнічыя матэрыялы, раскупляюць нават лінолеўм і ўсё астатняе. Але самае цікавае, што раскупляюць соль і запалкі. Людзі ўжо злыя і адкрыта кажуць, што Лукашэнка ім дапёк, не саромеюцца нават пры ўсіх сварыцца на Лукашэнку, страцілі страх. А даляр у нас каштуе 8 тысяч, а эўра — 10 тысяч».

Карэспандэнт: «Ці стараецеся закупляць харчы ў запас, не чакаючы, што яны зноў падаражэюць?»

Спадарыня: «Асабліва не старалася, хіба шмат купіш? Крупы — ну два кіляграмы, ну тры, а так і сапсавацца могуць. Цукру купіла, каб на лета мне хапіла. Для мяне самае непрымальнае — гэта на грэчку цэны. Мы ва ўзросьце, нам трэба кашы, грэчка. Я пэнсіянэрка, муж таксама пэнсіянэр, нам грэчкі не хапае, надта дарагая, з пэнсіі купляць — цяжка».

Сталы спадар заўважае — «На ўсё жыцьцё не набярэш». За цэнамі ня ўгонісься, усё даражэе на вачах:

«Пачынаючы з прадуктаў харчаваньня, запчастак, праязны таксама. Прамтавары народ скупляе, баіцца за грошы. Як звычайна, нулі адкідаюць. Наш беларускі рубель становіцца нічым».

Другі спадар распавядае пра свае ўражаньні:

«Я сам нядаўна толькі размаўляў з чалавекам, ён зь вёскі прыехаў, у іх запалкі каштуюць трыста рублёў, соль — тры тысячы. У Горадні пабеглі купляць па цэнах яшчэ ранейшых. Сам я не закупляю, ну праясі — і ўсё, цэны не ўпадуць… Зайшоў я ва ўнівэрмаг і жахнуўся: там увогуле нічога няма, усё пазьмяталі, што маглі, тэлевізары тыя ж — нават каму ня трэба. Мы ўжо праходзілі гэты працэс. Не напасесься, але цэны будуць расьці. Ня ведаю, што гэта за «ідыёцкі выбрык».

Прэзыдэнт казаў, што мы абмінулі ўсясьветны крызіс. Затое зараз уліплі ў крызіс у асобна ўзятым калгасе.
Некаторыя гарадзенцы лічаць, што крызіс будзе паглыбляцца.

Спадар: «Кажуць, што будзе якісьці апакаліпсіс, канец гэтаму ўсяму ў асобна ўзятай краіне. Таму што наш паважаны прэзыдэнт сказаў, што мы крызіс абмінулі ўсясьветны, ён нас не закрануў, але затое мы цяпер у такі крызіс уліплі ў асобна ўзятым, можна сказаць, калгасе, што той сусьветны крызіс здасца нам маннай нябеснай».

Асабліва цяжка сёньня маладым спэцыялістам.

Спадар: «Маю дзьве дачкі, адна настаўніца, другая ўрач. Адна, яшчэ ня замужам, адбыла два гады ў Карэліцкім раёне, яе спэцыяльнасьць незапатрабаваная, заробак нізкі. Што яна можа зрабіць за чатырыста рублёў на сёньняшні дзень? Жывуць за кошт бацькоў цяпер маладыя, яны нічога ня ў стане зрабіць. А калі ўзяў крэдыт, толькі ў шэсьцьдзесят год зможаш вярнуць! Калі дзеці павырастаюць. А калі жыць? Жыць няма калі ўжо».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG