Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Прыгадваецца стары анэкдот

- А гэта праўда, што Рыгор выйграў машыну ў лятарэю?
- Праўда. Толькі не машыну, а тысячу рублёў. І не ў лятарэю, а ў прэфэранс, і не выйграў, а прайграў ...

У аўторак Аляксандар Лукашэнка, прымаючы са справаздачай прэм'ера Міхаіла Мясьніковіча, агучыў сэнсацыйную інфармацыю: яму пазваніў прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў і паведаміў, што Расея дае Беларусі велізарны крэдыт – каля 6 мільярдаў даляраў, 3 мільярды звычайны крэдыт, і яшчэ прыкладна столькі ж – пад пастаўкі беларускай прадукцыі ў Расею.



Для тых, хто сочыць за беларуска-расейскімі крэдытнымі жарсьцямі, гэта прагучала, як выбух бомбы. На мінулым тыдні расейскі міністар фінансаў Аляксей Кудрын паведаміў, што Беларусь прасіла 3 мільярды як мага хутчэй, а Масква пагадзілася праз антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС даць сёлета толькі адзін мільярд, і яшчэ па мільярдpt – у два наступныя гады.

І тут раптам 6 мільярдаў – як з куста. Як любіць пісаць адзін прапрэзыдэнцкі блогер – мы ізноў перамаглі. Лукашэнка, дарэчы,
Як любіць пісаць адзін прапрэзыдэнцкі блогер – мы ізноў перамаглі.

патлумачыў, што гэтыя грошы дадуць магчымасьць ня толькі пераадолець валютны крызіс, але і істотна павялічыць золатавалютныя рэзэрвы.

Можа так і ёсьць. Урэшце Кудрын у Расеі – ня самы галоўны, можа і сапраўды з Крамля сквапнага міністра паправілі і шчодра адчынілі перад саюзьнікам расейскую казну.

Але пазьней сталі высьвятляцца некаторыя дэталі, якія прымусілі паблякнуць бляск беларускага трыюмфу. Ананімная крыніца з ураду Расеі паведаміла, што грошы сапраўды дадуць, але не па шчодрасьці, а за долю акцый Белтрансгазу, якая яшчэ знаходзіцца ў руках беларускага ўраду.

А потым кропкі над і расставіў усё той жа Кудрын. Паводле яго тры мільярды сапраўды дадуць, але як ён і казаў тыдзень таму – па мільярдзе на працягу трох гадоў. А яшчэ тры мільярды, паводле яго, Беларусь атрымае ад продажу дзяржаўнай уласнасьці, ад прыватызацыі. Прычым атрымае сёлета. Са словаў Кудрына вынікала, што прыватызацыя дзяржаўных актываў на такую суму – гэта ўмова атрыманьня тых самых трох мільярдаў на працягу трох гадоў.

Пра Белтрансгаз расейскі міністар не казаў, паводле яго Беларусь можа
Крыніца атрыманьня гэтых сродкаў – зусім не расейская казна, а менавіта прыватызацыя, продаж дзяржмаёмасьці.

прадаць актывы, якія палічыць патрэбным, каму заўгодна, але крыніца атрыманьня гэтых сродкаў – зусім не расейская казна, а менавіта прыватызацыя, продаж дзяржмаёмасьці.

Тое, чаго дамагаецца ад Беларусі і МВФ, і тое, што Лукашэнка на мінулым тыдні назваў «рэформамі разбурэньня», якія нам падкідае вядома хто праз «пятую калёну».

Магчыма, кропку ў гэтым дыялёгу глухіх ставіць пакуль заўчасна. Тут усё палітыка і ня выключана, што Масква зь нейкіх чыста палітычных меркаваньняў вырашыла прыйсьці на дапамогу саюзьніку.

Але гэта выглядае малаімаверным. Калі нешта і дадуць, то зусім не за так.

А пакуль атрымліваецца паводле анэкдоту: а ці праўда, што расейцы даюць 6 мільярдаў? - Так. Толькі ня 6, а тры, і не адразу, а за тры гады, і яшчэ тры – ад продажу беларускіх прадпрыемстваў. А так ўсё праўда.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG