Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя ў Вільні да візыту Пуціна: “6 мільярдаў — на тыя самыя граблі”

  • Тацяна Поклад

У Вільні прайшла акцыя і пэрформанс перад будынкам амбасады Расеі з нагоды візыту расейскага прэм'ер-міністра Уладзімера Пуціна ў Менск, які мае адбыцца 19 траўня.

Напярэдадні кіраўнік Беларусі заявіў аб дамоўленасьці з Расеяй адносна крэдыту ў памеры 6 мільярдаў даляраў. Пратэстоўцы заклікалі не даваць фінансавую дапамогу ўладам краіны, якія акурат цяпер судзяць палітзьняволеных.

“6 мільярдаў — гуманітарная дапамога катам беларускага народу!”, “Крэдыт працягвае жыцьцё дыктатуры!” — плякаты з такімі надпісамі трымалі удзельнікі акцыі, прадстаўнікі Грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве, кампаніі “Эўрапейская Беларусь” і “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, актывісты “Маладога Фронту”, прадстаўнікі штабоў былых кандыдатаў у прэзыдэнты А. Саньнікава і Ўл. Някляева.

Удзельнікі акцыі перадалі зварот у амбасаду Расеі з заклікам не падтрымліваць дыктатарскі рэжым у Беларусі, а ў дачыненьнях зь Беларусьсю улічваць “найперш інтарэсы народаў абедзьвюх краінаў, а не асобных ягоных прадстаўнікоў, не прызнаных міжнароднай супольнасьцю”.

У часе акцыі адмысловы пэрформанс са старымі граблямі меўся нагадаць расейскаму кіраўніцтву, што даваць новы крэдыт беларускім уладам — тое самае, што наступаць ізноў і ізноў на тыя ж самыя граблі.

Разам са зваротам актывісты перадалі ў амбасаду Расеі граблі як напамін аб тым, што “ня варта наступаць на тыя самыя граблі”.

Арганізатары акцыі паведамілі, што 19 траўня, калі спаўняецца 5 месяцаў ад дня сьнежаньскіх выбараў, перад будынкам амбасады Беларусі ў Вільні будзе акцыя салідарнасьці і фотавыстава аб падзеях 19 сьнежня, а ў часе акцыі будуць падпісаныя паштоўкі са словамі падтрымкі да палітзьняволеных. Паштоўкі будуць адасланыя тым, хто сёньня ў Беларусі за кратамі.







Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG